Чарка-шкварка альбо шкварка-тэлевізар існаваць могуць, але вось спалучэньне чарка-тэлевізар неўзабаве можа зрабіцца немагчымым.
І пагроза гэтаму трохгаловаму цмоку таксама трохгаловая, ці, дакладней, у трох вымярэньнях – фармаце 3D.
Але спачатку крыху новых і крыху забытых фактаў. Як пішуць на сайце stereomir.ru “Аб’ёмісты малюнак цікавы неабмежаванаму колу гледачоў самім фактам аб’ёмістасьці выявы”. Фраза, сказаная ня проста так, як уступ да прапановы паслугаў па пераводу “пляскатых” выяваў у “пукатыя”. Тут жа можна набыць і мех акуляраў для прагляду такіх выяваў. Пры тым, што прапанаваная анагліфічная (праз чырвона-сінія акуляры) тэхналёгія атрыманьня аб’ёмнай выявы вядомая ледзь ня сто гадоў.
І толькі зараз усе як з ланцуга сарваліся і кінуліся эксплюатаваць тэму 3D. А між тым, гэта самае 3D, вядомае як стэрэакіно пасьпяхова паказвалі ад сярэдзіны 70-х гадоў у Менску ў кінатэатры “Мір”. І тэхналёгія тады была амаль як у сёньняшніх IMAX’ах – заснаваная на палярызацыі сьвятла. Памятаю, як гледачы цягнулі рукі да няісных пэрсікаў ды яблыкаў у райскіх кушчах Сочы, пра які быў самы першы савецкі 3D фільм. На працягу болей як дзесяці гадоў я не прапусьціў ніводнага стэрэафільму. Апошні паказаны стэрэафільм быў звычайнай мэлядрамай з элемэнтамі перастроечнага дэтэктыву (“чарнухі”) з Юрыем Саломіным у галоўнай ролі – “Сувэнір для пракурора”. Так што нагледзеўся я стэрэкарцінаў. Таму зараз і застаўся досыць абыякавым да усеагульнага ажыятажу вакол розных “Аватараў”. Бачылі ўжо!
Пра нерухомыя стэрэакарцінкі я ўжо не кажу. Яны зьявіліся ледзь не адначасова з камэрай-абскурай. Для іх прагляду патрабаваліся спэцыяльныя акуляры ці дыяскопы. А вось зьяўленьне кампутараў дазволіла дасягаць таго ж аптычнага падману і без прыкладаных да вачэй лінзаў. Прыклады кампутаровай трансфармацыі старых стэрэафатаграфій у сучасныя аб'ёмныя выявы можна паглядзець тут. Можна нават убачыць Японію канца 19 стагодзьдзя ў колеры ды аб'ёме. Во да чаго тэхніка дайшла!
Было б дзіўна, каб сучасныя тэхналёгіі засталіся ў баку ад натуральнага жаданьня чалавека бачыць сьвет праз два вокі. Таму за зьяўленьнем 3D амаль адразу пачалася прапанова 3D тэлевізіі. Што тут першаснае – прапанова ці попыт – складана сказаць, але трэнд, як зараз модна казаць, відавочны: 3D пайшло ў хаты паспалітых людцоў. Ды такімі тэмпамі, што аналітыкі з DisplaySearch перагледзелі ў бок павелічэньня свае ранейшыя прагнозы адносна продажаў тэлевізараў, здольных паказваць вялікую трохмерную выяву. Зараз экспэрты чакаюць, што ў 2010 годзе ва ўсім сьвеце будзе прададзена ня менш за 2,5 млн. такіх тэлевізараў. А ў 2013-м гэты паказчык павялічыцца да 27 млн. Прычым, у згаданым 2013 годзе сярод тэлевізараў з дыяганальлю экрану ў 40 цаляў прыблізна 27% мадэляў будуць здольныя адлюстроўваць аб'ёмную карцінку. Так што крутым пацанам, што хочуць абзавесьціся вялікай глядзелкай, трэба цікавіцца пра яе 3D магчымасьці. Ёсьць падазрэньне, што сьпяцы з DisplaySearch яшчэ ня раз будуць карэктаваць свае прагнозы. Бо папулярнасьць 3D можа апынуцца больш за чаканую зараз.
Ну а вытворцы ўжо гатовыя. Нават улічылі вопыт мінулых гадоў, калі тэхнічна цёмныя спажыўцы выкарыстоўвалі найноўшыя прылады ў неканвэнцыйных мэтах. Накшталт сушэньня мокрых катоў у мікрахвалёўках. Пра недапушчальнасьць чаго зараз сумленна папярэджваюць у інструкцыях.
Вось і зараз паўднёвакарэйская кампанія Samsung апублікавала рэкамэндацыі па прагляду трохмерных тэлеперадач. Карпарацыя ня раіць глядзець 3D-відэа п'яным і пажылым людзям, а таксама цяжарным жанчынам. Акрамя таго, Samsung папярэджвае, што трохмернае тэлебачаньне можа неспрыяльна адбіцца на здароўе дзяцей і падлеткаў. Пазьбягаць 3D, паводле рэкамэндацый Samsung, варта й тым, хто мае праблемы са сном. У карпарацыі адзначылі, што прагляд трохмернай відэа можа выклікаць дэзарыентацыі ў прасторы, зьніжэньне вастрыні зроку, галаўныя болі, агульную стомленасьць і млоснасьць. Кампанія таксама засьцерагае ад выкарыстаньня 3D-акуляраў у якасьці сонцаахоўных.
Паўднёвакарэйскія сьпяцы лічаць, што маштабнае пранікненьне 3D-перадачаў пачнецца гэтым летам з дэманстрацыі матчаў Чэмпіянату сьвету па футболе ў трохмерным фармаце.
І вось тут мы падышлі да падмурка айчынай ідэалёгіі, філязофскага трыадзінства "шкварка-чарка-тэлевізар."
Улічваючы тое, што 3D-відэа п'яным проціпаказана, футбольным фанатам давядзецца глядзець матчы Чэмпіянату сьвету з кубкам кавы ці бутэлькай кефіру. Цалкам верагодна, што прага да 3D перасіліць "зьмія".
І футбол – гэта толькі пачатак. Будзе ж яшчэ і хакей...