Назваць дакладную лічбу дэмакратычных вылучэнцаў, якія сталі кандыдатамі ў дэпутаты, дагэтуль немагчыма. Цэнтарвыбаркам фіксуе толькі тых прэтэндэнтаў, якія прадстаўляюць афіцыйна зарэгістраваныя партыі. Але ж ёсьць яшчэ і незарэгістраваныя кшталту БХД, БСДП (Народная грамада), і вылучэнцы ад дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў.
Таму пакуль можна гаварыць толькі наступнае: афіцыйна зарэгістраваныя апазыцыйныя партыі разам вылучалі 290 прэтэндэнтаў. Прайшлі празь сіта камісіяў — 240. Найбольшае прадстаўніцтва маюць партыя левых “Справядлівы сьвет” — 99, АГП — 77, Партыя БНФ — 33.
На папярэдніх мясцовых выбарах — у 2007 годзе — апазыцыйныя партыі змаглі зарэгістраваць толькі 37 чалавек. І тады найлепшы паказьнік быў у АГП — 13 кандыдатаў.
Палітоляг Юры Чавусаў нечаканасьцяў у такой рэгістрацыі ня бачыць:
“Было заўважана ўжо на стадыі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, што працэнт адсеву сёлета будзе мінімальны — бадай што найменшы з 2003 году. Вырашана з фармальнага боку даваць усе магчымасьці апазыцыі карыстацца тымі фармальнымі працэдурамі, якія прадугледжаныя Выбарчым кодэксам.
Але гэта не замінае ў прынцыпе ажыцьцяўляць рэпрэсіўныя дзеяньні, ціск па-за межамі працэдураў, якія ўрэгуляваныя выбарчым заканадаўствам. Гэта і ціск на працы, і па месцы вучобы, перасьлед актывістаў, якія заангажаваныя ў гэтую выбарчую кампанію, кампанія запалохваньня... Гэта ўсё працягваецца. Але з фармальнага пункту гледжаньня магчымасьці для апазыцыі павялічыліся”.
Зарэгістраваных прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі сёлета ў шэсьць разоў болей параўнальна з папярэднімі мясцовымі выбарамі. Намесьнік кіраўніка партыі Леў Марголін з гэтай нагоды адзначае:
“У нас такое ўражаньне, што ўлады адрэагавалі на тое, што зрабіла АГП — спыніла ўдзел у выбарах. Улада зрабіла захады для таго, каб зарэгістраваць фактычна ўсіх кандыдатаў, якія яшчэ засталіся. Вядома, што быць абранымі ад гэтага ў іх шанцы не павялічыліся. Але ўсё ж гэта працяг гульні ў лібэралізацыю”.
Мясцовыя выбары адкрываюць там-сям і новыя фігуры. Так, у Барысаве ў мікрараёне Дымкі вясновая паводка залівае прыватныя падворкі, гаражы й скляпы. Вінаватымі мясцовыя жыхары лічаць будаўнікоў, якія ў пойме Бярэзіны разбурылі і мэліярацыйны, і прыродны дрэнаж. У крыўдзе насельнікі 600 дамоў. Тутэйшая жыхарка Тацяна Каважэнка, пакрыўджаная на бязьдзейнасьць мясцовай улады, вырашыла сама вылучацца кандыдатам у дэпутаты райсавету.
“Я хачу стаць дэпутатам. За мяне аддадзена больш як 500 подпісаў. Сама іх зьбірала і бачыла, як ставяцца людзі да праблемы падтапленьня. Чула, што людзі ўвогуле кажуць пра ўзровень цяперашняга жыцьця. Вельмі шмат людзей маюць патрэбу ў дапамозе дзяржавы. Але ніхто ім нават рукі дапамогі не працягне”.
А тым часам кіраўнікі апазыцыйных партыяў і аб’яднаньняў спрачаюцца – працягваць выбарчую кампанію альбо здымацца? Лідэр партыі левых “Справядлівы сьвет” Сяргей Калякін лічыць: дыскусія зацягваецца таму, што ў праблеме зьняцьця кандыдатаў ёсьць два бакі — палітычны і маральны:
“Тыя людзі, якіх мы паднялі, каб яны пайшлі на выбары, уключыліся ў кампанію. З-за гэтага ў іх было шмат непрыемнасьцяў на працы, на вучобе. Да іх чапляліся супрацоўнікі МУС і КДБ. І калі казаць ім сёньня: хлопцы, мы ўжо нагуляліся, давайце скончым выбары, — яны нас не зразумеюць. Таму маральны бок справы нам абавязкова трэба ўлічваць”.