Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Качыньскі хоча закончыць місію брата


Сёньня завяршыўся першы этап датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы, якія адбудуцца 20 чэрвеня. Радыё Свабода пачынае новы цыкль – "Выбары па-польску" пра ўмовы і магчымасьці кандыдатаў, галоўныя тэмы і падзеі кампаніі, ролю Інтэрнэту і традыцыйных СМІ ў дэмакратычным працэсе.


У Польшчы ўжо пачалася выбарчая прэзыдэнцкая кампанія пасьля трагічнай сьмерці прэзыдэнта Леха Качыньскага 10 красавіка ў авіякатастрофе каля Смаленску. Сёньня — апошні дзень падачы на рэгістрацыю выбарчых камітэтаў. Галоўнай падзеяй дня стала заява Яраслава Качыньскага, брата загінула прэзыдэнта, які сказаў, што возьме ўдзел у выбарах як кандыдат ад “Права і справядлівасьці”, партыі, якая ў апазыцыі да ўраду прэм’ер-міністра Дональда Туска.

Ярослаў Качыньскі
"Трагічна абарванае жыцьцё прэзыдэнта Рэчы Паспалітай, сьмерць патрыятычнай эліты Польшчы азначаюць для нас адно: мы павінны закончыць іх місію" — напісаў на сайце “Права і справядлівасьці” Яраслаў Качыньскі. Пасьля сьмерці брата ён наогул пазьбягае публічных выступаў.


Галасаваньне на датэрміновых выбарах адбудзецца 20 чэрвеня. Калі ніводзін з кандыдатаў не атрымае больш за палавіну галасоў у гэты дзень, другі тур выбараў з двума кандыдатамі з найбольшай колькасьцю галасоў адбудзецца два тыдні пазьней, гэта значыць, 4 ліпеня.


Лех Качыньскі і Дональд Туск
У пачатку гэтага году ўсе ў Польшчы былі перакананыя, што прэзыдэнцкія выбары 2010, якія паводле нармальнага раскладу мелі адбыцца ў верасьні або кастрычніку, будуць паўтарэньнем паядынку 2005 году паміж Дональдам Тускам і Лехам Качыньскім. Аднак Туск выклікаў немалую сэнсацыю пад канец студзеня, заявіўшы, што не выставіць сваю кандыдатуру на выбары.

Як падаецца, стратэгі “Грамадзянскай плятформы” разьлічылі, што партыя зможа ўзяць паўнату палітычнай улады у краіне, то бок, выйграць прэзыдэнцкія выбары зь іншым, чым Туск, кандыдатам, ды захаваць у сваіх руках урад пад кіраўніцтвам Туска.



Броніслаў Камароўскі
Кандыдатам ад “Грамадзянскай плятформы” быў вылучаны Браніслаў Камароўскі, маршалак Сэйму, які пасьля трагічнай сьмерці Леха Качынскага, згодна з канстытуцыяй, стаў выконваць абавязкі прэзыдэнта краіны. Камароўскаму не хапае выразнага палітычнага вобліку, які мае Туск, але апытаньні грамадзкай думкі перад катастрофай пад Смаленскам наогул паказвалі, што ён можа перамагчы ў змаганьні за прэзыдэнцтва Леха Качыньскага.

Як паўплывае сьмерць Леха Качыньскага на шансы Камароўскага ў змаганьні з другім Качыньскім — пакуль няясна. Перад авіякатастрофай апытаньні сьведчылі, што палітычны рэйтынг Ярослава значна ніжэйшы за рэйтынг Леха. Але трагічная сьмерць прэзыдэнта, магчыма, магла разбурыць ранейшыя расклады палітычнай сымпатыі сярод выбаршчыкаў. У кожным разе, цяпер прэзыдэнцтва Леха Качынскага станоўча ацэньвае 80 адсоткаў палякаў. Перад ягонай сьмерцю станоўчую ацэнку яму давалі ўсяго 30 працэнтаў суродзічаў. Зьмена ў палітычнай ацэнцы Леха Качыньскага, якая наступіла за апошнія два тыдні — радыкальная. Ня выключана, што нацыянальнае спачуваньне для Леха Качыньскага перакладзецца і на большую палітычную падтрымку Яраславу Качыньскаму.

Акрамя Камароўскага і Качыньскага свае выбарчыя камітэты падалі на рэгістрацыю яшчэ паўтара дзясятка прэтэндэнтаў у прэзыдэнцкія кандыдаты. Найважнейшыя з гэтых кандыдатаў, як падаецца, тры: Вальдэмар Паўляк ад Сялянскай партыі, якая стварае кааліцыйны ўрад з “Грамадзянскай плятформай”; Гжэгаж Наперальскі, старшыня Саюзу левых дэмакратаў; Анджэй Аляхоўскі, які раней належыў да “Грамадзянскай плятформы”, а цяпер выступае як незалежны палітык. Варта яшчэ адзначыць, што кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах хоча стаць і Анджэй Лепэр, сёньня ўжо крыху прызабыты старшыня радыкальнай партыі "Самаабарона".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG