Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Чарнобыльскія мітынгі асобна й па ўскраінах


Крыж памяці
Нешматлікая грамада апазыцыянэраў згадала пра Чарнобыль.
Першай усклала кветкі да крыжа шасьцігадовая Ялінка Салаўёва
Сёньня ў Магілёве гадавіну чарнобыльскай трагедыі мясцовыя ўлада й апазыцыя адзначалі асобна — ля памятных знакаў на гарадзкіх ускраінах. Улада сваё мерапрыемства правяла ў Любускім лесапарку, на тэрыторыі былой клінікі радыяцыйнай мэдыцыны. Актывісты апазыцыі сабраліся ля крыжа памяці па ахвярах Чарнобылю блізу паўднёва-ўсходніх могілак.

Да крыжа згадаць ахвяраў чарнобыльскай катастрофы прыйшлі дзесяць апазыцыйных актывістаў. Нешматлікая грамада зладзіла непрацяглы мітынг і спрабавала знайсьці апраўданьне сваёй нешматлікасьці.

Кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў прывёў да крыжа сваю шасьцігадовую дачку Ялінку.

«Не хачу думаць пра тое, што на гадавіну Чарнобылю забыліся мае калегі. Мы абвяшчалі, што зьбіраемся сёньня тут. Можа, яны падводзяць вынікі ўчорашняй выбарчай кампаніі. Сумна, канечне, што нас мала, бо Чарнобыль забраў тысячы жыцьцяў і цяпер забірае. Я хачу думаць, што на тое ёсьць аб’ектыўныя прычыны. Асабіста я прыйшоў са сваёй дачкой, каб і яна памятала пра сёньняшні дзень».

Удзельніца мітынгу Ларыса Шукайла тлумачыць нешматлікасьць апазыцыйнага мерапрыемства інакш:

«Адна з прычынаў, што БНФ адмовіўся ў Менску праводзіць масавае мерапрыемства да гадавіны Чарнобылю. А гэта, у сваю чаргу, адбілася на актыўнасьці людзей у рэгіёне».

Пасьля непрацяглых прамоў апазыцыянэры запалілі сьвечкі памяці, павязалі крыж чорнымі, з радыяцыйнымі знакамі, стужкамі, хвіліну памаўчалі, усклалі кветкі і сышлі.

Гэтым разам за апазыцыйным мерапрыемствам не назіралі міліцыянты. Іх наагул не было.

Нязвыкла шмат міліцыянтаў і вайскоўцаў было затое на афіцыйным мітынгу. Міліцыянты атачалі пэрымэтар пляцоўкі, дзе праходзіў мітынг, ды ўскладалі кветкі да памятнага знаку.

Бальшыню ўдзельнікаў, аднак, склалі школьнікі. Сёлета іх не давозілі да месца правядзеньня мітынгу арганізавана. На ўскраіну горада ў Любускі лесапарк яны дабіраліся гарадзкім транспартам. За час правядзеньня мітынгу двум школьнікам зрабілася кепска. Ім аказалі мэдычную дапамогу.

Адкрыў мітынг старшыня Магілёўскага гарсавету Станіслаў Барадаўка. У яго выступе не было, як у папярэднія гады, зьвестак пра колькасьць захворваньняў, выкліканых наступствамі тэхнагеннай катастрофы 1986 году. Акцэнт рабіўся на дзяржаўнай дапамозе пацярпелым раёнам Магілёўшчыны і Беларусі ў цэлым.

Не згадаў кіраўнік гарадзкой вэртыкалі і пра дабрачынную дапамогу замежных арганізацыяў жыхарам і мэдычным установам рэгіёну.

Восем гадоў у Магілёве ўлады адзначаюць гадавіну чарнобыльскай катастрофы ля памятнага знаку ахвярам трагедыі на тэрыторыі былой клінікі радыяцыйнай мэдыцыны. Цяпер тут — псыхіятрычная лякарня. Клініку радыяцыйнай мэдыцыны зачынілі ў 2001 годзе.

У самім Магілёве пра трагедыю, з-за якой пацярпела траціна вобласьці, мала што нагадвае. Ля будынка аблвыканкаму па-над праспэктам Міру разгорнутая чырвонага колеру расейскамоўная расьцяжка пра Чарнобыль. Два дзяржаўныя сьцягі з чорнай стужкай вывешаныя на будынку гарвыканкаму, а таксама на некаторых будынках навучальных устаноў.

Бальшыня ўдзельнікаў афіцыйнага чарнобыльскага мерапрыемства — моладзь
За памятным знакам відаць карпусы псыхіятрычнай лякарні.
Нязвыкла шмат на мітынгу было міліцыянтаў.
Станіслаў Барадаўка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG