Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паклон перакладчыкам ААН


Нічога не зраблю супраць сваёй натуры — з усіх відаў літаратурных натугаў мяне найбольш цікавяць пераклады. А пісаць пра пераклады — гэта для мяне адначасова і кайф, і, так бы мовіць, салідарнасьць з таварышамі па пяру.



Калісьці на нашым сайце я згадаў некалькі кніжак сусьветнай літаратуры, якія варта было б перакласьці на беларускую мову. Такія пераклады, зразумела, патрабуюць перакладчыкаў-мастакоў, то бок, пісьменьнікаў, якія пішуць чужыя творы на сваёй мове. Мне таксама цікава было пісаць пра робата-перакладчыка, які называецца Google Translate. А сёньня мне засьвярбела рука напісаць пра перакладчыкаў, якія ў сваім перакладчыцкім умельстве знаходзяцца недзе на паўдарозе паміж мастакамі і робатамі.

З баўгарскай


Гадоў восем-дзевяць таму я быў на канфэрэнцыі ў Сафіі, на якой палітолягі, аналітыкі і палітычныя камэнтатары з розных СМІ Сярэдняй Эўропы абмяркоўвалі пытаньні эўрапейскай бясьпекі ці нешта накшталт. Тэмы выступаў на той канфэрэнцыі, уключна з маёй уласнай, ужо сьцерліся з памяці, але мне запамяталася нешта іншае.

Працоўнымі мовамі на той канфэрэнцыі былі ангельская і баўгарская, і арганізатары нанялі пару сынхронных перакладчыкаў, якія перакладалі ўсё, што там гаварылася па-ангельску і па-баўгарску. Перакладчыкі, жанчына і мужчына, зьмянялі адзін аднаго кожныя 15-20 хвілін і працавалі так клясна і гладка, што падчас аднаго зь перапынкаў я ня мог паўстрымацца, каб не падыйсьці да іх і ня выказаць ім сваю павагу.

Запомніўся мне яшчэ забаўны момант, калі перакладчык-мужчына, заблытаўшыся ў перакладзе нейкага абсалютна пустога і стылістычна пакручастага выступу, які адна баўгарка чытала з паперы, сказаў у мікрафон ці то бездапаможна-мімавольна, ці то хуліганска-наўмысна: "Oh, bullshit!" (прыблізна: "ну й гаўно сабачае!"). Усе, якія слухалі таго перакладу, так і пакаціліся ад нястрымнага рогату...

Дзьве розныя розьніцы

У шмат якіх мовах існуюць асобныя акрэсьленьні для перакладчыкаў пісанага і моўленага тэксту (у ангельскай: translator—interpreter; у нямецкай: Übersetzer—Dolmetscher; у францускай: traducteur— interprète; у чэскай: překladatel—tlumočník). У беларускай мове чамусьці такога адрозьненьня няма. (Цікава, што ў вясковай мове майго дзяцінства — падляскай — такое адрозьненьне ёсьць: perekładcyk—perehovôrščyk.) Гэтае адрозьненьне падаецца мне надзвычай істотным, паколькі няма сумневу, што добры сынхронны пераклад — найвышэйшае перакладчыцкае ўмельства, дасягнуць якога могуць толькі нешматлікія. Перакладаць акуратна пісанае і моўленае — гэта два абсалютна розныя заняткі.

Як перакладаюць у ААН

Гэты баўгарскі эпізод сынхроннага перакладу прыгадаўся мне, калі я прачытаў артыкул карэспандэнта нашага радыё пры Арганізацыі аб’яднаных нацый ў Нью-Ёрку Ніколы Крастава. Краставу ўдалося прыўзьняць заслону таямнічасьці над самым прэстыжным умельствам прафэсійнага перакладу — працай перакладчыкаў ААН.

Як і належыць чакаць, у ААН у Нью-Ёрку працуюць найлепшыя з найлепшых, як перакладчыкі-"перапісьнікі", так і перакладчыкі-"перагаворнікі". Найлепшыя з найлепшых, як высьветліў наш карэспандэнт, зарабляюць там па 76 тысяч даляраў на год.

Афіцыйнымі працоўнымі мовамі сакратарыяту ААН зьяўляюцца ангельская і француская. Але ААН мае, акрамя ангельскай і францускай, яшчэ чатыры афіцыйныя мовы, на якія аўтаматычна перакладаецца пераважная большасьць дакумэнтаў арганізацыі і на якіх маюць права выступаюць прадстаўнікі дзяржаваў-сябраў ААН падчас афіцыйных сустрэчаў і пасяджэньняў: кітайскую, арабскую, расейскую і гішпанскую.

Штаб пастаянных перакладчыкаў ААН налічвае каля 460 асобаў. Наогул перакладчыкі ААН перакладаюць з вывучанай мовы на сваю родную. Тое, што патрабуецца ў першую чаргу ад перакладчыка ў ААН, гэта дасканалае РАЗУМЕНЬНЕ чужой мовы. Расейскі перакладчык Ігар Шпінёў, які працуе ў аддзеле падрыхтоўкі перакладчыцкіх кадраў ААН, падкрэсьлівае гэтую рысу вельмі калярытна:

"Мы шукаем людзей з добрай здольнасьцю разуменьня. Часам людзі, якія перакладаюць у нас з францускай або ангельскай на расейскую, не абавязкова гавораць свабодна па-ангельску і па-француску. Часам, парадаксальна, яны могуць перакласьці тэкст пра атамную энэргію, але калі вы папросіце іх купіць малако ў францускім супэрмаркеце, яны разгубяцца".

Магчыма такое ці не — сказаць цяжка. Але экзамэны для перакладчыкаў ААН — найцяжэйшыя з усіх моўных экзамэнаў на сьвеце. Летась з 1800 заяўнікаў на пасаду перакладчыка з кітайскай у ААН здалі гэтыя экзамэны толькі 10 чалавек, а з 800 заяўнікаў на пасаду перакладчыка з арабскай — толькі дзьве асобы. (У выпадку кітайскай і арабскай, для якіх вельмі цяжка знайсьці высокакваліфікаваных спэцыялістаў сынхроннага перакладу, дазваляецца перакладаць у два бакі — як з набытай мовы на родную, так і наадварот.)

Зусім негламурная праца

Ня выключана, што вы глядзелі фільм Сыднэя Полака "Перакладчыца" (The Interpreter) з 2005 году, у якім кіназорка Ніколь Кідман выконвае ролю перакладчыцы ААН зь нейкай цьмянай афрыканскай мовы (аўтары фільму нанялі мовазнаўцу, які прыдумаў адмысловую мову для ролі Кідман, зьмяшаўшы, здаецца, суахілі зь нейкай менш вядомай афрыканскай гаворкай). Кідман у той карціне замотваецца ў трымклівы палітычны і амурна-гламурны сюжэт, але ўсё, зразумела, канчаецца дабротным галівудзкім фіналам. Здаецца, адзінай каштоўнасьцю таго фільму зьяўляецца факт, што колішні генэральны сакратар ААН Кофі Анан дазволіў С.Полаку рабіць здымкі ў аўтэнтычных памяшканьнях ААН, дзе адбываюцца пасяджэньні Рады бясьпекі ды Генэральнай асамблеі ААН, ну і ў аўтэнтычных кабінах перакладчыкаў ААН. Ніхто іншы з кіношнікаў ніколі туды не заглядаў.

Насамрэч, праца перакладчыка ААН даволі нудная, хоць надзвычай напружаная і поўная стрэсу. Там, натуральна, нельга дазволіць сабе камэнтар тыпу "oh, bullshit!", калі вы нечага не зразумелі або вам ня хочацца нечага перакласьці. Вылецець з гэтай працы за непрафэсіянальнасьць вельмі лёгка.

У гісторыі ААН засталіся некаторыя забаўныя ці нават жахлівыя эпізоды працы перакладчыкаў. Усе там помняць выпадак, калі перакладчык Муамара Кадафі абамлеў на 76 хвіліне надзвычай эмацыянальнага і поўнасьцю імправізаванага выступу лівійскага кіраўніка на леташняй Генэральнай асамблеі ААН, ня вытрымаўшы адказнасьці, каб данесьці як мага больш дакладна словы свайго лідэра на гэтым сусьветным форуме. (Кадафі карыстаўся сваім уласным перакладчыкам на тым паседжаньні; выступы сусьветных лідэраў перакладаюць наогул два сынхронныя перакладчыкі ААН, якія зьмяняюць адзін аднаго; да таго, паводле рэглямэнту, галовы дзяржаваў наогул не выступаць у ААН даўжэй, чым 15 хвілін).

Кіраўніком службы перакладчыкаў ААН сёньня зьяўляецца эгіпцянін Хасам Фахр. Фахр прыгадаў карэспандэнту нашага радыё свой прафэсійны "пракол" з 1992 году, калі генэральным сакратаром ААН быў выбраны Бутрас Галі. Перакладаючы нейкае віншаваньне з нагоды гэтага выбару, Фагр назваў Галі "генэральным сакратаром Злучаных Штатаў". Зь перакладчыка пасьмяяліся, але незласьліва, і ягоныя прабачэньні ў залі паседжаньняў ААН прынялі дружалюбнымі воплескамі. Фахр захаваў сваю пасаду.

Аднак галоўная штодзённая нагрузка перакладчыкаў ААН, калі няма сэсіяў Генэральнай асамблеі ААН, — пераклад кучаў розных дакумэнтаў на згаданыя шэсьць афіцыйных моваў ААН. Гэта даволі карпатлівая і нудная праца, а да таго — яна прыносіць перакладчыкам шмат фрустрацыі і зьняверанасьці ў сваю карысьць для гэтага сьвету, паколькі большасьці з іхніх перакладаў ніхто ніколі не прачытае (яны проста патануць у архівах ААН як нікому не патрэбныя).

Пераклад як інтымная гульня

Перакладаючы нейкае віншаваньне з нагоды гэтага выбару, Фагр назваў Галі "генэральным сакратаром Злучаных Штатаў". Зь перакладчыка пасьмяяліся, але незласьліва, і ягоныя прабачэньні ў залі паседжаньняў ААН прынялі дружалюбнымі воплескамі. Фахр захаваў сваю пасаду.
Найбольш цікавае мастацкае адлюстраваньне працы перакладчыка ААН, як мне падаецца, знаходзіцца ў рамане сучаснага гішпанскага пісьменьніка Хавіера Марыяса (Javier Marias) пад загалоўкам "Сэрца такое белае" ("Corazon tan blanco", 1992). Ёсьць там адзін абсалютна геніяльны разьдзел, у якім галоўны герой і апавядальнік раману, перакладчык ААН, перакладае размову паміж неназванымі ў кніжцы прэм’ер-міністрамі Гішпаніі і Вялікабрытаніі ў будынку ААН у Нью-Ёрку. Паколькі брытанскі бок прадстаўляе там жанчына, дык ясная справа, што рэч датычыць Маргарэт Тэтчэр. Хто там выступае за Гішпанюю, я не спрабаваў высьвятляць (дый сутнасьць справы ня ў прозьвішчах таго афіцыёзу).

Размова пачынаецца як цалкам казённы і нецікавы абмен фразамі дзьвюх афіцыйных асобаў, якія мусяць правесьці раней заплянаванае і абсалютна нецікавае ім спатканьне. Перакладчыку прыходзіць у галаву д’ябальская ідэя пагуляць гэтай размовай, і ён, празь зьмяшчэньне акцэнтаў у сваім перакладзе, празь лёгкае перакручваньне сэнсу выказваньняў і праз падмену некаторых словаў і фразаў крок за крокам кіруе размову кіраўнікоў двух урадаў ў больш асабістае рэчышча, у якім яны перастаюць гаварыць тое, што ім, як палітыкам, трэба сказаць, а гавораць тое, што ім, як звычайным людзям, хацелася б сказаць, але ніколі не выпадае. Марыяс дасягае надзвычай уражальнага мастацкага выніку ў гэтым разьдзеле, які па сутнасьці зьяўляецца пахвальным гімнам для перакладчыкаў і, кажучы высакашпарна, для іхняга мастацтва мяняць чалавечыя сэрцы словам.

Але гэта — толькі палова літаратурнай магіі ў выкананьні Марыяса. Згодна з рэглямэнтам перакладчыкаў ААН, пераклад размовы паміж кіраўнікамі ўрадаў і дзяржаваў кантралюецца іншым перакладчыкам — у гэтым раманным выпадку, калегай-перакладчыцай, якая галоўнаму герою падабаецца і зь якою ён хоча пазнаёміцца больш інтымна. Ягоная гульня зь несьвядомымі розыгрышу прэм’ер-міністрамі — гэта ўвадначас і сьвядомая гульня з жанчынай, якая сядзіць побач і зьяўляецца аб’ектам гэтай нечуванай з гледзішча прафэсійнай этыкі правакацыі. Ці яна ўмяшаецца ў ягоны пераклад? Выдасьць ягоны "непрафэсіяналізм" начальнікам ці не? Калі не, у абаіх зьявіцца інтымная таямніца, якая зьвяжа іх мацней, чым дагэтуль зьвязвала іх прафэсійная праца ў адным месцы.

Як закончылася гэтая гісторыя — чытайце ў кніжцы Марыяса. Па-мойму, найдалей праз тры-чатыры гады ён атрымае Нобэлеўскую прэмію за літаратуру. Так што варта было б што-нешта зь ягоных кніжак прачытаць да таго часу...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG