Сьцяг на даху правісеў усяго з паўгадзіны. Потым прыехалі міліцэйскія машыны, супрацоўнікі МУС залезьлі на дах і зьнялі нацыянальны сьцяг.
Сяргей Каваленка прызнае, што сьцяг павесіў менавіта ён: “Цяпер я іду на сёньняшні судовы працэс зь лёгкім сэрцам. Я ведаю, што мяне хочуць асудзіць, але, які б ні быў вырак суду, я перакананы, што ўжо перамог!”
Паводле Сяргея Каваленкі, ягоныя суседзі неаднойчы выказвалі салідарнасьць і падтрымку, калі даведаліся пра тое, што менавіта ён вывесіў 7-га студзеня бел-чырвона-белы сьцяг на гарадзкой навагодняй ёлцы. Менавіта гэты інцыдэнт будзе сёньня разьбірацца ў судзе.
Сяргей Каваленка патлумачыў таксама, што вывесіў нацыянальны сьцяг на даху свайго дзевяціпавярховага дому, каб яго ўбачылі вучні бліжэйшай школы №38 і студэнты Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Сябар КХП БНФ кажа, што сьцяг – гэта наказ маладым людзям быць патрыётамі і сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.
Віцебскага актывіста судзяць за злоснае хуліганства – так кваліфікавалі ў міліцыі вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на ёлцы. А таксама за супраціў міліцыянтам, якія затрымлівалі яго 7-га студзеня. Калі Сяргея Каваленку прызнаюць вінаватым, яму пагражае да 5 гадоў турмы.