Лінкі ўнівэрсальнага доступу

iPad: айзомбі наступаюць



3 красавіка ў ЗША пачаліся продажы пляншэтнага кампутара Apple iPad. Па ацэнцы аналітыкаў, у першы дзень было прададзена 600-700 тыс. гаджэтаў. Па старой завядзёнцы продажы ўсяго новага, што прапануе Apple, пачынаюцца з чэргаў. Гэтым разам яны былі не такія вялізныя, як пры запуску iPhone ў чэрвені 2007 году, але ўсё адно пераўзыходзілі па памерах сумна вядомыя “бітвы” за дэфіцыт у СССР пэрыяду разьвітога сацыялізму Брэжнева, альбо заняпаду гэтага самага сацыялізму ўжо за Гарбачовым.









У чарзе стаяў нават адзін з заснавальнікаў Apple Стыў Вазьняк (Steve Wozniak), які замовіў пляншэт загадзя і прыйшоў забраць яго.


Стыў Вазьняк

Шмат хто займаў чаргу з ночы, але ўсе рэкорды пабіў амэрыканец Грэг Пакэр, які заняў чаргу ў краму за два дні. Цяжка сказаць, чым займаецца гэты суб’ект бамжаватага выгляду, але ён робіць гэта ня першы раз. Напрыклад, ў 2007 годзе, калі пачыналі прадаваць iPhone, Грэг трымаў свой першы нумар у чарзе 5 дзён. Загадка, дзе ён знаходзіць для гэтага час і грошы.



Шалёны ажыятаж вакол усяго “яблычнага” даў падставу даць ім мянушкі накшталт iZombie, iLoser, iClone, iCrazy і г.д. Што цікава, найбольш у нелюбові да фанатаў Apple спрычыніліся нашчаткі тых самых “байцоў” за дэфіцыт, які “даставалі” іх бацькі за савецкім часам, калі яго не “выкідвалі” ці не “давалі” крамы. Мо нейкая генэтычная памяць працуе, мо яшчэ ў чым прычына? Хай разьбіраюцца псыхолягі з псыхааналітыкамі. Але некаторыя такія айскэптыкі нават патрапілі ў кадры сусьветнавядомых тэлеканалаў. Зараз у нэце гуляе відэасюжэт BBC, які быў пазьней адцэнзураваны з прычыны ня вельмі літаратурных эпітэтаў двух расейскамоўных удзельнікаў усеамэрыканскага сьвята надкусанага яблыка.



Пазьней гэтыя самыя айскэптыкі далі падрабязнае тлумачэньне сваіх паводзінаў. Тлумачэньне атрымалася яшчэ менш літаратурным, пра што я мушу папярэдзіць тых, хто захоча яго паглядзець.

Як бы там ні было, падобны ажыятаж сьведчыць альбо пра ўнікальнасьць прадуктаў кампаніі Apple, альбо пра ўнікальныя маркетынгавыя здольнасьці яго кіраўніцтва. Бо ў тэхналягічным ды функцыянальным пляне iPad не дацягвае да званьня рэвалюцыйнага дэвайса. Але, з другога боку, прадукцыя Apple – гэта ня столькі ўласна дэвайсы, колькі прадметы рэлігійнага культу. Калі вуду можа спараджаць зомбі, то чым горшы Apple?

Паглядзеўшы на ўсе гэныя заморскія “яблычныя” жарсьці, стала нават неяк крыўдна за Сінявокую. Мы ж таксама пальцам ня пханыя. Нешта ж мусіць і ў нас быць гэткае, што прымусіць паспалітых людцоў займаць чэргі ды душыцца ў іх доўгімі гадзінамі. І ня толькі ў амбасады...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG