Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскаму электарату такое і ня сьнілася...


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота.
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі ня будзе ініцыяваць новых зьменаў выбарчага заканадаўства да правядзеньня чарговых прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта сёньня заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Яна таксама сказала, што канкрэтная дата правядзеньня выбараў кіраўніка дзяржавы яшчэ не абмяркоўвалася. А апошні дзень, калі іх можна правесьці, — 6-га лютага 2011 году. Але гэта не азначае, што яны ня могуць быць праведзеныя і раней.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі сказала, што няма ніякай неабходнасьці і надалей карэктаваць выбарчае заканадаўства краіны. І да правядзеньня чарговых прэзыдэнцкіх выбараў ніякіх ініцыятываў з боку Цэнтравыбаркаму ні ў якім выпадку ня будзе:

«Усялякае зьмяненьне закону — гэта заўжды неабходнасьць навучаньня пэрсаналу і давядзеньня новых нормаў. Бо ад няведаньня закону адбываюцца і ўсе ягоныя парушэньні. Напрыклад, учора да нас паступіла пэўная колькасьць заяваў ад кандыдатаў у дэпутаты. Высьветлілася, што некаторыя камісіі ня ведалі, што пры падліку галасоў могуць прысутнічаць і кандыдаты ў дэпутаты. А гэтая норма ж увайшла ў Выбарчы кодэкс. І мэтадычкі мы разаслалі. Але ўсё роўна ня ўсе сябры выбарчых камісіяў гэта зразумелі.

Занадта частыя зьмяненьні выбарчага заканадаўства нашмат часьцей вядуць да беззаконьня, чым да паляпшэньня выбарчага працэсу. Пэрсанал трэба вучыць. А ніякага іншага добрага мэханізму навучаньня гэтым тэхналёгіям, акрамя стабільнай практыкі праваўжываньня, не існуе».

Круцельскім назваў гэтае выказваньне спадарыні Ярмошынай спэцыяліст у галіне выбараў, сябра Менскай гарадзкой выбарчай камісіі Сяргей Альфер:

«Людзей не перавучваць трэба. Іх патрэбна навучаць. А навучаньня для шэрагу сяброў выбарчых камісіяў пасьля зьмяненьня выбарчага заканадаўства проста не было. І я магу ацаніць прававыя веды бальшыні тых чальцоў камісіяў, зь якімі я сустракаўся, як амаль нулявыя.

Таму ёсьць зьмены, няма зьменаў, а сяброў выбарчых камісіяў неабходна вучыць, бо яны проста ня ведаюць выбарчага заканадаўства».

Калі першую частку выказваньня Лідзіі Ярмошынай спадар Альфер ацаніў як прававую, то другую частку ён назваў палітычнай:

Яны праводзяць выбары абсалютна брутальна, не зважаючы ні на грамадзкую думку, ні на думку міжнароднай супольнасьці.
«Яны мянялі выбарчае заканадаўства, як я разумею, пад прэзыдэнцкія выбары. І каб на прэзыдэнцкіх выбарах яно адпрацавала гэтаксама, як і на мясцовых. І цяперашнія выбары паказалі — абкатка ідзе для ўладаў цудоўна. Ужо няма ніякіх умоўнасьцяў ні з боку дзяржаўных структураў, ні з боку выбарчых камісіяў. Яны адкінулі гэтыя ўмоўнасьці яшчэ пару-тройку гадоў таму. І праводзяць выбары абсалютна брутальна, не зважаючы ні на грамадзкую думку, ні на думку міжнароднай супольнасьці».

Лідзія Ярмошына ўдакладніла некаторыя лічбы, якія тычацца мясцовых выбараў. У прыватнасьці, яна паведаміла, што ўсяго ў галасаваньні ўзяло ўдзел 79,5% выбарцаў. Гэта на 0,4% працэнта болей, чым на папярэдніх мясцовых выбарах, якія адбыліся ў студзені 2007 году. Толькі 23% кандыдатаў у дэпутаты скарысталі грошы, якая выдае дзяржава на агітацыю.

Я ў сваім пытаньні да старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай згадаў, што 25 красавіка адбыліся прэзыдэнцкія выбары ў Аўстрыі і парлямэнцкія — ва Ўгоршчыне. У Аўстрыі, як паведамляюць, інфармацыйныя агенцтвы, «абсалютная бальшыня выбарцаў іх праігнаравала». Ва Ўгоршчыне колькасьць выбарцаў, якія прагаласавалі, значна меншая, чым у Беларусі. На гэтым тле амаль 80% выбарцаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні на мясцовых беларускіх выбарах, выглядаюць вельмі дзіўна. «Чым такое можна патлумачыць?»

Адказ старшыні ЦВК Беларусі прагучаў так: «Ну што тут сказаць?! Расьці і расьці яшчэ эўрапейскаму электарату...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG