Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя ахвяры “антыпіўнога” закону


Міліцыя Менску 23 лютага склала 80 адміністрацыйных пратаколаў за расьпіваньне піва ў грамадзкіх месцах.


Раён МенскуКолькасьць пратаколаў
Маскоўскі21
Савецкі15
Партызанскі10
Цэнтральны9
Ленінскі2
Першамайскі3
Заводзкі6
Кастрычніцкі6
Фрунзэнскі6

Міліцыя метрапалітэну склала 2 пратаколы, паведамілі Інтэрфаксу ў Галоўнай управе ўнутраных справаў Менску.

"У першы дзень дзеяньня заканадаўства пра забарону расьпіваць піва ў грамадзкіх месцах міліцыянты рабілі скідку на сьвята і недасьведчанасьць некаторых менчукоў, таму і абмяжоўваліся ў асноўным прафіляктычнай гутаркай (…)Пратаколы складаліся на асобаў, якія, акрамя таго, што пілі, знаходзіліся ў стане моцнага алькагольнага ап'яненьня", - заявіў начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі палкоўнік Уладзімер Навіткевіч.

"Прафіляктычная праца падышла да канца, і болей да правапарушальніка з боку супрацоўнікаў міліцыі скідак ня будзе. За расьпіваньне піва або слабаалькагольных напояў у грамадзкіх месцах іх будуць караць рублём", - адзначыў міліцыянт.



З 23 лютага пачаў дзейнічаць закон “Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь у пытаньнях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці”, які прадугледжвае забарону на расьпіваньне піва і слабаалькагольных напояў у грамадзкіх месцах.
У прыватнасьці, закон уводзіць адміністрацыйную адказнасьць за расьпіваньне слабаалькагольных напояў і піва на вуліцах, стадыёнах, сквэрах, парках, у грамадзкім транспарце ды іншых грамадзкіх месцах, апрача тых, якія прызначаны для іх ужываньня.

Штрафныя санкцыі будуць такія самыя, як і за расьпіваньне ў грамадзкіх месцах сьпіртовых напояў: за першы раз штраф да 8 базавых велічыняў (1 базавая велічыня = 35 тыс. беларускіх рублёў). Пры паўторным парушэньні на працягу году давядзецца заплаціць ад 2 да 15 базавых велічыняў.

Падобныя законы дзейнічаюць і у іншых краінах, напрыклад, у Польшчы і Літве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG