Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антракт


Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец

Канстанцін Чарнец

Гэта мой кандыдацкі сцэнар
Слухай, буржуй, слухай, пралетар

«Ляпіс Трубяцкой»

Падтрымліваць цікавасьць да мясцовых выбараў цяжка. Як здабываць агонь трэньнем. У нашым стагодзьдзі — гэта заданьне для выдасканаленых умельцаў і аматараў даўніны. Але гэта больш-менш атрымоўваецца. Першай з заданьнем управілася сп-ня Ярмошына: яна, як памятаем, адпрэчыла магчымасьць таго, каб на выбарах прысутнічалі замежныя назіральнікі. Адразу стала цікава ды захацелася апынуцца ў ролі трошкі пакрыўджанага й адначасова заінтрыгаванага назіральніка: «Што вы, прабачце, імкняцеся схаваць?»

Зараз у ролі групы cheer-leaders выступіла партыя БНФ. Яе пагроза адмовіцца ад удзелу ў электаральным працэсе спарадзіла нечакана шмат камэнтароў на партале tut.by. Шмат — у параўнаньні, скажам, з колькасьцю камэнтароў да навіны пра землятрус у Чылі. Што зразумела — БНФ бліжэй і гучней. Камэнтатары, як заведзена, падзяліліся прыкладна пароўну і выдалі спэктар меркаваньняў у межах ад прадказальнага:

«Відаць, ведаюць, што іх кандыдаты з трэскам праваляцца, вось і рыхтуюць загадзя глебу для прыгожага сыходу...»

да ня менш чаканага:

«...Чальцамі выбарчай камісіі зьяўляюцца толькі працаўнікі спэцслужбаў альбо імі прызначаныя, якія з трэскам і праваляць усіх непажаданых — бо яны ж галасы лічаць».

Падчас бадзёрага абмену думкамі зьдзяйсьняліся экскурсы ў гісторыю ўсіх Народных франтоў, якія калі-колечы існавалі, беларускіх выбараў рознай ступені празрыстасьці, была праведзена спроба ўзважыць заслугі БНФ перад беларускім народам і ягонай незалежнасьцю. Дыскусія праходзіла ў атмасфэры поўнага паразуменьня.

Калі зараз, у выніку гэтага невялікага, але эфэктнага дэмаршу, мясцовыя выбары набудуць большую вагу ў вачах грамадзкасьці, то партыі БНФ варта падумаць пра вяртаньне да перадвыбарных спраў. І ўвогуле паўтараць манэўр «узад-наперад» рэгулярна — у рытме калісьці папулярнай фінскай полькі, пакуль у краіне не застанецца ніводнага незацікаўленага гледача. У якасьці запаснога варыянту можна параіць выключыць са сваіх шэрагаў гіпэрактыўнага Ліпковіча, а калі паступяць пярэчаньні («бо ён і так ня ў партыі!»), урачыста пагадзіцца прыняць яго назадкі.

Пакуль сталічныя палітычныя старажылы занятыя ідэйнай падрыхтоўкай свайго чарговага трыюмфальнага байкоту, «малады і пэрспэктыўны» ljoksa працягвае ў Салігорску абход выбарчай акругі. Рабіць гэта даводзіцца ў рэжыме няспыннага пераадольваньня перашкод, на стварэньне якіх «крыважэрны рэжым» такі вынаходлівы:

«Крыважэрны рэжым забараніў сябрам маёй ініцыятыўнай групы зьбіраць подпісы ў інтэрнаце, спаслаўшыся на тое, нібыта інтэрнат зьяўляецца часткай установы адукацыі, якія, у сваю чаргу, унесеныя ў сьпіс, дзе нельга зьбіраць подпісы і праводзіць агітацыю. Неадэкват і сцыкатлівасьць рэгіянальнай вэртыкалі выклікае крывую ўсьмешку. Колінькі на іх няма!»

Салігорск, здаецца, робіцца вельмі гарачым месцам. Тут, дарэчы, дзейнічае і жартуе Іван Шыла, нядаўняя фраза якога вартая таго, каб стаць агульным лёзунгам апазыцыі: «Наколькі я ведаю, кеды, меншыя на тры памеры за патрэбны, ня ціснуць так, як цісьне антынародны рэжым» (via ljoksa). Тутака ж, у беларускай калійнай сталіцы, да нядаўняй пары вёў змаганьне за права незалежнага кандыдацтва dembel80:

«Гарвыканкам паслаў сыгнал пра маё вылучэньне галоўнаму ідэолягу прадпрыемства )). Паколькі асабіста зь ім не знаёмы, то адразу паўсталі пытаньні: ху із ху. Паднялі асабістую справу, выклікалі начальніка. Цікавіліся палітычнымі паглядамі. У прынцыпе, цалкам здаровая рэакцыя».

Пасьля гэтага ды яшчэ аднаго допісу (прысьвечанага ідэалягічным мэтамарфозам найбуйнейшых постацяў беларускай палітыкі) dembel80 ці то пачысьціў свой блог, ці то зьвёў яго «пад замок». На паверхні застаўся толькі вельмі характэрны юзэрпік патэнцыйнага кандыдата:



Будзем спадзявацца, што там, у глыбокім віртуальным падпольлі, яму ўтульней і бясьпечней.

Магчыма, гэты ці нейкі яшчэ ўдар ад клясыкаў перадвыбарнага жанру й абудзіў у згаданага вышэй Лёксы жывы ўспамін пра кліп гурту «Ляпіс Трубяцкой». Калі паўтараць усё тое, што чорт у песьні «Маніфэст» абяцаў буржую й пралетару, праваму й леваму, жуку й жабе, то перамога й бяз «Колінькі» забясьпечаная. Але нашыя беларускія кандыдаты — традыцыйна сумленьнікі. Яны нават немагчымае абяцалі б ціхмана, рахмана ды абавязкова са спасылкамі на аўтарытэтны эўрапейскі досьвед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG