Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіргізстане за суткі зьмянілася ўлада


Роза Атунбаева
Роза Атунбаева

Лідэрка кіргіскай апазыцыі Роза Атунбаева заявіла, што стала на чале часовага ўраду краіны пасьля таго, як у выніку масавых пратэстаў апошніх дзён ад сваёй пасады быў адхілены прэзыдэнт Курманбэк Бакіеў.


ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ ПАДЗЕЯЎ 7 КРАСАВІКА

Паведамляецца, што прыхільнікі апазыцыі ўзялі пад кантроль галоўны офіс службы бясьпекі краіны, дзяржаўнае тэлебачаньне і шэраг урадавых установаў. Прэзыдэнт Бакіеў, як заяўляюць прадстаўнікі апазыцыі, уцёк з сталіцы Бішкеку на поўдзень краіны ў горад Ош.

Міністэрства аховы здароўя Кіргізстану пацьвердзіла гібель 65 чалавек падчас непарадкаў у Бішкеку. Апазыцыя цьвердзіць, што загінулі каля ста людзей.

Бішкек ахапіла масавае марадэрства. У ліку разрабаваных аб’ектаў – Музэй выяўленчага мастацтва. У сталіцы Кіргізстану паралізавана работа грамадзкага транспарту, зачынены крамы, аптэкі і банкі. Апазыцыйныя лідэры праз мэдыі заклікаюць супрацоўнікаў міліцыі, якія пакінулі сваю службу ў сераду ўдзень, вярнуцца на працу і навесьці парадак.

Раніцаю зьявілася інфармацыя, што з поўдня краіны ў Бішкек накіроўваюцца дзясяткі тысяч узброеных прыхільнікаў прэзыдэнта Бакіева.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Філіп Кроўлі заявіў, што амэрыканская авіябаза ма лётнішчы Манас, якая выкарыстоўваецца для падтрыманьня апэрацыі міжнародных сілаў у Аўганістане, працуе ў нармальным рэжыме.

Сваё першае інтэрвію ў новых умовах Роза Атунбаева дала “Радыё Свабода”.

Бішкек: на другі дзень...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00
Наўпроставы лінк


5 фактаў пра Розу Атунбаеву (паводле Reuters)

* Роза Атунбаева нарадзілася 23 жніўня 1950 ў горадзе Ош на поўдні Кіргізстану.

* Закончыла філязофскі факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту

* Была першым амбасадарам Кіргізстану ў Вялікай Брытаніі

* Адыграла важную ролю ў рэвалюцыі 2005 году, у выніку якой быў адхілены ад улады першы постсавецкі прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў і да ўлады прыйшоў Курманбэк Бакіеў. Роза Атунбаева назвала тыя падзеі “цюльпанавай рэвалюцыяй” супраць карупцыі

* Пасьля гвалтоўных акцыяў пратэсту ў Бішкеку ўзначаліла апазыцыю і заявіла аб зьмене ўлады. Узялася ўзначаліць пераходны ўрад і падрыхтаваць новую канстытуцыю Кіргізстану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG