Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі дзейнічаць новыя артыкулы


Ад сёньняшняга дня пачынаюць дзейнічаць дадатковыя артыкулы ў Крымінальны, Адміністрацыйны ды іншыя кодэксы, паводле якіх беларускім грамадзянам давядзецца плаціць штрафы за парушэньні, на якія раней праваахоўныя органы не зьвярталі ўвагі. Палітыкі лічаць, што з-за пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне ўлады імкнуцца папоўніць казну за кошт штрафаў.

Дадатковыя артыкулы ў кодэксы ўспрымаюцца неадназначна рознымі групамі насельніцтва. Кіроўцы аўтамабіляў станоўча ставяцца да таго, што пешаходам давядзецца плаціць штраф да трох базавых велічыняў за знаходжаньне на дарозе без флікеру і за пераход у недазволеным месцы. Але ім самім за брудныя нумары давядзецца цяпер плаціць 70 000 рублёў штрафу.

Кацярына Вайткевіч кіроўца са стажам:

“Гэта вельмі сур’ёзная небясьпека, калі чалавек знаходзіцца ў цемры на дарозе без флікеру, у тым ліку для кіроўцы, бо ён адказны за жыцьцё. Наконт нумару, які нельга прачытаць ад бруду, я не зусім згодная. Пры цяперашнім надвор’і, калі доўга едзеш, то, натуральна, нумарны знак можа быць запэцканы брудам. І што? Спыняцца, выходзіць праз кожныя 10 кілямэтраў і яго чысьціць? Гэта абсурдна”.

Шмат артыкулаў накіраваныя на барацьбу зь пьянствам. Цяпер кіроўцы нападпітку заплацяць штраф супрацоўніку ДАІ ў 300 базавых велічыняў, а гэта 10,5 мільёнаў рублёў. За паўторнае парушэньне можна трапіць за краты на тэрмін да 2 гадоў.

Неадназначную рэакцыю выклікаў артыкул аб забароне ўжываньня слабых алькагольных напояў. Аматарам піва на лаўцы ў парку давядзецца заплаціць 280 000 рублёў. А за паўторнае парушэньне – 525 000.

Гаворыць рэдактар “Піўной газэты” Паўлюк Канавальчык:

“Вітаць гэта ня можам. Атрымліваецца, што цяпер шараговы аматар піва прыроўнены фактычна да “абулдоса”, які ля крамы “глушыць чарніла з гарла””.

Жадаючым выпіць за здароўе свайго калегі на працы давядзецца заплаціць
мінімум 35 000 рублёў, максымум – у 10 разоў болей.

Калі міліцыянт заўважыць бутэльку самагону, то яна абыдзецца ў 175 000 рублёў (кошт добрага віскі) і канфіскацыі самагону ў таго, хто яго вырабляе.

Павялічыўся памер штрафу да 50 базавых велічыняў за продаж алькаголю непаўналетнім.

Цяпер за гандаль з рук, ці з латку давядзецца заплаціць 105 000 рублёў. Гэта сур’ёзны ўдар па бабулькам, якія спрабуюць прадаць садавіну і гародніну кіроўцам каля трасы.

Тым часам чыноўнік, які парушыць парадак выдачы зямельнага надзелу, заплаціць усяго на 70 000 рублёў больш.

Ёсьць і не зусім зразумелыя нормы, напрыклад, за “парушэньне вызначаных заканадаўствам патрабаваньняў да выкананьня Дзяржаўнага гімну” могуць пакараць на 175 000 рублёў.

Гаворыць Лявон Баршчэўскі:

“Я падтрымліваю і так даўно ёсьць у цывілізаваных краінах Эўропы пакараньне за публічнае на віду расьпіваньне піва і г.д.


Гэта даўно трэба было абмежаваць. Але астатнія вынаходніцтвы выклікаюць усьмешку”.


Лідэр АГП Анатоль Лябедзька дадаў:

“Сытуацыя наша вельмі дрэнная. Відаць, была пастаўленая задача знайсьці грошы там, дзе, можа, яшчэ й не шукалі”.

Замест 49 артыкулаў у кодэксах зьявіліся 36 новых. Але цяпер грамадзяне ў выпадку прызнаньня сваёй віны змогуць дамовіцца зь міліцыянтам і заплаціць штраф на месцы. Ня трэба будзе праходзіць судовую працэдуру. У такой сытуацыі можна будзе разьлічваць на мінімальнае пакараньне.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG