Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія вучні будуць вучыцца па мабільніках


Новыя тэхналёгіі могуць даць магчымасьці школам значна зьменшыць выдаткі на друкаваныя матэрыялы, кнігі, а таксама зьменшыць вагу пляцакоў школьнікаў.

Такое рашэньне прыняла адна з навучальных установаў Вялікай Брытаніі – новая лёнданская гарадзкая акадэмія Хакні – там прапанавалі вучням перайсьці на лічбавыя падручнікі і хатнія заданьні ў электронным выглядзе.

Гэта будзе ў новай школе, якая адкрыецца ў верасьні наступнага году. Плянуецца, што тады доступ да матэрыялаў па навучальнай праграме можна будзе атрымаць пры дапамозе СІМ-картаў мабільных тэлефонаў і таксама пры дапамозе хатніх кампутараў.

Найперш, як кажа само кіраўніцтва школы – Лёнданскай гарадзкой акадэміі Хакні – маецца на мэце зьменшыць выдаткі на штогадовую закупку сотняў кніг.

Для мэдыкаў, для бацькоў ідэя прывабная тым, што школьныя пляцакі будуць важыць меней – у многіх краінах Эўразьвязу прынятыя указы, рэкамэндацыі міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя, якія абмяжоўваюць вагу падручнікаў – каб аблягчыць пляцакі школьнікаў, але пакуль школы карыстаюцца папяровымі варыянтамі сшыткаў і кніг, гэта мала дапамагае.

Выкарыстаньне электронных выданьняў прапанаваў дырэктар акадэміі Хакні Марк Эмэрсан (Mark Emmerson), а распрацоўкай лічбавых падручнікаў і сшыткаў займаюцца ва унівэрсытэце Абэрыстуіт (University of Aberystwyth).

Марк Эмэрсан заўважае, што “скачаць кнігу на сотавы тэлефон будзе гэтак жа проста, як і мэлёдыю, сёньня гэта лёгка могуць зрабіць усе падлеткі – кожны дзень мы бачым мноства людзей, якія у транспарце чытаюць электронныя вэрсіі самых розных кніг, так што засталося толькі распаўсюдзіць гэтую тэхналёгію ў школьныя клясы”.

У Вялікай Брытаніі, сапраўды, бальшыня дзяцей маюць мабільныя тэлефоны і доступ да інтэрнэту з дому. Паколькі ў большасьці выпадкаў для выкананьня хатніх працаў трэба будзе толькі паглядзець пару старонак, шмат інфармацыі адразу спампоўваць не спатрэбіцца. І замест таго, каб рабіць копіі альбо насіць з сабой цэлыя падручнікі, вучні будуць проста спампоўваць патрэбныя старонкі.

Заданьні будуць выконвацца пры дапамозе кампутараў, альбо і на саміх мабільных тэлефонах – і перасылацца настаўнікам. Да пачатку наступнага ўроку настаўнік будзе мець выкананыя – альбо ня выкананыя заданьні – у электронным выглядзе. Так што, пытацца на пачатку ўроку: “Хто не зрабіў хатняга заданьня?” – настаўніку ўжо не спатрэбіцца.

Ці азначае гэта, што акадэмія цалкам адмовіцца ад папяровых вэрсіяў падручнікаў?

Брытанская Дэйлі Мэйл, якая паведамляе пра новую сыстэму мабільных урокаў у акадэміі Хакні, піша, што там будуць і папяровыя экзэмпляры падручнікаў і сшыткаў, і, натуральна, у будынку Акадэміі для ўсіх вучняў і настаўнікаў будзе доступ у інтэрнэт, Акадэмія будзе дапамагаць тым, хто ня мае інтэрнэту дома ці тым, у каго няма мабільных тэлефонаў.

Але самае цікавае, што забарона карыстацца мабільнымі ў навучальных установах, якая існуе ў Вялікай Брытаніі, застаецца дзейнай: вучням карыстацца мабільнымі тэлефонамі ў будынку Акадэміі ня будзе дазволена па-ранейшаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG