Яны распавялі пра падзеі 16 сакавіка, якія зьвязаныя з расьсьледаваньнем справы аб паклёпе на былога кіраўніка КДБ па Гомельскай вобласьці Івана Каржа. Паводле сьледчых, у межах гэтага расьсьледаваньня ўчора прайшлі вобшукі ў кватэрах Андрэя Саньнікава, Марыны Коктыш. Таксама міліцыянты ўварваліся ў кватэру, якую здымае Натальля Радзіна, і пры гэтым ударылі журналістку па твары.
“На маё пытаньне потым, навошта вы мяне ўдарылі, яны адказалі: а хіба б вы нас пусьцілі дамоў? Між тым калі б яны паказалі пастанову аб вобшуку, я б ім не замінала. У нас хоць дрэнныя законы, але журналісты недзяржаўных мэдый іх прытрымліваюцца, а вось міліцыянты парушаюць. Сёньня здыму пабоі ў доктара і буду падаваць скаргу ў пракуратуру”, — сказала Натальля Радзіна “Свабодзе”.
Марына Коктыш нагадала пра нядаўні выпадак, які адбыўся зь ёй на мяжы, — яе аўтамабіль не дазволілі правезьці празь мяжу нібыта з-за праверкі. “Цяпер зразумела, што ператрус у кватэры і тая гісторыя — адзін ланцужок. Улады мэтанакіравана палююць на незалежных журналістаў”, — мяркуе Марына Коктыш з “Народнай волі”.
У кватэры каардынатара “Эўрапейскай Беларусі” Андрэя Саньнікава пасьля ператрусу забралі ягоны кампутар, а таксама кампутар ягонай жонкі, вядомай журналісткі Ірыны Халіп. “Нас проста пазбавілі асноўных прыладаў для працы”, — сказаў Андрэй Саньнікаў. Паводле палітыка, які нядаўна заявіў пра намер балятавацца на прэзыдэнта Беларусі, апошнія падзеі прадэманстравалі паразу палітыкі Эўропы па ўлагоджваньні дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.