Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры апазыцыі: "Выбараў у Беларусі па-ранейшаму няма"


Лідэры 13 партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў — Беларускай партыі "Зялёныя", Беларускай партыі жанчын "Надзея", Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет", Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху "За свабоду", а таксама аргкамітэтаў па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Руху за свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва, партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, Партыі свабоды і прагрэсу, Партыі працоўных — прынялі сумесную заяву.



"Выбараў у Рэспубліцы Беларусь па-ранейшаму няма. І, значыць, няма падставаў для прызнаньня цяперашняй выбарчай кампаніі адпаведнай стандартам свабодных і справядлівых выбараў. Вынікі, якія ўлада абвесьціць пасьля дня выбараў 25 красавіка 2010 году, ня могуць лічыцца адлюстраваньнем волі беларускіх выбарцаў", — гаворыцца ў заяве.

Аўтары дакумэнту падкрэсьліваюць, што дэмакратычныя партыі і грамадзкія арганізацыі ад самага пачатку актыўна ўключыліся ў выбарчы працэс, вылучыўшы больш як тысячу прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Аднак у іх склад увайшлі ня больш за 200 прадстаўнікоў апазыцыі, што складае 0,3% ад агульнай колькасьці сябраў выбарчых камісій.

На этапе падрыхтоўкі да вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты апазыцыйнымі структурамі былі складзены сьпісы з 2,5 тысячы патэнцыйных прэтэндэнтаў. Аднак улады выкарыстоўвалі тактыку запалохваньня дэмакратычных актывістаў, іх камандаў, грамадзянаў, якія паставілі подпісы за вылучэньне апазыцыйных кандыдатаў. Падчас рэгістрацыі была адсеяна яшчэ траціна актывістаў. У выніку ўдзел у выбарах працягваюць менш як 500 чалавек — прыкладна 2% ад агульнай колькасьці зарэгістраваных кандыдатаў.

Такім чынам, робяць выснову прадстаўнікі апазыцыі, "цяперашняя выбарчая кампанія, па сутнасьці, нічым прынцыпова не адрозьніваецца ад папярэдніх, якія міжнародная супольнасьць не прызнала свабоднымі і справядлівымі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG