Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт дэлегацыі Эўрапарлямэнту: водгукі, ацэнкі


Як ацэньваюць вынікі візыту дэлегацыі Эўрапарлямэнту, якая знаходзілася ў Беларусі з 25 па 27 лютага, прадстаўнікі афіцыйнага Менску і дэмакратычнай супольнасьці?

Кіраўнікі сталых камісій Савету рэспублікі Ніна Мазай і Сяргей Маскевіч сустрэліся зь місіяй Эўрапарлямэнту на нэўтральнай тэрыторыі, у Нацыянальнай бібліятэцы. Ніна Мазай патлумачыла пазыцыю афіцыйнага Менску адносна «Эўранэсту»:

Ніна Мазай
«Ёсьць дэклярацыя Праскага саміту, параграф 15-ы, якога трэба прытрымлівацца, бо ён падпісаны ўсімі, уключна са старшынёй Эўрапарлямэнту. Наша пазыцыя — што парлямэнцкае вымярэньне павінна быць сфармавана як парлямэнцкае вымярэньне. Я кажу пра тую пазыцыю, якую мы ў гэты дзень мелі на стале і па якой правялі дыскусію. А далей будзем весьці дыскусіі».

Сяргей Маскевіч назваў сустрэчу з дэлегацыяй Эўрапарлямэнту «карыснай». Але чаму афіцыйны Менск не пайшоў на кампраміс?

«Ніякіх падстаў для таго, каб дамовіцца, і не было, бо і мэта была іншая — праінфармаваць і дакладна давесьці абгрунтаваньне той пазыцыі, якая ёсьць у Эўрапарлямэнту, і той пазыцыі, якая ёсьць у парлямэнту Рэспублікі Беларусь. Гэта была вельмі зацікаўленая размова, наогул — першая сустрэча. Далей, мы дамовіліся, што будзем шукаць узаемапрымальны фармат узаемадзеяньня».

Сяргей Маскевіч
Паводле спадара Маскевіча, формула «пяць плюс пяць» застаецца непрымальнай. Але тады можа атрымацца, што на ўстаноўчай сэсіі «Эўранэста» ня будзе прадстаўнікоў афіцыйнага Менску?

«Для нас гэтая справа зусім прынцыповая, але яна не зьяўляецца такой трагічнай. Бо праграма „Ўсходняга партнэрства“ цікавая найперш не таму, што там ёсьць „Эўранэст“, а таму, што там ёсьць канкрэтныя праекты, у якіх зацікаўленая Беларусь. Таму калі „Эўранэст“, як адна з інстытуцый, якая неабходная для стварэньня спрыяльных умоваў рэалізацыі праграм, можа абысьціся без парлямэнту Беларусі, то, можа, і наагул гэтая інстытуцыя непатрэбная».

Таксама спадар Маскевіч адзначыў, што зь місіяй Эўрапарлямэнту абмеркавана сытуацыя вакол Саюзу палякаў Беларусі.

«Яна была ўзьнятая. Але мы яе абмяркоўвалі ў такім сэнсе, што вельмі важна было б і для разгляду гэтай сытуацыі, а галоўнае — для выпрацоўкі такіх мэханізмаў сталага ўзаемадзеяньня, каб былі падключаны нацыянальныя парлямэнты Беларусі і Польшчы. Пра гэта мы казалі і раней».

Анатоль Лябедзька
Адносна ўдзелу ў «Эўранэсьце» старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў:

«Прапанова апазыцыі „пяць плюс пяць“ выклікае сымпатыі ў прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту. Бо гэта ня толькі кампраміс, але і значная саступка ўладам. Для Эўрапарлямэнту Нацсход Беларусі ня ёсьць легітымнай інстытуцыяй. Беларускія ўлады не йдуць на гэта, бо ёсьць жорсткая інструкцыя ад Лукашэнкі. Што для яго важна і істотна? Калі ён праломлівае сваю пазыцыю, што ў асамблеі прадстаўленыя толькі яго прадстаўнікі зь нелегітымнага Нацсходу, то гэта азначае, што Лукашэнка атрымлівае права ад Эўрапарлямэнту, ад ЭЗ і падчас наступнай парлямэнцкай кампаніі зноў прызначыць дэпутатаў. Вось за што ідзе змаганьне з боку беларускіх уладаў».

Жана Літвіна
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна падчас сустрэчы зь місіяй Эўрапарялямэнта выказала трывогу адносна сытуацыі са свабодай слова:

«Я гаварыла пра нашы надзеі, зь якімі мы жылі ўвесь мінулы год і зьвязвалі гэтыя надзеі з рэфармаваньнем мэдыясфэры. Але, на жаль, усё больш і больш расчараваньняў. Сёньня мы занепакоеныя тым, што падчас падрыхтоўкі і правядзеньня выбарчых палітычных кампаній сродкі масавай інфармацыі ня ў стане будуць выканаць сваё самае галоўнае прафэсійнае прызначэньне — даць у поўным аб’ёме выбаршчыкам інфармацыю дзеля таго, каб грамадзяне нашай краіны маглі зрабіць усьвядомлены выбар падчас гэтых кампаній. Праблемы, на жаль, застарэлыя, і яны застаюцца па-ранейшаму вельмі актуальнымі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG