Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя перакладчыцкія чытаньні прайшлі ў кнігарні галерэі “Ў”


Галерэя «Ў»
Галерэя «Ў»

Часопіс “ПрайдзіСьвет” пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі!" распачынае сэрыю сустрэчаў, прысьвечаных літаратурам розных краінаў сьвету ў перакладах на беларускую мову. "24 лютага ў кнігарні галерэі «Ў» адбылася першая такая вечарына — «Адам, Ева і брутальная лірыка».

Імпрэза была прысьвечаная творчасьці чэскіх пісьменьнікаў Карэла Шыктанца, Яхіма Топала і Францішка Галяса ў перакладзе Сяргея Сматрычэнкі.

Супрацоўніца «ПрайдзіСьвету» Юлія Цімафеева кажа, што ідэя правесьці перакладчыцкія чытаньні зьявілася даўно. Але ажыцьцявіць яе стала магчымым дзякуючы перакладчыку Сяргею Сматрычэнку, які падштурхоўваў «прайдзісьветаўцаў» і сам падахвоціўся стаць першым чытачом замежнай літаратуры для беларусаў. На першай такой сустрэчы пад назвай «Адам, Ева і брутальная лірыка» гучалі пераклады чэскай літаратуры.

Сяргей Сматрычэнка: «Давялося пакорпацца ў тым, што я адабраў для чытаньня непасрэдна, а для чытаньня адабраў у тым ліку паэму, ці большую частку паэмы, якая называецца «Адам і Ева» аўтара Карла Шыктанца, а таксама дыямэтральна іншыя вершы аўтарства Яхіма Топала, якія гучаць досыць брутальна, можа быць, для нашай аўдыторыі. Так вось і скампанавалася і хуценька за гадзінку прыдумалася назва.

Галоўная асаблівасьць сустрэчаў — чытаньне твораў у арыгінале. Творы чэскіх аўтараў выконвалі Сяргей Сматрычэнка, Марыя Пушкіна, Настасься Баярскіх. Сёньня ў кнігарні галерэі «Ў» чэскі арыгінал гучаў у выкананьні маладой перакладчыцы, студэнткі 4-га курсу філялягічнага факультэта БДУ Настасьсі Баярскіх:

«З чэскай мовай я пазнаёмілася тры гады таму ва ўнівэрсытэце. У нас была магчымасьць вывучаць адну зь якіх-небудзь славянскіх моваў. Я абрала чэскую, таму што мне хацелася паспрабаваць што-небудзь новае. Якраз мне пашчасьціла чытаць сёньня майго любімага чэскага пісьменьніка Яхіма Топала. Сёньня я чытаю яго вершы».

24 лютага ў дзень народзінаў Рыгора Барадуліна літаратар Андрэй Хадановіч пазнаёміў удзельнікаў з перакладамі на чэскую мову твораў дзядзькі Рыгора

Юлія Цімафеева кажа, што ў найбліжэйшых плянах «ПрайдзіСьвету» — «французская» ды «ангельская» вечарыны:

«Далей аматараў сусьветнай густоўнай літаратуры чакаюць творы Арцюра Рэмбо ў перакладах Андрэя Хадановіча. Хацелі б, каб была вечарына прысьвечаная гэтай тэматыцы. Таксама хацелі б зьвярнуцца да старажытнай літаратуры, да старажытнаангельскай літаратуры. Мы б, мабыць, хацелі пагаварыць з Антонам-Францішкам Брылем наконт яго пераклада «Бэавульфа», таксама пачытаць «Бэавульф».

А сёньня ўсе месцы ў кнігарні галерэі «Ў» былі занятыя. Хоць, паводле словаў спадарыні Цімафеевай, на вялікую папулярнасьць чэскіх перакладніцкіх чытаньняў арганізатары не разьлічвалі:

«Мы не плянуем гэтыя чытаньні як нешта масавае, гэта можа быць нешта хутчэй больш клубнае ці салённае. Нават калі прыйдзе няшмат людзей, але складзецца добрая сяброўская атмасфэра, будзе выдатна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG