Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст Р.Васілевіча на арышт С.Байковай адхілілі


Рыгор Васілевіч
Рыгор Васілевіч

Зьмяшчэньне пад варту старшага сьледчага па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Беларусі Сьвятланы Байковай абскарджана генэральным пракурорам Рыгорам Васілевічам у судзе Цэнтральнага раёну Менску.


Як паведаміў БелаПАН Рыгор Васілевіч, пратэст адхілены. Яго падначаленая застаецца пад вартай.

Нагадаем, Сьвятлана Байкова, якая расьсьледавала гучныя карупцыйныя справы, у тым ліку ў дачыненьні да былога дырэктара дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК Анатоля Грамовіча, была затрымана супрацоўнікамі КДБ пры канцы лютага. Пра сутнасьць выстаўленых ёй абвінавачаньняў афіцыйна не паведамлялася.

3 сакавіка генпракурор заявіў журналістам, што ў яго няма інфармацыі пра карысьлівыя ці маёмасныя незаконныя дзеяньні падначаленай. Пры гэтым ён дапусьціў, што Байкова магла ўчыніць нейкія парушэньні працэсуальнага характару. Аднак гэта, паводле слоў Васілевіча, будзе ўстаноўлена падчас сьледства.

15 сакавіка на сайце "Беларускі партызан" была апублікавана адозва да генпракурора былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзела па барацьбе з карупцыяй у органах дзяржаўнай улады МУС Вячаслава Дудкіна. Ён "перакананы, што беспрэцэдэнтны перасьлед і арышт вядучага сьледчага Генпракуратуры па карупцыйных справах Сьвятланы Байковай зьяўляецца чарговым зьвяном ланцуга супрацьпраўных дзеяньняў спэцслужбаў пад маркай "арганізацыі нацыянальнай бясьпекі".

"Крымінальны перасьлед КДБ сьледчай Байковай мае відавочна замоўлены характар з мэтай пазьбяганьня прыцягненьня да адказнасьці высокапастаўленых службовых асоб праваахоўных органаў па справе, якую яна расьсьледуе", — піша Дудкін. Ён лічыць, што, "улічваючы аб'ём і значнасьць інфармацыі, якой валодае Сьвятлана Анатольеўна, у СІЗА КДБ яе жыцьцё знаходзіцца ў небясьпецы".

Вячаслаў Дудкін папрасіў Рыгора Васілевіча "адмяніць незаконныя працэсуальныя рашэньні КДБ у дачыненьні да Святланы Байковай і іншых супрацоўнікаў яе групы, а таксама перашкодзіць дасягненьню галоўнай мэты іх перасьледу і забясьпечыць поўнае, аб'ектыўнае і ўсебаковае завяршэньне расьсьледаваньня крымінальнай справы ў дачыненьні да злачыннай арганізацыі кантрабандыстаў і іх заступнікаў, нягледзячы на чыны і званьні".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG