Як спаганялі мыта, так і будзем спаганяць
Як паведаміў “Коммерсант” у мінулую пятніцу камісія мытнага саюзу канчаткова ўзгадніла тэкст Мытнага кодэксу для Расіі, Казахстана і Беларусі, які павінен уступіць у дзеяньне з 1 ліпеня. “Пытаньне аб нафтавым экспартным мыце Расеі не будзе абмяркоўвацца ў межах Мытнага саюзу – гэтыя пытаньні вырашана ўключыць у дамовы аб стварэньні адзінай эканамічнай прасторы, якое пачне працаваць не раней 2012 года” – піша расейскае выданьне.
Калі расейскае выданьне піша праўду (што, дарэчы, неабавязкова), то пра зьмену ўмоваў гандлю нафтай варта проста забыць.
Тэмай пасяджэньня было разьмеркаваньне і стаўкі імпартнага мыта – абкладаньня таго, што ўвозіцца ў Беларусь, Расею і Казахстан з краін, якія не ўваходзяць у мытны саюз. Аднак менавіта беларускі бок у асобе першага віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова узьняў пытаньне аб гандлі паміж самімі сябрамі саюзу.
І атрымаў ад калегі Кабякова, першага віцэ-прэм’ера ўраду Расеі Ігара Шувалава, нядвухсэнсоўны адказ: "Мы зыходзім з таго, што мытны саюз у першую чаргу ўніфікуе правілы па імпартным мыце і дазваляе дзяржавам-удзельніцам ужываць да краін мытнага саюзу экспартнае мыта. Мы засноўваем нашу пазыцыю на міжнародных пагадненьнях, якія заключаны ў рамках саюзу, у рамках ЭўрАзЭС і зыходзім з таго, што гэты парадак можа быць зьменены іншымі міжнароднымі дамовамі, якія павінны быць падрыхтаваныя пры фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы ".
Пры гэтым ізноў жа паводле “Коммерсанта” і Беларусь, і Казахстан “з такім падыходам пагадзіліся”.
Пра што гаварыў і пра што маўчаў Менск?
Тут, як у Жванецкага: “Хацелася б паслухаць начальніка транспартнага цэху”. Але менавіта гэтую, галоўную спрэчку той самы “начальнік” – маецца на ўвазе беларускі бок, абышоў маўчаньнем. БелТА паведаміла толькі пра спрэчку паміж Кабяковым і яго расейскімі калегамі наконт экспартнага мыта на расейскія нафтапрадукты. Паводле Белта тут ніякай згоды бакі не дасягнулі: пазыцыі бакоў былі зафіксаваныя ў выніковым рашэньні, Беларусь выказала спадзяваньне, што Расея будзе дзейнічаць у адпаведнасьці са сваімі міжнароднымі абавязкамі, Масква канстатавала, што менавіта так яна і дзейнічае, спаганяючы мыта і з нафтапрадуктаў.
Варта нагадаць, што ўжо пасьля пагадненьня 27 лютага Менск рабіў гучныя заявы: 16 лютага намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Еўдачэнка сказаў, што “афіцыйны Менск ня бачыць лёгікі ў захаваньні мыта на расейскую нафту пры яе пастаўках у Беларусь ва ўмовах адзінай мытнай тэрыторыі”, ён назваў “фундамэнтальнай прэтэнзіяй” Беларусі магчымасьць ужываньня пасьля 1 ліпеня вывазнога мыта на нафту і нафтапрадукты пры пастаўках у Беларусь. Яшчэ больш грозным быў намесьнік дырэктара дэпартамэнту зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Міністэрства замежных спраў Антон Кудасаў, які 19 лютага заявіў, што “паводле кіраўніцтва Беларусі, пры захаваньні мыта на нафту мэтазгоднасьць існаваньня мытнага саюзу ставіцца пад пытаньне”.
І што? І нічога. Паехалі ў Маскву зацьвярджаць мытны кодэкс, і ...пагадзіліся з расейскай трактоўкай, паводле якой усё нябачаньне лёгікі, ўсе пытаньні і пагрозы Менску ня маюць пад сабой ніякага грунту. Ну так – наконт “пагадзіліся” напісаў “Коммерсант”, які , скажам, ня ўзор аб’ектыўнасьці і бесстароннасьці. Але хіба з беларускага боку хто заявіў, што не пагадзіліся? Хіба складана было БТ, адарваўшыся на хвілінку ад выкрыцьця зладзейскай сутнасьці Анжалікі Борыс, Франака Вячоркі і рок-гурту Rammstein, даць слова якому-небудзь чыноўніку – таму ж спадару Кабякову ці грозным спадарам Еўдачэнку і Кудасаву, якія б патлумачылі, што Беларусь нязломна працягвае настойваць на сваёй пазыцыі? Калі б працягвала – то, відаць, было б нескладана.
27 студзеня - 2
Можа быць, абмеркаваньне мытнага кодэксу было ня самай дарэчнай нагодай распачынаць спрэчку. Але, як кажа прымаўка, дарагое яйка да Хрыстова дня. А калі такая нагода з’явіцца? Кодэкс быў чарговым важным вузлавым этапам стварэньня мытнага саюзу. Разумеючы гэта, спадар Кабякоў насуперак парадку дня і ўзьняў пытаньне, якое хвалюе Беларусь. Але, гледзячы па ўсім, як узьняў, так і апусьціў. Праехалі.
І калі карціна сапраўды такая, як яе апісаў “Коммерсант”, то на сьціплым пасяджэньні камісіі мытнага саюзу Беларусь атрымала паразу ня менш гучную, чым месяц таму, падчас падпісаньня дамовы аб гандлі нафтай.
Калі праблема экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты зьвязваецца не з мытным саюзам, а з пагадненьнем аб адзінай эканамічнай прасторы, то гэта, па-першае, няхутка. Размова ідзе пра 2012 год. Гэта азначае, што і гэты, і наступны год Беларусь будзе атрымліваць большую частку нафты з мытам, і гэта як мінімум. Па-другое, тая дамова яшчэ віламі па вадзе напісаная. Ну а калі не дамовяцца пра адзіную прастору? Ну і па-трэцяе, адзіная эканамічная прастора – гэта яшчэ больш маштабнае дэлегаваньне эканамічнага сувэрэнітэту наднацыянальным органам. Што мае свой адваротны бок.
Ну а БТ можна зразумець. Дзеля стабільнасьці беларусам, зразумела, цікавей даведвацца пра гераічныя перамогі айчыннай улады над Саюзам палякаў у Івянцы, чым пра бясслаўныя паразы ў Маскве.