Увёў хрысьціянства і вывеў гадзюкаў
Пра жыцьцё Сьвятога Патрыка захавалася няшмат верагодных вестак. Ён жыў у пятым стагодзьдзі нашай эры; нарадзіўся ў Брытаніі, якая ў той час была рымскай правінцыяй; калі яму было 16 гадоў, яго выкралі ірляндзкія рабаўнікі-рэйдэры і забралі як нявольніка ў Ірляндыю; яму ўдалося ўцячы зь няволі і вярнуцца ў Брытанію, дзе ён вывучыўся на сьвятара; у 432 годзе ён вярнуўся ў Ірляндыю, ужо як біскуп, каб павярнуць ірляндцаў-паганцаў тварам да сьвятла хрысьціянства.
Паводле ірляндзкай традыцыі, Патрык даходліва і пераканаўча тлумачыў паганскім ірляндцам ідэю Сьвятой Тройцы пры дапамозе трохлісьцёвай канюшыны (shamrock), якая не зьвялася на востраве і да сёньня. І хоць пасьля біскупа Патрыка было шмат іншых хрысьціянскіх місій у Ірляндыю, менавіта яму дасталася ўся слава і пашана сярод ірляндцаў як хрысьціянскаму сьветачу-першапраходніку.
Фармальна Патрык ня быў кананізаваны ніякім рымскім біскупам, то бок, папам, аднак ён лічыцца сьвятым ня толькі ў Ірляндзкай Рымакаталіцкай царкве, але і ў шмат якіх іншых. Што больш, яго прызнаюць за сьвятога і праваслаўныя, асабліва ў Вялікабрытаніі і ЗША. Выявы Сьвятога Патрыка можна знайсьці на іконах у тамтэйшых праваслаўных храмах. (У дужках заўважым, што калі б Беларусь захацела займець "экумэнічнага" сьвятога, які падыходзіў бы і католікам, і праваслаўным, Сьвяты Патрык быў бы знакамітым кандыдатам — яго нельга папікнуць у ніякіх цёмных сувязях з Рымам, ні тым першым, ні другім, ні трэцім.)
Ірляндзкая легенда яшчэ прыпісвае Сьвятому Патрыку вызваленьне вострава ад гадзюкаў і вужоў. Праўда гэта ці не — невядома, аднак у Ірляндыі, краіне з масай балотаў у сваім нутры, няма ні гадзюкаў, ні вужакаў, ні нават жабаў.
Ірляндзка-беларускія паралелі
Кожны, хто невыпадкова сутыкнецца з ірляндзкай літаратурай (напрыклад, паспрабуе пачытаць Джэймса Джойса, Сэмюэла Бэкета ці Шэймаса Хіні) або поп-музыкай (напрыклад, паслухае Шынэд О’Конар, Clannad ці U2), безумоўна, захоча нечага дазнацца і пра гісторыю народу, дзе нараджаюцца такія творцы. І кожнаму, калі ён нешта ведае пра Беларусь, ня могуць не прыйсьці на думку некаторыя ірляндзка-беларускія паралелі.
Найлепш, як мне здаецца, гэтыя паралелі падсумаваў мой рэдакцыйны калега Сяргей Шупа, які ў 1994 годзе, у сьнежанскім нумары "Нашай Нівы", апублікаваў на гэтую тэму тэкст пад назвай "Шэсьць пунктаў падабенства". (http://shupa.livejournal.com/25650.html)
Прыгадайма з гэтых шасьці пунктаў хоць бы тры.
Ірляндцы і беларусы — невылечныя бульбаеды і выпівохі. Сяргей піша: "У Эўропе толькі два народы натуральна абзываюцца «бульбашамі». Дарэчы, звычайная, неэкзатычная бульба (Solanum tuberosum) па-ангельску завецца Irish potato. Ёсьць у нас што й да бульбы. Мабыць, любы з нас, упершыню пакаштаваўшы віскі, з трымценьнем у душы адчувае незвычайнае смакавае падабенства гэтай «вады жыцьця» (ірл. uisce beatha) да нашага соку зямлі — хатняе жытняе гарэлкі. І наадварот — прывязіце зь дзедавай вёскі чыстую, для сябе робленую, крыху закрашанаю для шляхотнасьці гарэлку й дайце яе пакаштаваць хоць каму - любы скажа, што гэта віскі. Тэхналёгія закадаваная ў генатыпе".
Ірляндцаў і беларусаў развучылі гаварыць на сваёй мове: "У дваццатым стагодзьдзі ніводная іншая эўрапейская нацыя не панесла такіх моўных стратаў, як ірляндцы і беларусы. Пры гэтым працэс адраджэньня нашых моваў шмат у чым адбываецца падобна — на іх перастае гаварыць вёска, а пачынаюць абуджацца ў іх маладыя творчыя альбо палітызаваныя гараджане. Ворагі адраджэньня нашых моваў таксама падобныя ў сваёй аргумэнтацыі, найчасьцьей яны машуць нам перад носам сваёй легендарнай «кілбасой» — эканамічнай немэтазгоднасьцю".
Ірляндцы і беларусы — нацыі эмігрантаў: "Маюцца на ўвазе не малалікія й нерэгулярныя хвалі палітычнае эміграцыі, а масавыя выезды простых людзей у пошуках лепшае долі. Наўрад ці якая іншая краіна ў Эўропе дала большы працэнт колькасьці эмігрантаў ад агульнае лічбы насельніцтва, як Ірляндыя і Беларусь. Нездарма, дарэчы, адзін замежны дасьледнік назваў з гэтай нагоды Беларусь «Ірляндыяй Расейскай імпэрыі»".
(Пры гэтай нагодзе не магу не заўважыць у дужках для малодшых пакаленьняў — была калісь і такая "Наша Ніва", дзе друкаваліся вось такія рэчы).
Народнае гуляньне
Якраз зь Сяргеем Шупам мне давялося назіраць за сьвяткаваньнем дня Сьвятога Патрыка ў Нью-Ёрку, у 1992-м. На адной з галоўных алеяў Мангэтэну адбыўся магутны парад некалькіх дзясяткаў тысяч апранутых у зялёны колер людзей, а потым увесь той натоўп разбрыўся па сотнях нью-ёркскіх бараў і рэстаранаў, каб працягваць сьвяточны настрой за ірляндзкім півам і віскі. Каму было трэба, ён мог зайсьці і ў катэдру Сьвятога Патрыка на Мангэтэне, дзе праводзілася адпаведная сьвяточнай нагодзе багаслужба (мы зь Сяргеем туды заглянулі, але вялікага натоўпу вернікаў там не пабачылі). Дзень Сьвятога Патрыка — гэта вясёлае народнае гуляньне, абсалютна сэкулярызаванае сьвята. Падмацаванае традыцыяй расьпіваньня першакляснага ірляндзкага піва і віскі, гэтае сьвята мае вялікую прыцягальную моц і для не-ірляндцаў усялякіх веравызнаньняў.
Вось у Беластоку да дня Сьвятога Патрыка ў 1998 годзе было прымеркаванае адкрыцьцё піўнога бару на адной з галоўных вуліц гораду. Уласьнік бару запрасіў на гэтае адкрыцьцё ірляндзкага амбасадара ў Варшаве, намовіўшы яго прыехаць запэўніваньнем, што бар будзе займацца ня толькі продажам піва "Guinness" і "Kilkenny", але і прамоцыяй ірляндзкай культуры, то бок, ірляндзкай народнай музыкі ў выкананьні музыкаў з Ірляндыі. Ці выступалі потым нейкія ірляндзкія музыкі ў Беластоку, я ня ведаю, але тады, падчас адкрыцьця, ірляндзкі амбасадар выканаў дзьве ці тры народныя песенькі на старажытнай кельцкай мове a capella, усяго пад воплескі і шум добра-такі падвыпіўшай беластоцкай публікі.
А потым ірляндзкі амбасадар засеў са мною, які ў той дзень аказаўся пад рукою як прынагодны, але неабходны перакладчык, за стол у кутку таго псэўдаірляндзкага бару, і мы прынялі бадай ці не па пяць "гінэсаў" за кошт Ірляндзкай рэспублікі, абмяркоўваючы шэсьць пунктаў ірляндзкага-беларускага падабенства і некаторыя асаблівасьці стылю Джэймса Джойса. Аказалася, гэты амбасадар адначасова прадстаўляў ірляндзкія інтарэсы ў Літве і час ад часу наведваўся ў Вільню, дзе Сяргей Шупа даў яму пачытаць ня толькі згаданы артыкул у "Нашай Ніве", але і беларускі пераклад "Уліса".
Хоць і адчуваю, што мала хто паверыць таму, што я напішу далей, то ўсё ж я гэта напішу — бо праўда жыцьця мне даражэйшая за скептыцызм беларускай чытацкай публікі. Ірляндзкі амбасадар сказаў мне, што "Ўліса" па-беларуску чытала ягоная жонка. Што больш, раней яна спрабавала чытаць "Уліса" ў польскім і расейскім перакладах (яна была полька, якая закончыла расейскую філялёгію). — Ну і як ёй беларускі пераклад? — запытаўся я ў дыплямата. — Па-беларуску ён проста плыве (it simply flows), сказала мая жонка, — адказаў мне амбасадар таго бульбашоўскага народу.