Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іксенка ды Ігрэкавіч


Блогер Канстанцін Чарнец разважае пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.


Захід є Захід, а Схід є Схід, і їм не зійтися вдвох,
Допоки Землю і Небеса на Суд не покличе Бог

Редьярд КІПЛІНҐ (пераклад Максыма Стрыхи)



На языку круціцца дурны жарт: маўляў, украінцы змарыліся ад лібэральна-дэмакратычнага кіпеньня жыцьця і пажадалі прадказальнага супакою на беларускі капыл. І абралі сабе прэзыдэнта на -іч. Хутка, смачна, па-беларуску.

Але, паўторым, дурны выйшаў бы жарт – і не толькі таму, што найменьне найпапулярнага беларускага брэнду мае выразны ўкраінскі канчатак. Бо ў гэтым выбары выразна чуецца нотка адчаю. Суровага, ваяўнічага. Як у апошнім бою запарожцаў з туркамі / ляхамі (у залежнасьці ад геапалітычных перавагаў).

Некаторыя аналітыкі прадказвалі: "-овіч" -- гэта распаўзаньне Ўкраіны на ўсходні і заходні кавалкі, грамадзянская вайна, згортваньне дэмакратыі. Але роўна тое ж іншыя аналітыкі праракалі і на выпадак перамогі прэтэндэнта "-энка". Гэта значыць, выбарнікі адзначылі ў бюлетэнях адпаведную зьменную, лікавае напаўненьне якой можа быць якім заўгодна. Кіраваліся, як са староньняга боку здаецца, больш меркаваньнямі гогалеўскага казака: "Ужо калі на то пайшло, каб паміраць, -- так нікому ж з іх не давядзецца так паміраць!.. Нікому, нікому!.. Ня хопіць ў іх на тое мышынай натуры іхнай!"

Пераліваньне крыві – нармалёвы мэтад рэанімацыйнай дапамогі хвораму. І ўсё ж расейскім патрыётам рана піць шампанскае. Па-першае, ужо згаданае пераліваньне ня ператворыць бунтоўнага “хахла” ў сумленнага “малоросса”. Па-другое, навошта вам слон у хаце, панове? Адкуль падлеткавае нецярплівае жаданьне, каб Расея хутчэй грацыёзна паглынула Ўкраіну або хоць бы адкусіла ад яе ўсходнюю палову? Бо дурному танцору і так перашкаджае досыць што, а Ўкраіна яшчэ тая перашкода для танцаў. Гэта велізарны ды шчыльна населены край, гэта нават не Беларусь – каб давесьці такую тэрыторыю да пакорлівага шчасьця ніякіх рэсурсаў крызіснай Расеі ня хопіць. Як бы самой, далучыўшы Левабярэжжа, не разьвітацца з Заўральлем. Гэта значыць, Украіну, як анэкдатычнае сала, можна зьесьці, і яна нават, не выключана, гэта месцамі дазволіць зрабіць, ды вось ядок лопне.

Але “ще не вмерла Україна”: ёсьць велізарная надзея, якую выклікае ейная постсавецкая палітычная гісторыя. Бо не так ужо шмат значыць у ейным палітычным і гаспадарчым лёсе прэзыдэнт. Сымбалічны, так. Як знак маральнай перавагі аднаго берагі Дняпра над іншым. Але ў наяўнасьці і старажытная (яшчэ з часоў Сечы) і найноўшая традыцыя прамой дэмакратыі. Калі высьветліцца, што зноў абдурылі, на ўсякага прэзыдэнта знойдзецца свой майдан. Але каго ўскіне наверх тады гэты не апошні, але рашучы бой?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG