Удзельнікі: падпалкоўнік запасу Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерый Костка і палітычны аналітык Аляксандар Фядута.
Чаму спэцслужбы прычапіліся да журналістаў?
Валер Карбалевіч: «Рэха барацьбы сілавых структураў чуе ўжо грамадзтва. У прыватнасьці, цярпяць журналісты. Ператрусы ў кватэрах Сьвятланы Калінкінай, Марыны Коктыш, Ірыны Халіп, у рэдакцыях „Народнай волі“ і офісу інтэрнэт-выданьня „Хартыя-97“, як лічаць самі ахвяры, сталі пабочным вынікам гэтай барацьбы. Пры чым тут журналісты?»
Валерый Костка: «Асноўная праблема ў тым, што ў Беларусі перастаў дзейнічаць закон як рэгулятар грамадзкіх адносін. Няма кантролю за выкананьнем закону. Таму ціск на пракуратуру як орган, які прызначаны Канстытуцыяй кантраляваць закон. Журналісты цярпяць таму, што імкнуцца ажыцьцяўляць грамадзкі кантроль над уладай».
Аляксандр Фядута: «Сапраўды, журналісты — апошняя інстанцыя, якая імкнецца ажыцьцяўляць грамадзкі кантроль над дзейнасьцю сілавых структураў. І апошнія цяпер спрабуюць дамагчыся, каб інфармацыя пра іх дзейнасьць не распаўсюджвалася. Калі КДБ знойдзе падчас ператрусаў дакумэнты, якія сьведчаць пра незаконную дзейнасьць сілавых структураў, то каналы гэтай інфармацыі будуць перакрытыя. Але нават калі нічога ня знойдуць, то іншыя журналісты тройчы падумаюць, перш чым пісаць на гэтую тэму».
Лёс пракуратуры
Карбалевіч: «У краіне стварылася дзіўная, цікавая сытуацыя, якой раней не было. КДБ арыштоўвае сьледчага па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Байкову, і сам генэральны пракурор ня можа вызваліць яе. Больш за тое, у самую генпракуратуру прышлі супрацоўнікі КДБ і Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, каб праверыць яе працу.
Гэта адзін з вынікаў малазаўважанай грамадзтвам зьмены заканадаўства, паводле якога міністар унутраных спраў, старшыня КДБ, дырэктар дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў маюць права дазволіць праводзіць апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы бяз санкцыі пракуратуры».
Костка:
У сытуацыі, калі парушаюцца канстытуцыйныя асновы нашай дзяржавы, у генэральнага пракурора Васілевіча ёсьць толькі адно выйсьце.
І ў сытуацыі, калі парушаюцца канстытуцыйныя асновы нашай дзяржавы, у генэральнага пракурора Васілевіча ёсьць толькі адно выйсьце. Калі ў яго ёсьць годнасьць, ён павінен паставіць пытаньне рубам перад прэзыдэнтам: ці дзейнічае ў нас Канстытуцыя? Альбо сысьці ў адстаўку. Таму што далейшае знаходжаньне яго на пасадзе будзе азначаць удзел у антызаконных дзеяньнях. Таму што гэта падобна да сталінскіх часоў, калі спэцслужбы былі вышэй за партыю і пракуратуру»
Беларусь — паліцэйская дзяржава?
Карбалевіч: «Функцыя пракуратуры ў любой краіне — стаяць на абароне закону. Канечне, беларуская пракуратура гэтую функцыю ў рэальнасьці не выконвала, тым ня менш нейкія элемэнты гэтага фармальнага боку захоўваліся. А ў спэцслужбаў — іншыя функцыі, вельмі спэцыфічныя. Нават у дэмакратычных краінах ад іх даводзіцца бараніць правы чалавека.
І калі ў краіне спэцслужба, у нашым выпадку КДБ, бярэ верх над пракуратурай, перасьледуе яе супрацоўнікаў, то гэта сапраўды нагадвае 1930-я гады ў СССР, калі спэцслужба (НКВД) апынулася вышэй партыйных органаў, пракуратуры. То бок — ці не здаецца вам, што дасюль Беларусь была паліцэйскаю дзяржавай дэ-факта, а цяпер стала дэ-юрэ?»
Фядута: «Статус пракуратуры быў прыніжаны ў той момант, калі адбылася ракіроўка паміж Міклашэвічам і Васілевічам. Бо гэта тое самае, што памяняць месцамі вядомых памешчыкаў Бобчынскага і Добчынскага. Ад гэтага нічога не зьмянілася. І гэта азначае, што пракуратура ні на што не ўплывае.
Можна казаць пра паліцэйскую дзяржаву. Але ж нічога не памянялася. Калі бязь зьменаў заканадаўства прэзыдэнт прызначэньнем таго ці іншага чыноўніка на тую ці іншую пасаду мяняе ўплыў гэтай пасады, уплыў органа, функцыі якога запісаныя ў Канстытуцыі, то гэта значыць, што ў краіне існуе аўтарытарная дзяржава».
Костка: «У нас кіруе не закон, а людзі. Калі Шэйман узначальваў пракуратуру, то яна была ўплывовым органам. Калі Шэйман стаў сакратаром Рады бясьпекі, то Рада бясьпекі была важным інстытутам. Калі Навумаў кіраваў МУС, было моцным МУС. Вось цяпер КДБ на чале з Зайцавым стаў уплывовым органам».
Карбалевіч: «А мне падаецца, што ня столькі прозьвішча чыноўніка надае вагу органу ўлады, колькі тое, што дазволіць прэзыдэнт гэтаму чалавеку».
Ці не стварае ўзмацненьне ўплыву КДБ небясьпеку для прэзыдэнта?
Карбалевіч: «Ці не падаецца вам, што такая сытуацыя, калі КДБ атрымаў поўную перамогу ў барацьбе кланаў, мае бескантрольнае права душыць усіх, становіцца небясьпечнай для самога прэзыдэнта? І ці не чакае цяперашняе кіраўніцтва КДБ лёс генэрала Сухарэнкі, які таксама лічыў сябе ўсёмагутным?»
Костка: «Ня толькі лёс генэрала Сухарэнкі, а і лёс наркома Яжова можа чакаць. Гісторыя вучыць, што калі ў недэмакратычнай краіне спэцслужба пераходзіць нейкія межы, то потым маятнік ідзе ў адваротны бок, рэпрэсіі пачынаюцца супраць яе самой.
А небясьпека прэзыдэнту пагражае не ад таго, што КДБ можа арганізаваць нейкую змову, а ад таго, што рэпрэсіі вядуць да абурэньня грамадзтва. А гэта можа прывесьці да сацыяльнага выбуху. Нельга забываць, што гісторыя адбываецца два разы: адзін раз у выглядзе трагедыі, а другі — у выглядзе фарсу. Нельга тут паўтарыць сталінскі рэжым. Спроба спэцслужбаў запужаць грамадзтва, наадварот, дае сыгнал, што ўлада слабая, набліжаюцца зьмены».
Фядута:
Дзьве гэтыя справы могуць стаць чыньнікам, які абрыне рэпрэсіўны апарат дзяржавы.
Карбалевіч: «Ці не падаецца вам, што гэтыя ператрусы, зробленыя ў карпаратыўных інтарэсах КДБ, нясуць шкоду рэжыму?»
Костка: «Супрацоўнікі КДБ павінны памятаць, што гісторыя вучыць: за антызаконныя дзеяньні давядзецца адказваць».
Фядута: «Калі б гаворка ішла пра карпаратыўныя інтарэсы, то можна было б яшчэ пра нешта разважаць. Але гэта хутчэй асабістыя інтарэсы пэўнай групы ў КДБ. А імідж рэжыму ўжо даўно страчаны».