Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін — у Беларусь, Лукашэнка — у Каракас


Сёньня ў Берасьці прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі сустрэнецца з кіраўніком расейскага ўраду Ўладзімерам Пуціным. Яны правядуць паседжаньне савету міністраў “саюзнай дзяржавы”. Гэта першы сёлета візыт расейскага прэм’ер-міністра ў Беларусь.


Паводле прэсавай службы расейскага ўраду, падчас сустрэчы прэм’ераў плянуецца абмеркаваць “комплекс пытаньняў практычнага ўзаемадзеяньня эканомік дзьвюх краін, працэс паглыбленьня інтэграцыі”, а таксама балянс паліўна-энэргетычных рэсурсаў на гэты год. Мяркуецца падвесьці вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

У расейскім урадзе адзначаюць, што ў замежнаэканамічнай сфэры абедзьве краіны паэтапна пераходзяць на ўнівэрсальныя рынкавыя прынцыпы – гэта найперш тычыцца паставак нафты і газу. Адно з важных пытаньняў, якія будуць абмяркоўвацца, зьвязанае са стварэньнем Мытнага саюзу, сказаў прэсавы сакратар беларускага прэм’ера Аляксандар Цімашэнка:

“Паколькі абодва ўдзельнікі саюзнай дзяржавы зьяўляюцца яшчэ і ўдзельнікамі Мытнага саюзу, адпаведна будуць закранацца яшчэ і гэтыя пытаньні”.

На мінулым тыдні кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка зрабіў заяву, на якую пакуль што не адрэагавалі ў Маскве. Ён адзначыў, што не выключае правалу Мытнага саюзу “трох”, калі па-за саюз выведуць, да прыкладу, нафту і газ. Маўляў, такі Мытны саюз нікому не патрэбны. Ці магчыма, што Пуцін у Берасьці можа адказаць на гэтыя пэсымістычныя ацэнкі расейскага праекту?

На гэта дырэктар маскоўскага Інстытуту краін СНД Канстанцін Затулін сказаў:

“Калі б Пуцін хацеў зрабіць вакол гэтага палеміку, ён ня ехаў бы ў Беларусь. Стаў бы ў позу ці яшчэ што. Ён разумее, што гэта было б глупства з боку Расеі. Таму едзе, праяўляе добрую волю. Якія пры гэтым пачуцьці мае прэм’ер Расеі ў сувязі зь нейкімі новымі заявамі прэзыдэнта Беларусі, я не бяруся меркаваць. Наколькі я разумею, Расеі не падабаецца, ніколі не падабалася і ня будзе падабацца, што вельмі неахайнае і залежнае ад нейкай каньюнктуры стасункаў з трэцімі краінамі кіраўніцтва Беларусі дае характарыстыкі расейска-беларускім стасункам або сумесным праектам. Але ўрэшце ўсе маюць свой стыль і трэба вучыцца гэта перажываць спакойна”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў зьвяртае ўвагу на тое, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ад’ехаў у Каракас у той самы час, як у Беларусь зь візытам накіроўваецца Ўладзімер Пуцін:

“Ня думаю, што нельга было ссунуць гэты візыт на дзень-два, каб сустрэцца. Гэта сьведчаньне пэўнай напружанасьці ў адносінах”.

Паводле спадара Фёдарава, галоўная праблема ў двухбаковых дачыненьнях — гэта экспартнае мыта на нафту, якое Расея спаганяе зь Беларусі:

“Днямі Лукашэнка нагадваў пра гэтую сытуацыю, і калі будуць нейкія выняткі з Мытнага саюзу, дык Беларусі ён ня будзе патрэбны. Я думаю, што гэта будзе галоўнай тэмай абмеркаваньня. Пакуль я ня бачу ніякіх прыкмет, што Масква пагодзіцца на гэта. Яны ўжо афіцыйна нават не камэнтуюць такіх заяваў. Такія патрабаваньні Беларусь робіць ужо даўно, літаральна ад той пары, калі гэтае мыта было ўведзена. Але дагэтуль Масква стойка трымаецца і ні на якія саступкі не ідзе”.

Аб’ём узаемнага таваразвароту паміж Беларусьсю і Расеяй зьменшыўся ў 2009 годзе на 31,2%. У расейскім урадзе гэта тлумачаць уплывам усясьветнага крызісу. Доля Расеі ў замежнагандлёвым абароце Беларусі склала летась 47%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG