Што для вас свабода?
Для мяне свабода — гэта магчымасьць рабіць усё, што патрэбна для Беларусі.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Маю свабоду абмяжоўваюць нахабная палянізацыя і русыфікацыя мае Беларусі.
Што для вас шчасьце?
Для мяне шчасьце — гэта працаваць для Беларусі, рабіць людзям дабро.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Найбольш баюся палянізацыі і русыфікацыі роднага краю, бо гэта забойства беларускага народу, гэта крымінальнае злачынства.
Які талент вы хацелі б мець?
Я хацеў бы мець магутны пісьменьніцкі талент, каб даць народу «такой вадзіцы ды з такой крыніцы, што як хто нап’ецца, дык вольным стаецца…»
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Захапляюся Алесем Астроўскім, Радзімам Гарэцкім, Нілам Гілевічам і многімі іншымі.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Найбольш люблю апісваць жыцьцё патрыётаў свайго рэгіёну, невядомых людзей-патрыётаў…
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Ствараючы музэй, выхоўваючы патрыётаў, дзейнічаў бы асьцярожней, згадзіўся б на настойлівую прапанову кіраўніцтва стаць дырэктарам Гудзевіцкай сярэдняй школы, бо дырэктар школы можа зрабіць для роднай Беларусі больш за настаўніка, змагаўся б са сваёй беларускай сьціпласьцю ня лезьці наперад, а заставацца ўсярэдзінцы. Мы, беларусы, сьвядома аддаём кіруючыя пасады рознай навалачы, а пасьля крыўдуем, што нас прыгнятаюць акупанты з усходу і захаду.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Найлепшыя парады я атрымліваў ад экскурсантаў. Прыяжджае экскурсія зь якой-небудзь школы і вітаюцца: «Здравствуйте! Мы приехали посмотреть ваш музей». А калі ад’яжджаюць, то кажуць: «Да пабачэньня! Мы ня думалі, што ў Беларусі ёсьць такі цікавы музэй! Дзякуй вам! Мы прыедзем яшчэ раз!» Вось яны і былі маімі найлепшымі дарадчыкамі, бо за нейкія 2-3 гадзіны яны загаварылі па-беларуску. Значыць, тое, што я раблю, дае плён, яно патрэбна людзям.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Мой дэвіз пра усё жыцьцё адзін — УСЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Хацеў бы жыць у любой палітычнай сыстэме, у якой ўхваляўся б беларускі патрыятызм, дабрыня, праўда.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Патрыёты не выяждаюць у Амэрыку. Яны імкнуцца Беларусь зрабіць Амэрыкай.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Як і кожны чалавек, хачу паглядзець, што будзе, але мне ідзе дзявяты дзясятак. Гэта й добра — дажыць да такога веку. Каб быў старэйшым, то ў маладосьці падтрымліваў бы бальшавікоў, а пазьней змагаўся б імі, вёў бы барацьбу з польскай акупацыяй, з савецкай русыфікацыяй, зь нямецкімі расстрэламі. У любы іншы час мяне зьнішчылі б. Пакуль мая эпоха для мяне была найбольш спрыяльнай.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Калі б я стаў кіраўніком Беларусі, то зрабіў бы тое, чаго патрабаваў 14 траўня 1965 году са сцэны актавай залі Саюзу пісьменьнікаў БССР на сустрэчы ўсіх кіраўнікоў раённых сэкцый беларускай мовы і літаратуры з 46-цю пісьменьнікамі Беларусі і студэнтамі Менску. Ганаруся, што названую сустрэчу арганізаваў я. Тады я патрабаваў, каб 80% школ у Беларусі былі беларускімі, кааб усе вышэйшыя і спэцыяльныя навучальныя ўстановы былі беларускія, кааб беларуская мова была адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі. Іван Шамякін, якому Пятрусь Броўка даручыў весьці сустрэчу, жахнуўся і закрычаў: «Хопіць! Хопіць! Тушыце сьвятло, паказвайце фільм, сустрэча скончылася». Я лічыў, што кадэбісты там мяне і арыштуюць, але якраз у той час Брэжнеў зьмяніў Хрушчова і яны не разабраліся, каго трэба арыштоўваць.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
З Эўразьвязам мы павінны мець добразычлівыя, але насьцярожаныя адносіны, бо Эўропа марыць стварыць магутную Польшчу, якая бараніла б іх ад расейскага мядзьведзя, а таму яна можа ахвяраваць інтарэсамі Беларусі, Украіны і нават Прыбалтыкі ды Чэхіі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
З Расеяй мы павінны захоўваць добрасуседзкія насьцярожаныя адносіны, бо яна стагодзьдзямі імкнецца праглынуць Беларусь і іншыя суседзкія народы. Паводле расейскага меркаваньня нават праваслаўныя чарнаскурыя ў Афрыцы — расейцы. Мы цягнемся да расейцаў, як да братоў, а яны цягнуцца да нас, як драпежнік да ахвяры.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Я супраць любой дыктатуры.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Я дакладна называў дату, калі разваліцца Савецкі Саюз, а цяпер прадказваць цяжка. Але гэта здарыцца тады, калі канчаткова разваліцца расейская імпэрыя, бо ўсе імпэрыі развальваліліся. Здарыцца гэта нечакана, Але ня надта хутка. На жаль, я да гэтага не дажыву.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Беларусы загавораць па-беларуску, калі прэзыдэнтам, прэм’ерам, міністрамі, ваяводамі стануць такія беларусы, як Алесь Астроўскі, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч і інш.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Беларусы абавязкова загавораць па-беларуску… Беларусь будзе жыць вечна, хоць нас зьнішчаюць ужо шэсьць стагодзьдзяў.