Часьцяком рэакцыя на падзеі ў Кіргізстане аддавала лёгкім расісцкім прысмакам. Мікраблогер nick_vershinin цытуе пачутае ўчора на ахопленым страйкам аўтарынку ў Ждановічах: «Што казаць, калі нават кіргізы збунтаваліся». Яму ўторыць паэт-праўдалюб Уладзімер Някляеў : «Нібыта нават кіргізы ачомаліся, ці што?». Блогерка pink_by памятае, што кіргізы ачомаліся і збунтаваліся не ўпершыню, але яе гэта таксама дзівіць: «Я так разумею, што Кіргізстан - самая рэвалюцыйная краіна ў былым СССР... Хто б мог падумаць». У найбольш непаліткарэктнай форме выказаў сваё зьдзіўленае захапленьне panamarou: «Вось табе і... чукчы!». (Зрэшты, стэрэатып гэты даволі «барадаты». Блукаючы па блогасфэры, я натрапіў на запіс, дзе згадваецца, як адзін вучань запароскай школы эпохі разьвітага сацыялізму выдаў на ўроку: «У СССР усе роўныя. Нават кіргізы».)
БЕЛАРУСКАЕ ПІВА З СНАТВОРНЫМ ЭФЭКТАМ
Працытаваныя блогеры зыходзяць з наіўнага ўяўленьня, нібыта для ўзьнікненьня бунту дастаткова прыроднай схільнасьці і гатовасьці народу бунтаваць (што ёсьць азнакай ягонай якасьці). Чаго няма ў беларусаў - праз тое яны дасюль ніяк не «ачомаюцца», і, як высьветлілася, ёсьць у кіргізаў. Таму беларусам павінна быць сорамна - што яны, высокакультурныя белыя людзі, аказаліся горшыя за гэтых...
Нацыянальны характар і тэмпэрамэнт, канечне, ня варта скідаць з рахункаў. Гэтаксама як ляндшафт, клімат і рацыён, асабліва нацыянальныя звычкі ў сфэры ўжываньня псыхаактыўных рэчываў. «Хто ведае, якімі б мы пасьля кумысу сталі?», - пытаецца sonateam. «Ну, "крыніцу" ж п'ем, і нічога. Не грамім гум з цумам», - адказвае mojo_fm. «У "крыніцы" сэдацыйны (суцішальны, заспакойлівы, снатворны - заўв. Будзімір) эфэкт», - тлумачыць розьніцу mend0za2.
Жарты жартамі, аднак адной «пасіянарнасьці», ад недахопу якой у беларусаў сумуюць бунтоўна настроеныя грамадзяне, тут яўна недастаткова. Прыклад кіргізаў яскрава сьведчыць, што пасіянарнасьць – справа дзясятая. Бо яны сапраўды нейкай асаблівай пасіянарнасьцю не вылучаюцца. Паводле Льва Гумілёва, кіргізы - як вельмі стары, то бок лядашчы, нямоглы і закасьцянелы этнас - наогул павінны былі б ціхенька паўзьці на сьметнік гісторыі. Падумаць толькі, «Кіргіз Го» («Валадарства Кіргізаў») згадвалася ў афіцыйных кітайскіх хроніках ажно 2200 гадоў таму! Калі беларусаў яшчэ і ў праекце не было. А яны тут бузяць, як той падлетак падчас гарманальнага выбуху.
Апроч таго, кіргізы, да якіх я зьвярнуўся па камэнтар наконт гэтага стэрэатыпнага «нават», ня сталі рваць на грудзях кашулю, даводзячы сваю выбітную энэргічнасьць, адвагу і здольнасьць да подзьвігаў. Сам тон іхных адказаў на правакацыйна сфармуляванае пытаньне сьведчыў, што народ яны зусім не гарачлівы, наадварот, вельмі памяркоўны:
«Мы самі зь сябе кпім, што мы троху лянівыя :)» (nurnas)
«Мы міралюбныя, але часам, як высьветлілася, непрадказальныя :)» (zigeunerin_kgz)
«Мы спакойны народ... да пары да часу. Нельга злаваць :)» (azzzik)
Мажліва, справа і ў гэтым таксама. Як афарыстычна сфармуляваў блогер noah0: «Той, хто зьдзіўляе цярпеньнем, потым НЕ зьдзіўляе жорсткасьцю». Але ж цярплівых многа, не яны адныя. Ня тое яшчэ церпяць, трываюць і моўчкі праглынаюць крыўды.
КАЛІ ЁСЬЦЬ БЛОГ, НА ПЛОШЧУ ХАДЗІЦЬ НЯ ТРЭБА
Цікавае тлумачэньне таго, чаму паўсталі менавіта кіргізы (а не, напрыклад, казахі, узбэкі, туркмэны) даў блогер shlakoblock з Кіргізстану:
«У людзей няма пачуцьця страху. Ім не прышчапілі такую звычку, што трэба баяцца ўладу. То бок, іх не забівае міліцыя, і нават не правяраюць дакумэнты на вуліцах. Улада над гэтым не папрацавала. Тут дагэтуль як у дзяцінстве ў СССР - міліцыя без дручкоў нават. Рахманая і спакойная. Можна наехаць, калі ў кайф, тыпу: "Шо табе?.. Ідзі на фіг". Я не спрабаваў, але гэта бачна.
Проста не было схемы, у якую можна ўвапхнуць гвалт. Усюды дзяржаўны гвалт суправаджаўся або ўзмацненьнем барацьбы з чым-небудзь (тэрарызм і да т.п.), або ростам дабрабыту. У астатніх месцах або жывуць няблага - казахі, або былі спробы паўставаць - Узбэкістан, і там улада спакойна забіла тысячы людзей. Я ўжо не кажу пра Туркмэнію...
У нас няма ані тэрарызму, ані дабрабыту. Калі адбываецца нейкая грызьня, дык недзе наверсе... банкіры паміжсобку нешта дзеляць... дэпутаты адбіраюць у камэрсантаў маёмасьць і да т.п. Народ жа бедны і яго ніхто не чапае. Раней жылі-былі неяк па завядзёнцы, цярпелі. Калі ж тарыфы задралі ў тры разы, кошты паднялі, а працы больш ня стала, цярпеньне вычарпалася».
Беларуская ўлада забясьпечыла дабрабыт у абмен на адмову грамадзянаў ад палітычнага ўдзелу (пад страхам досыць мяккіх, але ж рэпрэсіяў). Дарэчы, адносным паказчыкам узроўню дабрабыту можна лічыць колькасьць блогераў у краіне. Мяркую, вы згадзіцеся, што блог - такое сабе «бланманжэ». Дэсэртная страва. Калі сыты ўсім - давай і гэтага. Каталёг блогаў у Livejournal па рэгіёне сьведчыць на карысьць маёй тэзы: відавочна, ёсьць непасрэдная залежнасьць паміж узроўнем дабрабыту і колькасьцю блогераў - чым бяднейшая краіна, тым іх меней. Параўнайма сытуацыю ў Кіргізстане (насельніцтва - 5,3 мільёна чалавек) і Беларусі (9,5 мільёна чалавек):
Kyrgyzstan (1727)
Belarus (58945)
Пры розьніцы ў колькасьці насельніцтва ў два разы, у Кіргізстане ажно ў 34 разы меней блогаў.
Калісьці былы старшыня Партыі Аматараў Піва, а цяпер эмігрант у Чэхіі і блогер b0rmann напісаў:
«Менавіта разьвіцьцё інфармацыйнага грамадзтва прывяло да таго, што на плошчу стала хадзіць меней людзей. Плошча была адной зь незалежных інфармацыйных крыніцаў. Сёньня яна камфортна перасунулася ў інтэрнэт».
Плошча была ня толькі «незалежнай крыніцай інфармацыі», але і месцам сацыялізацыі, дзе можна адчуць сябе дзейным грамадзянінам, уключаным у калектыўнае жыцьцё, і, вядома ж, прасторай дэманстрацыі свайго стаўленьня да ўлады. Згаданыя функцыі цяпер таксама няблага забясьпечвае сеціва, нікуды хадзіць ня трэба. Ня маючы такога зручнага цуда-сродку, кіргізам, натуральна, нічога не застаецца, як ісьці на вуліцы.
ТАКОЕ ЛЕПЕЙ НАЗІРАЦЬ ЗДАЛЁК
Памылкова мяркуючы, быццам справа ўсё-ткі ў саміх кіргізах, vamfim прапанаваў простае рашэньне для рэвалюцыянізацыі беларускага грамадзтва:
«Можа, пару дзясяткаў тысячаў перасяліць да нас і даць ім нашае грамадзянства?»
Калі ён пераацэньвае чароўныя прыродныя якасьці кіргізаў, mojo_fm недаацэньвае асыміляцыйныя здольнасьці беларусаў і сэдацыйны эфэкт піва «Крыніца»:
«Ненене. Няхай там у сябе адзін аднаго рэжуць. Такое ўсё-ткі лепей здалёк назіраць».
Менавіта па гэтай лініі і прайшоў водападзел ацэнак падзеяў у Кіргізстане ў беларускай блогасфэры (як, дарэчы, і ў расейскай): адныя з зайздрасьцю ўздыхалі - «вось бы нам так!», адначасова клянучы тых, хто «ідзе мітынгаваць па ходніках і пераходзіць дарогу толькі на зялёнае сьвятло» (aliaksei), іншыя, жахнуўшыся ад непрывабнага відовішча народнага бунту, адцураліся жаданьня хуткай і гвалтоўнай зьмены ўлады, прагаласаваўшы за стабільнасьць. Ужо згадваны b0rmann ёміста выказаў іхнае крэда:
«Чым далей, тым больш пераконваюся ў тым, што якая заўгодна дыктатура (зразумела, за выключэньнем тых, дзе людзей страляюць паводле нацыянальнасьці, рэлігіі, альбо сацыяльнага статусу) лепшая за некантраляваны натоўп на вуліцах, а любая рэвалюцыя падобная на праблемы з забітай каналізацыяй - нагору заўсёды выплывае гаўнішча. Права на свабоду ня ёсьць усеагульным».
Права на свабоду - яно толькі для белых, у сэнсе, прагрэсіўных, цывілізаваных, карацей, «прыстойных» людзей. Усім астатнім - каго кіргіская прагрэсіўная грамадзкасьць называе «мыркамі», а беларуская прагрэсіўная грамадзкасьць «быдлам» - прыгатаваныя стойла, збруя і бізун.
ЧОРНАРАБОЧЫЯ РЭВАЛЮЦЫІ
Трэція ж наракалі на тое, што кіргізы, маўляў, падклалі нам «сьвіньню». Блогер pieczanko напісаў паведамленьне - сапраўдны крык душы - пад назвай «Кіргізскі падарунак лукашэнкаўцам»:
«Сёньня на пэроне ў чаканьні электрычкі пачуў ад купкі пэнсіянэраў: "Во што нарабілася ў Кіргізіі, жах!! Не, хай лепей у нас будзе ўсё як ёсьць, хай абы спакойна!" Такая прадказальная рэакцыя простых беларусаў наводзіць на думку, што кіргізы зрабілі лукашэнкаўцам проста шыкоўны падарунак да перадвыбарчай кампаніі. Можна асабліва не сумнявацца ў тым, што ў хуткім часе нас чакаюць чарговыя «шэдэўры» на дзяржаўных тэлеканалах, на стварэньне якіх не спатрэбіцца шмат сілаў. Бяры хроніку найбольш брутальных менскіх акцыяў (хоць бы і бойку на мосьце праз Сьвіслач у часе «Маршу Свабоды» ў кастрычніку 1999-га) ды перамешвай яе з гарачымі яшчэ кадрамі з Бішкеку. А ў якасьці перабіўкі — партрэты адчайных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкае крэсла — Міхалевіча, Саньнікава, Рымашэўскага… Пасьля такой артпадрыхтоўкі застанецца толькі прыдумаць слоган чарговай прэзыдэнцкай кампаніі. "За ціхую і спакойную Беларусь", напрыклад. А што, на настрой шакаванага падзеямі ў Кіргізстане беларуса кладзецца добра. Галоўнае гэты настрой падтрымліваць на працягу ўсёй кампаніі...»
«Мыркі», што зь іх узяць...
Зрэшты, зусім яшчэ нядаўна нашая інтэлігенцыя марыла пра тое, як на вуліцы выйдуць тыя самыя «мыркі» - рабочыя, і зьмятуць сваёй вялікай мазольнай рукой дыктатуру, расчысьціўшы шлях да ўлады для адзінага кандыдата ад апазыцыі. (А пасьля цывілізавана вернуцца да сваёй непасрэднай справы.) Я неаднойчы чуў, як пра гэта гаварылася з амаль эратычным прыдыханьнем: «Вось калі выйдуць рабочыя...» Нядаўна feduta аб гэтым напісаў:
«У красавіку 1991 году менскія заводы спыніліся. Рабочыя выйшлі на плошчу. Міліцыя не адважвалася ня толькі перашкодзіць ім - нават затрымаць завадатараў. Таму што калі б хоць аднаго арыштавалі - іх проста зьмялі б па ўсім горадзе. На плошчы Леніна адначасова знаходзілася да ста тысячаў чалавек. Транспарт пачціва імкнуўся ім не замінаць. Нават пяцьдзясят тысячаў чалавек ніхто ня спыніць. Пагатоў - рабочых. Калі гэтыя людзі выйдуць на плошчу ў 2012 годзе - выбару ня будзе...»
Яны масава выходзяць на вуліцы, угневаныя, калі іх вельмі ўжо моцна дапякуць, давядуць да крайнасьці. Тады выбару, магчыма, насамрэч ня будзе. Ня будзе таксама і цывілізаванага хаджэньня па ходніках. Будзе, хутчэй за ўсё, прыкладна як у Кіргізстане.
Як пісаў Аляксандр Блок у артыкуле «Інтэлігенцыя і рэвалюцыя»: «Што ж вы думалі? Што рэвалюцыя - ідылія? <...> Што народ - паінька?»