Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт: зомбі грукаюцца ў дзьверы


Рэгулярнае чытаньне справаздачаў антывірусных кампаніяў пра стан сеткавай бясьпекі вельмі нагадвае чытаньне зводак зь месцаў баявых дзеяньняў нейкага футурыстычнага раману, дзе рэшткі чалавецтва адстрэльваюцца ад навалы вірусаў, гіганцкіх чарвей, хадзячых мерцьвякоў ды іншае пошасьці.


Мяркуйце самі, у апошнім (за студзень 2010 году) рэйтынгу шкодных праграмаў, падрыхтаваным лябараторыяй Касьперскага, у топе фігуруюць менавіта такія назвы: чарвяк, траян, вірус.

Чалавеку недасьведчанаму яны падаюцца нейкай адной пагрозай, што мае на мэце татальнае зьнішчэньне інфармацыі на кампутары. Але ж часы, калі кампутарныя вірусы займаліся сьціраньнем файлаў ці фарматаваньнем дыска, даўно мінулі. Стваральнікі траянаў ды чарвей зараз не займаюцца такім глупствам. Яны зарабляюць грошы. Зарабляюць менавіта з дапамогай гэтай самай нечысьці, якую выкарыстоўваюць самі ці прадаюць замоўцам. Рэч у тым, што гэтыя самыя чарвякі ды траяны, за рэдкім выключэньнем, нічога не зьнішчаюць. Яны працуюць: зьбіраюць інфармацыю, крадуць паролі, канфідэнцыйныя зьвесткі і, вядома ж, размнажаюцца. Але найбольш “пэрспэктыўнай” лічыцца “праца” па замбаваньні кампутараў, каб “зомбі” працавалі на сваіх стваральнікаў, рассылаючы па ўсім сьвеце тэрабайты спаму – пошасьці, ад якой няма збавеньня ніводнаму карыстальніку электроннай пошты. Хіба што Google mail досыць пасьпяхова з гэтым змагаецца, штодня адпраўляючы ў нябыт незьлічоную колькасьць электроннага сьмецьця.

Паводле лябараторыі Касьперскага, доля спаму ў паштовым трафіку за 2009 год склала ў сярэднім 85,2%. Найбольшая колькасьць электроннага сьмецьця (16%) рассылалася з ЗША; высокую спам-актыўнасьць таксама паказвалі Расея ды азіяцкія краіны. Адзначаецца, што на тэматычны склад спаму моцна паўплываў эканамічны крызіс, акрамя таго, у мінулым годзе ўпершыню былі зафіксаваныя непажаданыя пасланьні са спасылкамі на спамэрскія відэаролікі, разьмешчаныя на сайце YouTube.


Краіны-крыніцы спаму ў 2009 годзе (дыяграма «Лябараторыі Касьперскага»).

У мінулым месяцы доля электроннага сьмецьця ў паштовым трафіку павялічылася і ў сярэднім складала 86,1%. Самы нізкі паказчык быў зафіксаваны 8 студзеня – 78,9%; больш за ўсё непажаданай карэспандэнцыі было атрымана 24-га – 89,7%.

Што рэклямуюць гэныя спамэры? Як падае той жа Касьперскі, часьцей за ўсё ў студзені рунэтнікі і байнэтнікі (якія знаходзяцца ў расейскім інфармацыйным полі) атрымлівалі пасланьні з рэклямай (у парадку зьмяншэньня актыўнасьці) мэдыкамэнтаў (зь віяграй у лідэрах), тавараў для здароўя, адукацыйных паслуг, кампутэрнага махлярства, копій элітных тавараў і інтэрнэт-паслугаў. Самая прыкметная зьява ў пяцёрцы лідэраў спам-тэматык – зьнікненьне лістоў, што рэклямуюць адпачынак і падарожжы: гэтыя лісты займалі ў сьнежні другі радок антырэйтынгаў.


Тэматычнае разьмеркаваньне спаму ў студзені (дыяграма “Лябараторыі Касьперскага”).

Асаблівасьцю апошніх месяцаў стаў рост колькасьці ашуканскіх лістоў. Сюды ўваходзяць так званыя фішынгавыя (што накіроўваць карыстальніка на сайты лжэ-банкаў, ілжэ-крамаў) і “нігерыйскія” лісты “шчасьця”, а таксама падробленыя паведамленьні пра выйгрыш ў лятарэю і г.д. У студзені іх доля перавысіла 11% ад усёй спам-пошты.

Пра “нігерыйскія” лісты гутарка асобная. Гэты фэномэн можна было б ігнараваць, каб не было занадта шмат выпадкаў, калі людзі сапраўды рабіліся іх ахвярамі. Пра сутнасьць гэтае зьявы можна падрабязна пачытаць на старонках Вікіпэдыі, адзначым коратка, што ў іх махляры звычайна просяць у атрымальніка дапамогі ў шматмільённых грашовых апэрацыях, абяцаючы салідныя працэнты з сум. Калі атрымальнік пагодзіцца ўдзельнічаць, у яго паступова выцыганьваюцца буйныя сумы грошай нібыта на афармленьне ўгодаў, выплату збораў, хабар чыноўнікам, а потым і штрафы.

Цяжка даць веры, але “вядуцца” на гэта вельмі разумныя людзі. Асабіста я ведаю некалькіх беларускіх бізнэсоўцаў, якія патрапілі на такую прынаду. Доўгі час я нават зь цікавасьцю назіраў, як мой добры прыяцель вёў перапіску зь нігерыйскімі “дабрадзеямі” і ўмяшаўся пасьля таго, як зразумеў, што сытуацыя прыняла нежартоўны абарот. Пры гэтым пераканаць прыяцеля ў тым, што яго элемэнтарна “разводзяць”, аказалася ня так і лёгка. Нагэтулькі прафэсійна і псыхалягічна тонка вялі “працу” невядомыя нігерыйскія “сябры”.

Зразумела, жыцьцё паспалітага карыстальніка кампутара ў такіх умовах зрабілася нялёгкім. Але, як той казаў, каму цяпер лёгка? Трэба быць пільным, ну і яшчэ рэгулярна слухаць вядомую песьню N.R.M. “Не хадзіце ў цёмны лес”, дзе ёсьць такія радкі:

Зомбі грукаюцца ў дзьверы.
Зомбі грукаюцца ў дзьверы.
Зомбі грукаюцца ў дзьверы,
Знаю іхнія намеры я.
Зомбі грукаюцца ў дзьверы,
Знаю іхнія намеры я.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG