Што для вас свабода?
Гэта — свабода думкі, слова, інфармацыі. Ня толькі таму, што гэта мая прафэсія, а найперш таму, што менавіта гэтая свабода вызначае стан як усяго грамадзтва так і кожнага асобнага чалавека. У таталітарным, аўтарытарным грамадзтве няма свабодных людзей. Дакладней так: унутрана свабодныя людзі ў таталітарным грамадзтве — гэта заўсёды апанэнты рэжыму.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Ціск і абмежаваньні з боку аўтаратарнага рэжыму. Газета «Згода», якую я рэдагаваў, перацярпела ўсе віды ўціску і была зачыненая ўладамі ў 2006-м напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Газета «Новы час», выхад якой нам удалося аднавіць, да сёньняшняга дня ня мае дазволу на падпіску і на распаўсюд праз «Белпошту» і «Белсаюздрук».
Што для вас шчасьце?
Сэнс гэтага адчуваньня самы няўлоўны і зьменлівы, відаць, для кожнага. На дадзены момант адчуваю яго так. Шчасьце — гэта магчымасьць жыць у адпаведнасьці з пачуцьцём уласнай годнасьці, свабодна гаварыць і пісаць. Шчасьце — гэта калі ўсё больш-менш добра ў мяне, у маёй сям’і, у блізкіх і дарагіх мне людзей, калі ўсе здаровыя і ладзіцца справа.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Няшчасцяў у жыцьці блізкіх.
Які талент вы хацелі б мець?
Да вывучэння замежных моў, каб хутка і назаўсёды.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Захапленьне — уласьцівасьць маладосьці. І лепш, калі яно нядоўгае, на зьмену якому прыходзіць удумлівае, нават крытычнае, стаўленьне да людзей. Не дарэмна даўно да нас заўважана: «Не ствары сабе куміра». Ёсьць нямала людзей, якіх я паважаю, чые меркаваньні для мяне важныя.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Чытаць. У вольны час, дома ці на лецішчы, што-небудзь майстраваць уласнымі рукамі.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Пашырыў бы уласную адукацыю, зьліквідаваў бы ў ёй шэраг прагалаў, пра якія цяпер ужо ведаю. І найперш дасканала вывучыў бы хаця б адну замежную мову.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Трымай мэту, нават калі мяняеш курс.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Гонар даражэй.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Дэмакратычнай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
На жаль ці на шчасьце: «Времена не выбирают, в них живут и умирают».
А вось пападарожнічаць на машыне часу, мне, як гісторыку, было б вельмі цікава — ад Полацкага княства да 22-га стагодзьдзя — паглядзець, што там наперадзе, як там Беларусь.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Паставіў бы ўсе СМІ у роўныя ўмовы, а гэта значыць, што зьліквідаваў бы дзяржаўныя СМІ як інстытут. Усе СМІ павінны быць недзяржаўнымі, як гэта ёсьць у нармальных дэмакратычных краінах.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Шчыльнага партнэрства і супрацоўніцтва.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседзкія, адносіны супрацоўніцтва як краіны з краінай.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Свая дыктатура ня лепшая за чужую. Незалежнасьць Беларусь атрымала, дзякуючы дэмакратычнай хвалі перамен. Дыктатура — гэта адкат, застой, адсталасьць. Беларусь вернецца да дэмакратыі.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Сыгналы ўжо гучаць. Аднак выглядае на тое, што наш шлях пераменаў будзе шляхам паступовай, хваравітай і пакутлівай унутранай трансфармацыі пад ціскам унутраных і зьнешніх фактараў. Хаця і абвальнага, аднамомантнага варыянту зьмены ўлады выключаць нельга, што ў гісторыі ня раз здаралася. Нават на нашай памяці было.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Гаварылі і гавораць, нягледзячы на стагодзьдзі палітыкі дэбеларусізацыі. Сапраўды, кола людзей, якія пастаянна карыстаюцца мовай, адносна невялікае, але ўсе яе разумеюць. Прынцыповая навіна: ў беларускамоўным асяродку з’явілася дастаткова заўважная колькасьць моладзі, прычым гарадзкой. Галоўнае, што настрой ў грамадзтве ўжо радыкальна зьмяніўся: згодна з апошнімі дасьледваньнямі лябараторыі «Новак» прафэсара Вардамацкага да 70 працэнтаў насельніцтва гатовыя карыстацца беларускай мовай.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Гэта можа здарыцца толькі ў адным выпадку — у выпадку страты Беларусьсю сувэрэнітэту. Але такога здарыцца не павінна.