Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадавіна Чарнобыля: на шлях праз мэталашукальнік


Чарнобыльскі шлях летась
Чарнобыльскі шлях летась

Актывісты шэрагу палітычных партый і грамадзкіх арганізацыяў ладзяць сёньня ў Менску традыцыйны "Чарнобыльскі шлях". Сёлетняе шэсьце пройдзе як жалобнае паводле формы і зьместу.

Сябры аргкамітэту "Чарнобыльскага шляху" заявілі, што сёлета маюць намер аднавіць традыцыю правядзеньня жалобнай акцыі. Яны заклікалі ўдзельнікаў выкарыстоўваць нацыянальную сымболіку з чорнымі стужкамі і адмовіцца ад самарэклямы сваіх палітычных ці іншых поглядаў.

Пра гэта гаворыць адзін з арганізатараў, лідэр у стварэньні БХД Павел Севярынец:

"Гэта сапраўды будзе жалобны фармат. Я ўжо ведаю, што ня будуць удзельнічаць тыя групы, якія ператваралі "Чарнобыльскі шлях" у Гайд-парк. Да прыкладу, тыя ж анархісты ці некаторыя меншасьці. Спадзяемся, што ўсё пройдзе даволі прыстойна".

Заяўнікі "Чарнобыльскага шляху" прапанавалі правесьці яго па маршруце Акадэмія навук - Кастрычніцкая плошча. Менгарвыканкам дазволіў шэсьце да парку Дружбы народаў. У выніку апазыцыя і ўлады дамовіліся, што шэсьце завершыцца малітвай каля Чарнобыльскай капліцы. Але "Чарнобыльскі шлях" стане першай акцыяй апазыцыі, удзельнікаў якой улады намерваюцца, так бы мовіць, прапусьціць праз мэталашукальнік, кажа адзін з арганізатараў, старшыня "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч:

"Гэта ініцыятыва Менгарвыканкаму, а супрацоўнікі міліцыі заявілі, што затым усе акцыі беларускай апазыцыі будуць ахоўвацца такім чынам. Мы, канечне, разумеем, што прапусканьне людзей праз мэталашукальнік паўплывае на тое, што ўдзельнікаў акцыі будзе менш".

Яшчэ адна асаблівасьць сёлетняга "Чарнобыльскага шляху": сярод удзельнікаў ня будзе лідэраў некаторых палітычных партый, у тым ліку АГП і БНФ. Аднак гэта не замінае ўдзелу іншых сяброў партый, кажа сябра аргкамітэту мастак Аляксей Марачкін:

"Чарнобыльскі шлях, як я лічу, ён павінны адбывацца з тае прычыны, што грамадзтва павінна зьбірацца і абмяркоўваць нашы праблемы: чым мы дыхаем, чым харчуемся і як паўплывала на нас чарнобыльская трагедыя. Мы павінны гаварыць пра нашае фізычнае і духоўнае выжываньне, што цесна зьвязанае паміж сабой. На даль, гэтага няма і таму пра гэта трэба гаварыць".

"Чарнобыльскі шлях" – 2010 распачнецца а 18 гадзіне 26 красавіка на пляцы каля Нацыянальнай Акадэміі навук у Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG