Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адмарозкі» супраць «грэбаных лайдакоў»



Пакуль мы абіралі кандыдата ў кандыдаты на прэзыдэнцкую пасаду, які абяцае інтэграваць Беларусь у Эўразьвяз, сам Эўразьвяз пачаў даваць расколіны. Ягоны лёс, быць яму альбо ня быць, вырашаецца ў Грэцыі - слабым зьвяне, якое пагражае ўсяму ланцугу. Прынамсі такі галоўны лейтматыў камэнтароў многіх сусьветных СМІ. «Гэта экзыстэнцыяльны крызіс», - піша брытанскае выданьне The Guardian - «для эканамічнай і манэтарнай зоны, якая ўключае 16 краінаў і больш за 400 мільёнаў людзей, і ніколі дасюль не сутыкалася з пагрозай настолькі сур'ёзнай... Падзеі апошніх колькіх тыдняў могуць аказацца генэральнай рэпэтыцыяй канчатковага краху». Раней Джордж Сорас у інтэрвію «Financial Times» сказаў, што Эўразьвяз «знаходзіцца на мяжы развалу».


ДЫ ПАЙШЛІ ЯНЫ ЎСЕ НА [ВЫРАЗАНА ЦЭНЗУРАЙ]!



(Greece economic crisis on deviantART. Нароўні з Грэцыяй Партугалія, Італія і Гішпанія знаходзяцца ў групе рызыкі, аб'яднанай зьедлівымі экспэртамі абрэвіятурай PIGS, што ў перакладзе з ангельскай азначае «сьвіньні». Апошнім часам у шэрагі «сьвіньняў» залічаюць таксама Ірляндыю і Вялікабрытанію. Разам зь імі абрэвіятура выглядае як PIIGGS.)

У гэтай сытуацыі сакрамэнтальны лёзунг апазыцыі «Беларусь у Эўропу!», зь якім ідзе на выбары 2011-га году Аляксандр Мілінкевіч, губляе сваю прывабнасьць і рацыянальнасьць. Па ідэі, насьпела неабходнасьць пераацэнкі каштоўнасьцяў. Ад блогераў, якія прадстаўляюць адукаваную (і збольшага апазыцыйна настроеную) клясу, можна было б чакаць спробаў асэнсаваньня паўсталай праблемы. Аднак яны масава ўхіліліся ад ролі інтэлектуальнага авангарду. Не заўважылі пагрозы Эўразьвязу, ці то ўжо ня зьвязваюць лёс Беларусі зь ім?

На падзеі ў Грэцыі рэагавалі ў асноўным як на нешта аддаленае, тое, што ніякім чынам не закранае нас наўпрост. А калі не закранае наўпрост, на думку блогера dobroelekarstvo, наогул ня варта рэагаваць:

«Чалавек, якога хвалюе тое, што адбываецца "дзесьці там" - самы натуральны эскапіст... Той, хто перажывае за грэкаў, пляваць хацеў на тое, што адбываецца побач зь ім - яму неабходна зьбегчы ў абсалютна (падкрэсьліваю - АБСАЛЮТНА) бясплённае хваляваньне за кагосьці там, каму ад гэтага хваляваньня ані цёпла, ані халодна. Перажываць за ўсю плянэту - вялікае глупства... Ня нашая гэта кампэтэнцыя - перажываць за чужых людзей. За сябе і за блізкіх хаця б навучыцца».

Яму пярэчыць блогерка dolka777:

«А вось, напрыклад, акадэмік Вернадзкі лічыў, што ў людзей ёсьць адна агульная наасфэра. А ў "Мальчышы-Кібальчышы" галоўны Буржуін кажа: "Ці няма, Мальчыш, таемнага ходу з вашай краіны ва ўсе іншыя краіны, па якому як у вас гукнуць, так у нас адгукаюцца, як у вас засьпяваюць, так у нас падхопліваюць, што ў вас скажуць, над тым у нас задумаюцца?"

Мысьленьне чалавека мае адну сутнасную прыстаўку - "мы". І само мысленьне - гэта, па вялікаму рахунку, перажываньне за ўсю плянэту. Ці лягчэй чалавеку адмовіцца ад МЫсьленьня і займацца НАШАсьленьем? Напэўна, лягчэй. Для чаго, напрыклад, нам грэцкія міты чытаць? Толькі нашыя беларускія казкі пра лапці, мужыкоў і крывакрыж. Для чаго філязофію вывучаць? Або Плятон і Геракл патрэбныя - таму што гэта было даўна, а сучасныя грэкі з сваімі праблемамі няхай коцяцца да чортавай бабулі, пакуль гэтыя праблемы ня стануць клясыкай і ня ўвойдуць у агульнаадукацыйны курс?»


Калі хваляваньне за «чужых людзей» усё-ткі лічыць заганай, то ў беларускай блогасфэры яна пасьпяхова выкаранена. Добрапрыстойнаму беларускаму блогеру «эскапізм» ня ўласьцівы, акадэмік Вернадзкі яму ня ўказ, яго хвалююць праблемы ў радыюсе 5-10 мэтраў:

«Ды пайшлі яны ўсе на [выразана цэнзурай]. У майго сына панос ужо пяць дзён, [выразана цэнзурай], вось гэта праблема. Дзярмо, [выразана цэнзурай], паўсюль, таму [выразана цэнзурай] я гэтую Грэцыю» - сьведчыць l_u_f_t.

Згодна з эвангельскім прынцыпам «дзе скарб ваш, там і сэрца вашае», блізка да сэрца прыняў падзеі ў Грэцыі recoilby, бо яны ўдарылі па ягонаму кашальку:

«Няма на гэтых [выразана цэнзурай] нашага АМАПу. Адгрузіў бы ім такіх [выразана цэнзурай] , што сядзелі б па хатах, хамячылі фету і не [выразана цэнзурай]. Іх усяго толькі і просяць - будзьце трошкі сьціплей, і мы вам дапаможам. Ім што, сонца напякло, [выразана цэнзурай] яны лезуць на вуліцу?.. З-за падзеяў у Грэцыі эўра рэзка [выразана цэнзурай] і я ўжо страціў 400 у.а. ад пятнічнай канвэрсіі даляр/эўра».

У ГРЭЦЫІ САБАКІ БОЛЬШ САЦЫЯЛЬНА АКТЫЎНЫЯ, ЧЫМ У НАС ЛЮДЗІ


Рэакцыя на падзеі ў Грэцыі выявіла істотнае згасаньне сымпатыяў да «вулічнай дэмакратыі» у беларускага блогера. Калі раней масавыя супрацьурадавыя пратэсты ў сьвеце сустракаліся на ўра, выклікалі зайздрасьць і «рышпэкт», цяпер пануе іншая тэндэнцыя - асуджэньне пратэстоўцаў. Яна выявілася падчас забурэньняў у Кіргізіі, сустрэтых большасьцю вельмі непрыхільна, і пацьвердзілася гэтым разам.

«Як бы гэта ні было дзіўна, у пэўным сэнсе я грэкам нават зайздрошчу. Глупа? Магчыма. Але мне падаецца, што землякі-беларусы мяне разумеюць» - angry_daddy быў ці не адзіным палітычна неангажаваным блогерам, які ўголас пазайздросьціў грэкам.


(Руды сабака на фота - «Гаўрош» грэцкага паўстаньня. Гавораць, ён не прапусьціў ніводнай пратэстнай акцыі ў Афінах за апошнія два гады. Сэрыю здымкаў зь ім выклаў head_of_babulka у суполцы palityka. «Блін, у іх там сабакі больш сацыяльна актыўныя, чым у нас людзі!» - выгукнуў anderswerden)

Па выніках апытанкі, прысьвечанай стаўленьню да пратэстаў у Грэцыі, у якой узялі ўдзел пяцьдзесят блогераў, галасы разьмеркаваліся наступным чынам:

Народ мае права на паўстаньне і адстойваньне сацыяльных заваёваў любымі сродкамі. Маральную адказнасьць за ахвяры нясе ўрад - 16 (32.0%)

Негвалтоўны супраціў я б падтрымаў(-ла), але цяпер, калі загінулі людзі, мне цяжка быць на баку пратэстоўцаў... - 9 (18.0%)

Лепей яны зацягнулі б паясы, ўсе як адзін добрасумленна працавалі і спраўна плацілі падаткі. Страйкамі і пратэстамі справе не дапаможаш - 16 (32.0%)

Гэта ўсё анарха-камуністы каламуцяць ваду. «Чорных палкоўнікаў» на іх няма! - 9 (18.0%)

Трэба адзначыць, што за варыянты «страйкамі і пратэстамі справе не дапаможаш» і «чорных палкоўнікаў на іх няма» галасавалі апазыцыянэры ва ўласным сэнсе слова (нацыянал-кансэрватары і правыя лібэралы; тады як за варыянт «народ мае права на паўстаньне» галасавалі ў асноўным блогеры левых поглядаў). Тыя самыя людзі, якія часам з настальгіяй згадваюць «гарачую вясну - 1996», «Марш свабоды - 1999» ды іншыя слаўныя дзянькі беларускай вулічнай дэмакратыі. Самае дзіўнае, што некаторыя зь іх незадоўга да гэтага прагаласавалі за Плошчу-2011. «А вы верыце ў Плошчу-2011?», - запытаўся ljoksa. «Так» - адказалі яны - «у 2011-ым будуць найвялікшыя шанцы на зьмену ўлады».

Для таго, каб меркаваць, што яно і сапраўды так будзе, патрэбны фантастычны аптымізм. Рэальнасьць, дадзеная нам у адчуваньнях, не дае для яго ніякіх падставаў. Аб гэтым сьведчаць і вынікі апытанкі: 52.9% удзельнікаў абралі варыянт «будзе чарговы пшык», 29.9% - «максымум магчымы паўтор сцэнару 2006-га». Таму галасаваньне за «найвялікшыя шанцы на зьмену ўлады» было ня столкі прагнозам, колькі пажаданьнем. Што пацьвердзіў адзін з тых, хто абраў гэты варыянт - sashatheone:

«Я адказаў ня так, як прагназую, а так, як хачу, каб было. Калі зыходзіць зь бягучай сытуацыі і настрояў, то зьменаў ня будзе ніколі, значыць сытуацыю і настроі трэба зьмяняць, каб шанцы зьявіліся :)».

Чым можна патлумачыць спалучэньне ў некаторых галовах жаданьня зьмены ўлады праз вулічную дэмакратыю ў Беларусі і адначасовай непрыязі да той самай вулічнай дэмакратыі ў Грэцыі? Выглядае на тое, нібыта і хочацца, і колецца...

НЕ ПАШАНЦАВАЛА БЕЛАРУСКАМУ АПАЗЫЦЫЯНЭРУ З НАРОДАМ


Тлумачыцца гэта насамрэч даволі проста - на думку блогераў-апазыцыянэраў, грэкі выходзяць на вуліцы «не за тое, што трэба». Выходзяць жа яны таму, што грэцкі ўрад, на патрабаваньне ЭЗ і МВФ, істотна ўразае «сацыялку». На нэалібэральным слэнгу - пазбаўляе «халявы», балясту, які цягне эканоміку на дно. На мове левых - замахваецца на «сацыяльныя заваёвы» і наступае на правы працоўных. Ну, а з пункту гледжаньня далёкага ад палітыкі абываталя, гэта азначае пагаршэньне жыцьця. Якое, вядома ж, радасьці не выклікае. Таму ён хутчэй зразумее другіх, чым першых.


(«Даеш усеагульную элінізацыю Эўропы!» Пад такім дэвізам выклала малюнак блогерка czy у суполцы kapital_tut)

У дыскусіі пад згаданай вышэй апытанкай пра магчымасьць Плошчы-2011 pink_by выказала такое меркаваньне:

«Падазраю, што ў Беларусі ўсё будзе залежыць ад эканомікі, а зусім не ад палітыкі... Вялікая недапрацоўка, што ў нас ніхто нармальна не рэагуе на сацыялку».

Ізноў згадваліся рабочыя - на іх апошняя надзея, толькі рабочых улада можа спужацца. Вось каб яны выйшлі на Плошчу... Добра, выйдуць яны, а што ім на той Плошчы скажуць тыя, хто сёньня раіць грэкам «зацягнуць паясы і добрасумленна працаваць»? Што сацыяльныя гарантыі і сацыяльная абарона - перажытак і тормаз для эканомікі? Спакусяць зманлівымі лёзунгамі «ніжэй заробкі і пэнсіі, вышэй падаткі!», «даеш рост беспрацоўя!», «далоў бясплатныя мэдыцыну і адукацыю!», ці што?

Баюся, яны не ацэняць. «Не пашанцавала беларускаму апазыцыянэру з народам», - зьедліва заўважыў isto4nik_zarazi.


«АДМАРОЗКІ» ЗАГАВАРЫЛІ МОВАЙ ДЗЯРЖПРАПАГАНДЫ


Эўрапейскія каштоўнасьці зусім не абмяжоўваюцца камплектам, які, паводле спадарыні Ярмошынай, падзяляе сёньняшняя беларуская ўлада: «здаровая нацыя, здаровая сям'я, грамадзтва без наркотыкаў, добрыя дарогі, крамы». Адна з базавых эўрапейскіх каштоўнасьцяў, на якую забылася Лідзія Міхайлаўна, неад'емная частка эўрапейскай палітычнай культуры - абарона сваіх правоў і дасягненьне мэтаў праз страйкі, мітынгі ды іншыя формы сацыяльнага пратэсту. Але, калі ёй можна дараваць падобную забыўчасьць, праца ў чалавека такая - стаяць на варце стабільнасьці, для апазыцыйна і праэўрапейскі настроеных блогераў гэта недаравальна.


(На фота - легендарны Маноліс Глезас. У ноч на 31-га траўня 1941-га году разам з таварышам па падпольлі ён забраўся на Акропаль і сарваў усталяваны на ім нацысцкі сьцяг, які знаходзіўся пад узмоцненай аховай. Гэта быў першы акт супраціўленьня нацысцкім акупантам у Грэцыі і ён узьняў многіх грэкаў на барацьбу. Гітлераўцы завочна прыгаварылі яго да сьмяротнага пакараньня... 4 сакавіка 2010 г. Глезас удзельнічаў у дэманстрацыі пратэсту ў Афінах і пацярпеў ад дзеяньняў паліцэйскіх, якія ўжылі сьлезацечны газ. 87-гадовы Маноліс Глезас атрымаў струмень газу ў твар і быў шпіталізаваны з дыхальнымі праблемамі.)

«У краіне ў іх крызіс, усё ляціць чортведама куды, а гэтыя грэбаныя лайдакі грэкі, замест таго, каб хоць неяк палегчыць сытуацыю ў краіне, страйкуюць як адурэлыя. І хрэн зь ім яшчэ б дзяржслужачыя, дык не, самы што ні на ёсьць рэальны сэктар, страты ад страйку якога наўпрост выліваюцца ў недаатрыманьні грошай бюджэтам...» - піша a-ambra.

Яшчэ раз вярнуся да дыскусіі пра Плошчу-2011, падчас якой «адзіным рэальным сцэнарам» па зьмене ўлады ljoksa назваў знаходжаньне на Плошчы і нявыхад на працу цягам колькіх тыдняў прынамсі двухсот тысячаў рабочых. Што створыць пагрозу эканоміцы і толькі таму будзе мець плён.

Што да «лайдакоў», ingaret, адказваючы на падобны закід у адрас грэкаў блогера y_bd, напісаў:

«Гэтыя "лайдакі" жылі і жывуць лепей за цябе менавіта таму, што не даюць сябе душыць, і ледзь што - адразу на вуліцы выходзяць».

Блогер bihi_puuk недаўмевае, чаго пратэставаць, калі яны і без таго добра жывуць:

«Людзi зьехалi зглузду... Няўжо iм у Эладзе так ужо дрэнна жывецца...»

Дык і «мы жывем някепска, мы жывем няблага», лепшае - вораг добрага, ад дабра дабра не шукаюць, чаго рыпацца. За стабільнасьць!

«Шчыра кажучы, мне, поўнаму барану ад палітыкі, зусім незразумела, чаго яны там буяняць і чаго хочуць. Ведаў я аднаго апівоху, які, прапіўшы ўсё, потым злаваўся, што жэрці няма чаго». - ускладае ўвесь цяжар адказнасьці на народ i_am_beggar.

Уласна, менавіта гэта і не падабаецца тым грэкам, якія выходзяць пратэставаць. Ёсьць такі паліталягічны тэрмін «прыватызацыя прыбыткаў, нацыяналізацыя стратаў» або «сацыялізм для багатых і капіталізм для бедных», які азначае, што цяжар адказнасьці ў крызісныя часы перакладаецца не на тых, хто здымаў вяршкі ў часы росквіту, а на «крайніх». Іначай кажучы, паны пьюць, а ў халопаў галовы баляць. Нешта падобнае і адбываецца цяпер у Грэцыі.

Разьвіваючы ўлюбёную тэму «няўдзячнага быдла», zmagarka прапануе грэцкім пратэстоўцам ахвяраваць сваімі інтарэсамі дзеля інтарэсаў Краіны («Партыя сказала: трэба! Камсамол адказаў: ёсьць!»):

«Быдла - яно ўсюды быдла. Няважна, Грэцыя або іншы які дзяржпапулізм гадуе дзяцей-трутняў. Няўдзячных трутняў, якія жывуць за кошт больш пасьпяховых грамадзянаў і заўжды кіруюцца асабістым інтарэсам, а не інтарэсамі краіны (і гэта ў год катастрафічнага крызісу!). Урваць паболей, зжэрці патлусьцей...»

Ці аднаму мне здаецца, што нашыя апазыцыйна настроеныя блогеры раптоўна загаварылі той мовай, якую ўжывае беларуская дзяржпрапаганда ў дачыненьні да апазыцыянэраў і цяпер іх цяжка адрозьніць? І што яны нібыта прапагандуюць кранальную гармонію паміж народам і ўладай - зусім не эўрапейскую мадэль адносінаў паміж імі? Выглядае як насланьнё...

Наступнымі кандыдатамі ў «грэбаныя лайдакі», «трутні», «буяны» і «апівохі» могуць аказацца брытанцы. Як паведамляе газэта Telegraph, запазычанасьці Вялікабрытаніі да канца 2010-га году могуць быць вышэйшымі, чым даўгі Грэцыі. Экспэрты лічаць, што фінансавае становішча Ангельшчыны выклікае сур'ёзныя асьцярогі.



На відэа можна ўбачыць эпізод забурэньняў у Лёндане ў сакавіку 1990-га году з прычыны пратэсту супраць увядзеньня падушнага падатку, што плянаваў зрабіць урад Маргарэт Тэтчэр. Гэта стала канцом эпохі тэтчэрызму ў Брытаніі.


РАКАВАЯ РОЛЯ САВЕЦКАГА НАРОДУ


Паколькі сёньня 9-га траўня, будзе дарэчным канцоўку прысьвяціць тэме прамінулай вайны. Што я і зраблю, працытаваўшы допіс з суполкі «Падслухана ў Беларусі».

«Палац культуры Трактарнага заводу, канцэрт да 65-годзьдзя Дня Перамогі. Выступае дырэктар МТЗ: "...Савецкі народ адыграў ракавую ролю ў другой сусьветнай вайне".

Сколькі ўсяго ў гэтай выпадковай абмоўцы...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG