Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Максімюк пра пераклады


Часу чытаць кніжкі ў мяне штораз менш, а яшчэ менш — каб іх перакладаць. Дык вось мне падумалася, што я выпішу тут пяць загалоўкаў кніжак, якія я з ахвотай прачытаў бы па-беларуску, калі б нехта пераклаў. Магчыма, нехта надумаецца перакласьці. Каб нарабіць смаку такім перакладчыкам, я дазволіў сабе перакласьці па кавалачку з гэтых твораў.


Частка І


Томас Пінчан, "Вясёлка гравітацыі", ЗША (Thomas Pynchon, "Gravity's Rainbow", 1973)


Пра гэтую кніжку я дачуўся ў другой палове 1970-х, але рукі да яе дайшлі толькі ў 1991, калі я пабываў у Нью-Ёрку. Акрамя арыгіналу, цяпер у мяне ўжо ёсьць і польскі пераклад. А недзе год назад у кнігарні ў Празе мільгануў мне і чэскі. Кніжка, агульна кажучы, "непад’ёмная" для перакладчыка ня толькі з увагі на вельмі асаблівую мову, насычаную ўсялякім слэнгам і спэцыяльнай лексыкай з розных сфэраў навукі і тэхнікі, але і з увагі на незвычайна складаны сюжэт. У 1991 годзе ў нью-ёркскай кнігарні я круціў у руках і даволі тоўстую кніжку, у якой нехта спрабаваў распавесьці фабулу „Вясёлкі гравітацыі". Па-мойму, нікому гэта па сёньняшні дзень не ўдалося зрабіць на ўцямным узроўні, як, дарэчы, і растлумачыць, пра што кніжка Пінчана наогул.

Чытаць цалкам


Частка ІІ


П.К. Ершыльд, "Дзіцячы востраў", Швэцыя (P C Jersild, "Barnens Ö", 1976)


Вось кніжка, зь якой я пачаў вывучэньне швэдзкай мовы. У мяне ёсьць два ейныя асобнікі — адзін у моўна спрошчаным пераказе для швэдзкіх дзяцей ва ўзросьце 9-12 гадоў (гэтак званае "лёгкае чытаньне" — lättläst), а другі ў арыгінальнай вэрсіі для ўсіх астатніх. Кніжка распавядае гісторыю адзінаццацігадовага хлопца Рэйнэ, які на вакацыях ня хоча ехаць у "швэдзкі Артэк", — загалоўны "дзіцячы востраў", які знаходзіцца непадалёк Стакгольму на прыбярэжных астраўках (шэрах), — а падманвае сваю маці і застаецца на ўсё лета ў сталіцы. Маці, дарэчы, таксама падманвае свайго сына і кудысьці выпарваецца са сваім прыяцелем. Прыгоды Рэйнэ ў гэткім новым, "самастойным" жыцьці — фабулярны стрыжань кніжкі Пэра Крыстыяна Ершыльда.

Чытаць цалкам


Частка ІІІ


Лорэнс Норфалк, "Папскі насарог", Вялікабрытанія (Lawrence Norfolk, "The Pope's Rhinoceros", 1998)


Ангельскі пісьменьнік Лорэнс Норфалк апублікаваў усяго тры раманы, — "Слоўнік Лемпрыера", "Папскі насарог" і "Ў абліччы дзіка", — але тыя, хто гэтыя рэчы прачытаў, сёньня лічаць яго адным з найбольш арыгінальных і цікавых аўтараў гістарычнай літаратуры ў сьвеце (зразумела, я таксама належу да такіх чытачоў, хоць трэцяй кніжкі, прызнаюся бяз розгаў, яшчэ не крануў).

Чытаць цалкам


Частка ІV


Лярш Собю Крыстэнсэн, "Паўбрат", Нарвэгія (Lars Saabye Christensen, "Halvbroren", 2001)


"Паўбрат" Крыстэнсэна — салідны рэалістычны раман (больш за 650 старонак), гісторыя чатырох пакаленьняў адной сям’і ў Осла пасьля ІІ сусьветнай вайны. У сям’і адна асаблівасьць — жанчынам наогул не шанцуе на мужчынаў, і пасьля нейкага амурнага эпізоду яны застаюцца зь дзецьмі на руках, але без мужоў. Пашанцавала наймалодшай у родзе, Вэры, але толькі напалову. Ёй удаецца выйсьці замуж, і ў яе сына, Барнума, ёсьць законны тата. Але перад тым, у апошні дзень вайны, яе нехта гвалціць на паддашшы роднай камяніцы, і такім чынам, пакуль нарадзіўся шлюбны Барнум — ён жа наратар кніжкі — у яе зьявіўся Фрэд, "паўбрат" Барнума.

Чытаць цалкам


Частка V


Яцэк Дукай, "Лёд", Польшча (Jacek Dukaj, "Lód", 2007)


У 1908 годзе нешта ўпала ў Сыбіры каля ракі Падкаменная Тунгуска, нарабіўшы шмат гармідару і наламаўшы шмат дрэваў у тайзе. Што гэта дакладна было — і сёньня навукоўцы ня вельмі каб ведалі. Нешта з космасу, няйначай. У рамане Яцка Дукая гэтае касьмічнае "штось" зьмяняе глябальны клімат — з "нулявога пункту", у якім тэмпэратура раўняецца ці не абсалютнаму нулю, у сьвет пачынаюць ісьці хвалі моцнага марозу. Разам з радыкальнай зьменай клімату зьмяняюцца і некаторыя законы фізыкі. Зьяўляюцца раней невядомыя матэрыялы і мінэралы, выраб і здабываньне якіх дае Сыбіры вялізарныя даходы.

Чытаць цалкам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG