Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 гадоў бязь Яна Паўла Другога


Каталіцкі сьвет прыгадвае сёньня вялікага пантыфіка Яна Паўла Другога. Прайшло 5 гадоў, як памёр выдатны тэоляг, гуманіст, першы сярод славян папа рымскі.


Яго вобраз дагэтуль жывы ў сэрцах многіх людзей. У любы дзень на плошчы сьвятога Пятра ў Рыме тысячы паломнікаў стаяць у даўжэзнай чарзе, каб на некалькі сэкундаў падысьці да магілы Яна Паўла Другога.

Старыя і маладыя людзі розных нацыянальнасьцяў, веравызнаньняў і прыхільнасьцяў бесьперапынна ідуць да яго. Чаму?

Кардынал Анджэлё Кастамары лічыць, што фігура Найсьвяцейшага айца Яна Паўла Другога стала для чалавецтва ўзорам паўнавартаснага жыцьця, пражытага дзеля агульнага дабра:

"Ян Павал Другі дакладна ўсьведамляў, чаму ён жыў і для каго ён жыў. Верны свайму ідэалу, ён няўхільна вызнаваў абраны лад жыцьця. Гэта чалавек, які цалкам прысьвячаў сябе абранаму ідэалу Ісуса Хрыста. Таму ўспамін пра такую моцную асобу, якой быў Ян Павал Другі, на сёньняшні дзень выклікае ўражаньне, таму што такія людзі сустракаюцца рэдка".

263-ці біскуп Рыму кіраваў Каталіцкім касьцёлам 26 гадоў. Ён наведаў больш за 130 краін, зьдзейсьніўшы 100 падарожжаў па сьвеце. На аўдыенцыі ў папы Караля Вайтылы пабывалі прыкладна 18 мільёнаў хрысьціянаў і прадстаўнікоў іншых цэркваў. А разьвітвацца са Сьвятым Айцом прыбылі ў Ватыкан 5 мільёнаў вернікаў.

Лёзунгам пантыфікату Яна Паўла Другога былі словы: “Ня бойцеся! Адчыніце дзьверы Хрысту!” Усё сваё жыцьцё пантыфік сьмела і настойліва паўтараў гэты дэвіз.

Заклік гучна лунаў у сьвеце, які часта здаваўся усоненым, абыякавым да веры, аднак папа нястомна ішоў сваім шляхам. А там, дзе ён бываў, зьмянялася сьвядомасьць і сьвет мяняўся да лепшага.

Пантыфік польскага паходжання з краіны камуністычнага рэжыму паскорыў распад Савецкага Саюзу і вызваленьне краін Усходняй Эўропы. Ян Павал Другі рэфармаваў каталіцкі касьцёл. Пад яго кіраўніцтвам Ватыкан устанавіў дыпляматычныя сувязі з многімі (больш як сотняй) дзяржавамі, у тым ліку зь Беларусьсю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG