Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аглядная місія МВФ пачала працу ў Беларусі


Місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) будзе працаваць у Менску 3-16 лютага ў межах 4-га агляду праграмы stand-by.


Місія падвядзе вынікі, як выконваецца праграма, і адкарэктуе макраэканамічны прагноз для Беларусі, у тым ліку з улікам зьмяненьня цэнаў на імпарт нафты.

У залежнасьці ад гэтага экспэрты МВФ ацэняць, ці магчыма памегчыць працэнтную палітыкі, якую анансаваў кіраўнік Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч.

Раней Пракаповіч заяўляў пра намер зьнізіць стаўку рэфінансаваньня да 12% гадавых ад 1 ліпеня 2010 года з 13,5% гадавых, якія дзейнічаюць ад 1 сьнежня 2009 года.

Місія таксама абмяркуе з уладамі іх намер павялічыць у 2010 годзе крэдытаваньне эканомікі на 40%, паведамілі Інтэрфаксу ў беларускім офісе МВФ.

Раней МВФ прагназаваў рост валавага ўнутранага прадукту ы Беларусі ў 2010 годзе ў межах 2%.

У канцы студзеня Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця падвысіў ацэнку росту эканомікі Беларусі ў 2010 годзе з 0,9% да 3%.

МВФ прыняў рашэньне пра рэалізацыю сумесна з уладамі Беларусі 15-месячнай праграмы stand-by у студзені 2009 году. У чэрвені гэтага году аб'ём фінансаваньня праграмы быў павялічаны з 2,6 млрд да 3,6 млрд даляраў.

Паводле афіцыйных дадзеных, беларуская дзяржава пазычыла ўжо больш за 6 мільярдаў даляраў. Але ў гэтую лічбу не ўваходзяць запазычанасьці банкаўскай сыстэмы краіны.

Беларусь атрымала чарговы, чацьверты, транш крэдыту МВФ у памеры больш за 688 млн. даляраў 23 сьнежня 2009 году. У выніку памер рэсурсаў, прадстаўленых Беларусі па праграме stand-by, дасягнуў прыкладна 2,88 млрд. даляраў. Агульны кошт праграмы ацэньваецца прыкладна ў 3,63 млрд. даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG