Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы патрабуюць адмяніць візыт Мартынава ў Варшаву


Апазыцыйная партыя “Права і справядлівасьць” запатрабавала адмяніць візыт у Варшаву міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава. Прычына — сытуацыя вакол Дома польскага ў Івянцы. “Права і справядлівасьць” ачольвае Яраслаў Качыньскі, брат прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага.

Кіраўнік партыйнай фракцыі ў Сойме Гражына Генсіцка заклікала прэм'ер-міністра Дональда Туска прапанаваць Эўразьвязу накласьці на Беларусь гандлёвае эмбарга, паведамляе РАР.

Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што не зьбіраецца скасоўваць візу Мартынава. “Зь Беларусьсю трэба размаўляць, а не ізаляваць яе”, — цытуе Сікорскага Польскае радыё.

8 лютага Сікорскі заявіў, што мае намер “па-мужчынску” пагаварыць са сваім беларускім калегам падчас яго прыезду.

“Хочам, каб ня толькі польскі бок казаў пра тое, як шмат можа страціць Беларусь, калі зноў вырашыць самаізалявацца. Мы ня можам забараніць гэтага Беларусі, але паважаць правы нацменшасьцяў, паважаць правы апазыцыі — гэта асноўная ўмова збліжэньня з Эўразьвязам”, — заявіў кіраўнік польскага МЗС.

Паводле неафіцыйных дадзеных, візыт Мартынава заплянаваны на 12 лютага, аднак у МЗС Беларусі гэтую інфармацыю не камэнтуюць. “У свой час мы пра гэта паведамім”, — заявіла БелаПАН намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына.

Стасункі паміж Менскам і Варшавай абвастрыліся пасьля канфлікту ў Івянцы (Валожынскі раён Менскай вобласьці). Мясцовы Дом польскі ня могуць падзяліць непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў у Беларусі і афіцыйная арганізацыя.

Пры гэтым кожны з бакоў сьцьвярджае, што мае на будынак права ўласнасьці.

8 лютага судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць Дома польскага.

Кіраўніцтва непрызнаванага СПБ назвала гэта захопам і зьвярнулася па падтрымку да ўладаў Польшчы.

Пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін адкліканы для кансультацый у Варшаву.

9 лютага стала вядома, што прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі запросіць на сустрэчу лідэра неафіцыйнага СПБ Анжаліку Борыс і прадстаўнікоў Саюзу палякаў на Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG