Сяргей Каваленка падыходзіць да Кастрычніцкага райсуду
Узьняўшы сьцяг над галавой, Каваленка прывітаў прысутных — аднапартыйцаў, грамадзкіх актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў, якія прыйшлі на ягоны суд. Потым разьвярнуўся тварам да вуліцы і гукнуў мінакам: “Жыве Беларусь! Мяне будуць судзіць за гэты сьцяг”.
З будынку суду выбег міліцыянт-ахоўнік, загадаў спадару Каваленку згарнуць сьцяг і выклікаў нарад міліцыі. Актывіст схаваць сьцяг не пагадзіўся, і да яго спрэчкі зь міліцыянтамі далучыліся прысутныя актывісты.
Да будынку суду зьехаліся адразу некалькі міліцэйскіх машын. Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што прысутныя сабраліся на несанкцыянаваны мітынг. Усё, што адбывалася, здымалі некалькі апэратараў у цывільным і ў форме.
Тарас Сурган, сябар С. Каваленкі, заявіў, што не дазваляў сябе здымаць невядомым асобам. І зьвярнуўся да міліцыянтаў, якія стаялі побач, каб забаранілі гэта рабіць. Супрацоўнікам міліцыі нічога не заставалася, апроч як заявіць, што “тут усе здымаюць, і мы нікому не забараняем”. Гэтыя словы ўратавалі ад затрыманьня журналістаў з фотаапаратарамі і камэрамі, бо незадоўга да таго па рацыях прагучала каманда: “Усіх, хто нешта здымае, везьці ў пастарунак”.
Да спрэчкі зь міліцыянтамі далучыўся і віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Ён заўважыў, што каля дзесятка хлопцаў у падобных чорных куртках увесь час замінаюць журналістам рабіць здымкі.
Спадар Хамайда паехаў у Кастрычніцкі РАУС, куды завезьлі затрыманага за сёньняшнюю несанкцыянаваную акцыю Сяргея Каваленку. Ён паведаміў, што нехта з хлопцаў вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг і на будынку райаддзелу. Там зараз вырашаюць, як пакараць актывіста, як прыйшоў у суд пад нацыянальным сьцягам.