Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка Алімпіяды: 21 -- 27 лютага


Алімпійскі Ванкувэр разьвітваецца з удзельнікамі ХХІ зімовых Гульняў. 28 лютага адбудзецца ўрачыстае закрыцьцё спаборніцтваў, якое сабрала рэкордную колькасьць удзельнікаў – у Канаду прыехалі атлеты больш чым з 80 краінаў сьвету. Прадстаўнікі блізу трох дзясяткаў дзяржаваў уздымаліся на п’едэстал гонару. Для зборнай Беларусі сёлетняя белая Алімпіяда аказалася надзвычай збалянсаванай: у актыве аб’яднанай каманды па аднаму мэдалю залатой, срэбнай і бронзавай вартасьці.

Беларусь пераўзышла свае дасягненьні ў параўнаньні з пярэднімі Алімпійскімі гульні адразу па двух парамэтрах. Па-першае, пачынаючы ад 1994 году, калі зборная пачала выступаць самастойнай камандай, у мэдалёвай скарбонцы яшчэ ніколі не было больш за дзьве ўзнагароды. Цяпер, дзякуючы высілкам біятляністаў Дар’і Домрачавай і Сяргея Новікава, а таксама фрыстайліста Аляксея Грышына, заганная практыка парушаная. Новы адлік – тры ўзнагароды трох алімпійскіх пробаў.

Па-другое, праз 16 гадоў пасьля дэбюту беларусы нарэшце здолелі здабыць золата. Дагэтуль самай пасьпяховай лічылася ўжо згаданая Алімпіяда-1994 у Лілехамэры, дзе два срэбры заваявалі біятляністка Сьвятлана Парамыгіна і канькабежац Ігар Жалязоўскі. У ноч на 26 лютага 2010 году сваё імя ў гісторыю беларускага спорту золатам упісаў Аляксей Грышын. Бацька новасьпечанага чэмпіёна Генадзь Грышын гаворыць, што перад паездкай у Ванкувэр у сына было прадчуваньне перамогі:
Аляксей казаў: я свайго дасягну ...

“Увогуле я вам павінен сказаць абсалютна шчыра, што ў яго была глыбокая перакананасьць наконт мэдаля. Абсалютна глыбокая. Ён туды ехаў толькі з адной мэтай. Канечне, пры гэтым перажываў, што яго не ўспрымаюць як рэальнага прэтэндэнта. Трэба сказаць, што ён вельмі ЧАСТАЛЮБІВЫ чалавек і перажываў, што пастаянна па тэлебачаньні, па радыё, у газэтах раскручваюць Дзіму Дашчынскага, Антон Кушніра. Ён казаў -- калі ласка, аддавайце свае прыярытэты загадзя. Хоць я і бачыў, што яму балюча. Але ўсё гэта толькі падштурхоўвала, актывізавала. І Аляксей казаў: я свайго дасягну”.

Аляксей Грышын

Вось ужо чатыры Алімпіяды запар фрыстайлісты спраўна прывозяць дадому ўзнагароды. Посьпехі ў такім экстрэмальным відзе спорту дагэтуль цяжка вытлумачальныя: агульная мэнтальнасьць беларусаў не спрыяе рызыцы ў такой ступені, якая абавязковая падчас заняткаў фрыстайлам. Цікаўлюся ў Генадзя Грышына: а якім чынам Аляксей трапіў у гэты экстрым?

“У гэтую экстрэмальнасьць ён трапіў абсалютна выпадкова. Увогуле мы аддавалі яго ў гімнастыку і прынамсі я спадзяваўся, што ён будзе гімнастам. У яго быў добры целасклад, пэўныя здольнасьці. Першы яго трэнэр Іван Іванавіч (прозьвішча, на жаль, не памятаю), дагэтуль цудоўна памятае Лёшу, час ад часу тэлефануе. Але менавіта ён нам сказаў: гімнаста з вашага сына не атрымаецца, бо ў яго не выпрамляюцца локці. І жонка адвяла яго ў новую па тым часе сфэру – фрыстайл. Шчыра кажучы, мы і ведаць ня ведалі, што гэта такое. Адзінае нас супакойвала, што там быў могул і… балет. Але ніколі не думалі, што ён будзе займацца акрабатыкай. Хоць, як часта гэта бывае, у выніку апынуліся там, дзе трэба -- у неабходны час і ў патрэбным месцы”.

Праз пяць дзён пасьля пачатку ванкувэрскай Алімпіяды свой мэдалёвы ўнёсак ў агульную справу зрабілі Дар’я Домрачава і Сяргей Новікаў. І калі мэдаль Домрачавай плянаваўся загадзя, то срэбра Новікава аказалася тым прыемным сюрпрызам, на які спадзяюцца, але агучыць уголас не адважваюцца. Праўда, чаканьні новых неспадзяванак былі марнымі: у астатніх відах праграмаў беларускія біятляністы прадэманстравалі зусім сьціплыя вынікі. Зрэшты, гэтак жа як беларускія хакеісты, лыжнікі, канькабежцы, гарналыжніцы.

Дар'я Домрачава

Дар'я Домрачава

Сяргей Новікаў


Цягам двух тыдняў мы давалі магчымасьць выказаць свае меркаваньні адносна алімпійскага антуражу прадстаўнікам самых розных прафэсій і сацыяльных групаў. Бальшыня сыходзілася ў думцы, што беларускія ўлады хоць і заяўляюць пра яскрава спартовую арыентацыю нацыі, аднак робяць гэта збольшага на аматарскім узроўні. Гаворка хутчэй пра фізкультуру, чым пра вялікі спорт. А таму і алімпійскага прарыву даводзіцца чакаць так доўга. Падсумоўвае навуковец, паэт і былы спартовец Алесь Клышка:

Алесь Клышка
“Паглядзіце, у якой краіне мы жывём? Зь якой экалёгіяй, зь якім узроўнем жыцьця побытавага? І ў спорце мы маем тое ж, што маем і ў жыцьці. Таму нічога тут нечаканага няма. І тое, дзякуй Богу, што ёсьць рупліўцы, якія карыстаюцца сваімі магчымасьцямі. Але, зноў жа, хто ў нас выбіўся ў славутыя спартоўцы? У асноўным той, хто атабарыўся за мяжой – што футбалісты, якія гуляюць у замежных клюбах (тыя ж Глеб, Кутузаў толькі там узрастаюць). Што нашы тэнісісты – дзе тая ж Азаранка трэніруецца? У Амэрыцы. Шукаюць базу, умовы, інфраструктуру для сябе. А ўвогуле шукаюць будучыню! На мой погляд, тое, што ў нас сёньня закладваецца, будучыні ня мае. Таму Алімпіяда яшчэ раз засьведчыла: цудаў не бывае. Ты можаш набудаваць што заўгодна, можаш праводзіць колькі заўгодна масавых мерапрыемстваў (якія, дарэчы, вельмі карысныя і вельмі добрыя), але, гледзячы збоку, выглядаюць як шутаўство. Усе гэтыя спаборніцтвы з кубкамі, са сьцягамі, з музыкай, з кашай салдацкай -- гэта ўжо мінулы дзень, гэта ўжо нецікава. Людзей ня трэба трымаць за якіхсьці лялек”.

1 сакавіка авіячартэры пачнуць дастаўляць беларускіх спартоўцаў з Канады ў Беларусь. І ўжо ў панядзелак наўпрост у Нацыянальным аэрапорце залатую ўзнагароду прадэманструе заўзятарам Аляксей Грышын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG