Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за заявамі Лукашэнкі?


Аляксандар Лукашэнка лічыць для сябе «вельмі сур’ёзным урокам» катастрофу польскага прэзыдэнцкага самалёта. Таксама ён назваў падзеі ў Кіргізстане дзяржаўным, антыканстытуцыйным пераваротам. І выказаў сумнеў у тым, што народ падтрымае на мясцовых выбарах беларускую апазыцыю. Кіраўнік Беларусі плянуе сур’ёзна абмеркаваць пэрспэктывы беларуска-расейскіх дачыненьняў. Такія заявы ён зрабіў журналістам падчас рабочай паездкі па Гомельскай вобласьці.


Паводле Аляксандра Лукашэнкі, рашэньне пра пасадку самалёта прэзыдэнта Польшчы ў Смаленску было «няправільным рашэньнем галоўнага чалавека». Паводле кіраўніка Беларусі, «вельмі сумна, што загінуў прэзыдэнт, гэта сумна для Польшчы і для прымаючага боку». Ён назваў Польшчу вельмі сяброўскай, блізкай краінай. Пры гэтым Лукашэнка нічога не сказаў пра тое, ці будзе абвешчаны ў Беларусі дзень жалобы і ці возьме ён удзел у пахаваньні. Камэнтуючы гэтыя выказваньні, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў:

Анатоль Лябедзька
«Можа, беларуская ўлада такая дасьведчаная, што можа праслухоўваць ня толькі апазыцыю, але і кіраўнікоў іншых дзяржаў?! А што да стасункаў з Польшчай, то тут справы адказваюць самі за сябе. Сёньня ёсьць канфлікт і ён ня вырашаны. І няма мэханізму яго вырашэньня. Наадварот, у апошні час дзеяньні, якія былі, можна назваць недружалюбнымі. Што да паездкі, то я гэта абсалютна выключаю, бо гэта будзе абразай для памяці Качыньскага. Калі казаць пра страты, то для дэмакратычнай Беларусі мы згубілі нефармальнага лідэра каштоўнаснага крыла эўрапейскай палітыкі».
Можа, беларуская ўлада такая дасьведчаная, што можа праслухоўваць ня толькі апазыцыю, але і кіраўнікоў іншых дзяржаў?!


Адносна падзеў у Кіргізстане Лукашэнка заявіў, што там адбыўся «дзяржаўны, антыканстытуцыйны пераварот» і назваў недальнабачнай палітыку ЗША і Расеі што да падзеяў у Кіргізстане. Таксама Аляксандар Лукашэнка мяркуе падчас сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам сур’ёзна абмеркаваць пэрспэктывы беларуска-расейскіх дачыненьняў. Ён абвінаваціў некаторых незалежных журналістаў у жаданьні «зьнішчыць заходні вэктар зьнешняй палітыкі Беларусі».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі назваў «дзіўным» такі закід на адрас журналістаў, другі за апошні час. Ён загадаў, што зусім нядаўна, Лукашэнка называў іх «пятай калёнай» Расеі:

Аляксандар Класкоўскі
«Гэта адлюстроўвае, у прынцыпе, цяперашнія напружаныя стасункі з Крамлём. Там побач яшчэ гучаў папрок на адрас Масквы, што яна вельмі хутка падтрымала вось гэты „антыканстытуцыйны пераварот“ у Кіргізіі. Гэта такі трывожны званочак, вельмі небясьпечны для беларускага кіраўніка, што там таксама фармальна ўсенародна абранага прэзыдэнта Масква, так бы мовіць, хутка здала, бо лічыла яго недамоваздольным, бо ён хацеў сядзець на двух крэслах. Я думаю, што гэта засьцярогі, што няма надзеі на тое, што Масква, як раней, будзе мець справу толькі з афіцыйным лідэрам, а можа пачаць гуляць і на нейкім апазыцыйным полі ў Беларусі. І гэта трывога ўзрастае, відаць, у зьвязку з хуткімі прэзыдэнцкімі выбарамі».

Паводле кіраўніка краіны, апазыцыя мае на мясцовых выбарах «слабыя пэрспэктывы», «людзі за іх галасаваць ня будуць». Ён выказаў незадаволенасьць тым, што апазыцыя называе выбары недэмакратычнымі, а зьмены ў выбарчым кодэксе дэкаратыўнымі. Анатоль Лябедзька лічыць гэта рэакцыяй кіраўніка краіны на выхад АГП зь мясцовай выбарчай кампаніі.

«Я назваў бы яе нэрвовай. Гэта рэакцыя пакрыўджанай асобы. Камэнтар Лукашэнкі толькі падкрэсьліў, што рашэньне пра выхад з гэтай выбарчай кампаніі было палітычна правільным і адзіна магчымым у гэтай сытуацыі. Гэта азначае, што гэта ўсё ж слабае месца. Насамрэч ідзе спрэчка, ці Лукашэнка атрымае права на прызначэньне дэпутатаў усіх узроўняў, ці мы пакрыху будзем мяняць гэтую сытуацыю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG