Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сальда нафтавай “вайны”


Што страціла Беларусь ад нафтавых пагадненьняў, падпісаных у Маскве 27 студзеня? Ці могуць гэтыя страты быць у пэрспэктыве зьменшаныя? Як можа закрыць гэтыя фінансавыя “дзіркі”? Якім будзе палітычны эфэкт выніку нафтавых перамоваў?

Удзельнічаюць: зь Менску – эканамісты Аляксандар Кавалёў і Сяргей Чалы, зь Лёндану – старшы экспэрт Інстытуту дзяржаўных ідэалёгіяў Натальля Лешчанка.

Дракахруст: Які фінансавы вынік для Беларусі беларуска-расейскага нафтавага пагадненьня? Большасьць экспэртаў называюць яго паразай афіцыйнага Менску. Аднак вось першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што страты для бюджэту не такія ўжо і вялікія. А якія дакладна страты для беларускай эканомікі, з чаго яны складаюцца?

“Нарэшце беларускія НПЗ атрымалі моцны сыгнал, што трэба падвышаць сваю эфэктыўнасьць”


Кавалёў: Я пакуль ня буду пра лічбу. Давайце размысьлім, якія плюсы і мінусы дае нам гэтае пагадненьне. Відавочныя мінусы – гэта страта бюджэтам экспартнага мыта ад нафтапрадуктаў. Пра гэта ўжо было заяўлена, і гэта відавочна, бо калі будзе два гэтых экспартных мыта, дык зразумела, што беларускія нафтапрадукты на эўрапейскім рынку нікому будуць непатрэбныя з-за іх кошту. Між тым 85% гэтага экспартнага мыта перапраўлялася ў расейскі бюджэт. Таму не такі гэта і мінус.Таксама відавочна, што нашы НПЗ стануць яшчэ менш прыбытковыя, адпаведна зьменшыцца памер падатку на іх прыбытак. Гэта таксама ўдар па беларускім бюджэце і па кошту бізнэсу гэтых прадпрыемстваў – яны патанеюць.

Плюс – у давальніцкіх схемах магчымасьць рэалізацыі са зваротам прадуктаў перапрацоўкі ў Расею. Яшчэ адзін плюс, што пастаўкі на ўнутраны беларускі рынак будуць без расейскага экспартнага мыта, і таму іх сабекошт павінен быць меншы. Я баюся, што з-за гэта пачнецца ціск бюджэтных лябістаў за тое, каб падняць у Беларусі акцыз на бэнзін. І як плюс я расцэньваю тое, што нарэшце беларускія НПЗ атрымалі моцны сыгнал, што трэба падвышаць сваю эфэктыўнасьць, і калі ўвесь сьвет працуе на сусьветных цэнах на нафту, то і нам трэба неяк прыстасоўвацца, каб мець рэнтабэльнасьць нават пры гэтых цэнах.

Дракахруст: Сяргей, а лічбу стратаў усё ж можна назваць?

“Мытны саюз рабіўся выключна для абароны ад імпарту”
Сяргей Чалы

Чалы: Зараз стала зразумела, што мытны саюз рабіўся выключна для абароны ад імпарту. Экспарт ён наагул не рэгулюе. Ідэя была ў распаўсюдзе пратэкцыянісцкіх мераў, якія Расея ўвяла летась, на больш шырокую мытную тэрыторыю. Ужо адно тое, што існуе экспартнае мыта паміж краінамі мытнага саюзу, гаворыць, што ён не для таго ствараўся.

Што тычыцца лічбаў, то тут шмат фактараў. Калі лічыць у параўнаньні з тым, што мы мелі летась, калі на ўсю нафту, якую нам пастаўлялі, быў паніжальны каэфіцыент 0.35 ад поўнага мыта, якое складала 265 даляраў на тону, а зараз 6.3 мільёна тон бяз мыта, а астатняе – 15 мільёнаў – з поўным мытам, то страты толькі на гэтым атрымліваюцца прыблізна каля 2.5 мільярдаў даляраў. І калі, як плянуецца, скасаваць экспартнае мыта на нафтапрадукты, якое складае ў нас 10% бюджэту, то з улікам гэтага міжбюджэтнага падзелу гэта яшчэ каля 200-350 мільёнаў даляраў.

Дракахруст:
Натальля, а якая ваша ацэнка прыбыткаў і стратаў гэтага пагадненьня? Вы згодны з меркаваньнем, што Беларусь прайграла?

“Беларусь добра трымала абарону”

Лешчанка: Правільней было б сказаць, што Беларусь добра трымала абарону. У Расеі падлічваюць, што калі б пагадненьне было заключанае на першапачатковых расейскіх умовах, то расейскі бюджэт атрымаў бы яшчэ каля 6 мільярдаў даляраў. Насамрэч па выніках цяперашняга пагадненьня ён атрымае 1.5 мільярда. Зразумела, што для беларускага боку умовы пагоршыліся, гэта ня варта адмаўляць, але зь іншага боку, чаму тут зьдзіўляцца? Пакуль сытуацыя заснаваная не на рынкавай аснове, мы заўсёды можам стаць ахвярамі паступовага пагаршэньня сытуацыі для беларускага боку.

Цікавы плюс тут палягае ў тым, што беларускі ўрад размаўляў з самым цяжкім, пасьля Пуціна, перамоўшчыкам у расейскім урадзе – зь Ігарам Сечынам, і тое, што яны здолелі выгандляваць хаця б мінімальныя саступкі.

Дракахруст: У дзень падпісаньня пагадненьня прагучала некалькі заяваў пра яго , так бы мовіць, умоўны характар. Можа, з 1 ліпеня ўвойдуць у поўную моц пагадненьні аб мытным саюзе, і Расея будзе абавязаная прадаваць Беларусі нафту бяз мыта, у верасьні бакі вернуцца да перамоваў, і калі высьветліцца, што тэмпы росту беларускага ВУП будуць болей, чым мяркуецца зараз, то бязмытная квота будзе павялічаная. Нарэшце за Беларусьсю пакінутае права падвышаць стаўку транзытнага тарыфу. Усе гэтыя “але”, калі яны спраўдзяцца – ці могуць яны кардынальна зьмяніць сытуацыю, зьменшыць тыя страты, пра якія мы казалі?

“У нас атрымалася, як заўжды: увесь час ставім вазок наперадзе каня”

Чалы: Зразумела, не. Я яшчэ хацеў дадаць да словаў Натальлі. Я, па шчырасьці, не заўважыў, што наш бок здолеў нешта выгандляваць, бо лічба бязмытных паставак у памеры 6.3 мільёна тон была ад пачатку прапанаваная расейскім бокам. Ня надта зразумелая заява Сямашкі, што мы здолелі "пасунуць" Расею з 5 млн. да 6.3 млн. тон. Гэтая лічба ўзятая са столі. Нашы прасілі 8 мільёнаў, расейцы мінусавалі ад гэтага 1.7 мільёна тон нашай унутранай здабычы, і атрымлівалася якраз 6.3.

Што тычыцца падвышэньня тарыфу за транзыт на 11%, гэта на самой справе дае капейкі, там размова ідзе пра некалькі дзесяткаў мільёнаў даляраў.

Наконт магчымасьці падвышаць яго ў будучыні, то мы наадварот зьвязалі сабе рукі гэтым пагадненьнем. Размова ідзе пра тое, што дамова па нафце часовае, а вось пагадненьне аб гарантыях бесперабойнага транзыту – доўгачасовае, і паводле яго мы штогод маем права падвышаць транзытны тарыф на велічыню інфляцыі +3%. Гэта вельмі мала. Для прыкладу – Украіна бяз войнаў здолела дамовіцца аб падвышэньні транзытнага тарыфу на 30% у параўнаньні з нашымі 11%.

Што тычыцца 1 ліпеня, калі будзе пашыраны сьпіс тавараў мытнага саюзу, то расейская пазыцыя ўжо відавочная. Для Расеі мытны саюз не зьяўляецца мытным саюзам, якім ён павінен быць.

Стандартна лічыцца, што мытны саюз – гэта больш шчыльная, наступная за зонай вольнага гандлю стадыя інтэграцыі краін, калі спачатку здымаюцца ўсе бар'еры на гандаль паміж краінамі, а потым ужо ўводзяцца зьнешняя мытная палітыка, а наступны за гэтым крок – гэта адзіная эканамічная прастора, калі ўніфікуюцца бюджэтная і падатковая палітыка. У нас атрымалася як заўжды – увесь час ставім вазок наперадзе каня: ўводзім мытны саюз, які адказвае за імпартныя мыты, але ня маем паміж сабой нават вольнага гандлю. Такі мытны саюз доўга не пражыве, бо ён абсурдны.

Чаму месяц ламалі дзіды, а нарэшце пагадзіліся на тое, што ляжала на стале яшчэ напрыканцы мінулага году? Падпісаньне мытнага саюзу дало нашай краіне козыр, што, маўляў, якое мыта можа быць паміж краінамі зьвязу. А высьветлілася, што ў Расеі гэта так разумеюць.

“Няўжо ў беларускім урадзе сядзяць людзі настолькі даверлівыя, што не разумеюць, што ў Расеі ёсьць туз у рукаве?”

Кавалёў: Я згодны зь Сяргеем – ніякага мыта ўнутры мытнага саюзу быць ня можа паводле вызначэньня. Калі Расея пайшла па падпісаньне гэтага саюзу, мне было незразумела, няўжо ў беларускім урадзе сядзяць людзі настолькі даверлівыя, што не разумеюць, што ў Расеі ёсьць туз у рукаве. Калі прыйдзе 1 ліпеня, Расея ўзьніме пытаньне пра новую формулу падзелу экспартнага мыта ад нафтаперапрацоўкі, калі яна пагадзіцца на бязмытныя пастаўкі нафты ў Беларусь, але ўвядзе падатак на выкачку нафты на свае прадпрыемствы і будзе гэта пераразьмяркоўваць у свой бюджэт у выглядзе падатку, проста кошты падымуцца для Беларусі. Ці прыгадаюць, што Беларусь нешта ў Вэнэсуэле здабывае, і скажуць што гэта ўнутраная здабыча Беларусі. Варыянтаў ёсьць колькі заўгодна. Расея ніколі ня пусьціць нас на тое, каб мы атрымлівалі выгаду ад таго, што яна мае ў сябе вуглевадародныя рэсурсы.

Мне незразумелая недальнабачнасьць беларускіх уладаў. Калі ўжо мы хацелі атрымаць бязмытную нафту, трэба было пры падпісаньні пагадненьняў пра КСАР АДКБ і супольную супрацьпаветраную абарону завязваць іх на сапраўдны мытны зьвяз зь бязмытным гандлем паміж краінамі

Дракахруст: За кошт чаго Беларусь можа закрыць фінансавую “дзірку”, якая ўтварылася ў выніку нафтавых пагадненьняў ад 27 студзеня? Якая імавернасьць прыцягненьня адпаведных фінансавых сродкаў ад міжнародных фінансавых арганізацыяў? А калі нешта іншае, то што? Уявіце сябе, Натальля, на месцы Аляксандра Лукашэнкі – дзе б знайшлі гэтыя грошы?

“Зараз трэба задаваць пытаньне не дзе ўзяць грошы, бо колькі б іх ня бралі, яны ўсё роўна разыходзяцца, а краіна застаецца з пустымі рукамі”
Натальля Лешчанка

Лешчанка: Пытаньне, дзе ўзяць грошы, у прынцыпе правільнае, але калі параўнаць краіну з чалавекам, то гэта імкненьне знайсьці працу з самым высокім заробкам замест таго, каб зразумець, што ён можа рабіць лепш за ўсё. Я мяркую, што зараз трэба задаваць пытаньне не дзе ўзяць грошы, бо колькі б іх не бралі, яны ўсё роўна разыходзяцца, а краіна застаецца з пустымі рукамі. Час зразумець, для чаго грошы патрэбныя, што Беларусь з сябе ўяўляе і што хоча рабіць. Не атрымаць недзе грошы, ізноў нешта аддаўшы і саступіўшы, а задаць сур’ёзныя пытаньні, што Беларусь хоча прапанаваць сьвету і што для гэтага трэба. І шукаць не крэдыты, якія толькі дапамагаюць спыніць кроў, а рэальныя інвэстыцыі пад канкрэтныя тэмы.

“Грошы без стратэгіі – грошы на вецер”

Кавалёў: Што рабіць? Па-першае, трэба рэалістычна паглядзець на беларускі бюджэт. Паверце – там ёсьць што скарачаць. Трэба зразумець, што ва ўмовах крызісу з улікам неспрыяльнай расейкай кан'юнктуры неабходна вызначыць, што мы зараз ня можам сабе дазволіць. І скараціць. Гэта будзе падтрымка тых стратных прадпрыемстваў, якія ня могуць працаваць у рынкавых умовах, гэта і сацыяльныя праграмы, якія ня б'юць па кароткатэрміновых інтарэсах людзей – гэта не заробкі і ня пэнсіі. Ну, і плюс прыватызацыя. Можа, гэта і шчасьце, што раней яе не правялі, і зараз яна можа даць істотны плюс у сёлетні бюджэт.

Я згодны з Натальляй – бяда, што няма стратэгічнага бачаньня, мы ня ведаем, чаго на самой справе хочам. А можа і ведае хто, але гэта не агучваецца. Мы не знайшлі сваё месца ў сусьветнай спэцыялізацыі. Грошы без стратэгіі – грошы на вецер.

Дракахруст: Сяргей, наколькі я ведаю, вы не заўсёды былі вольным эканамістам. У свой час вы давалі канкрэтныя парады, пісалі праграмы для беларускага ўраду і прэзыдэнта. Як бы вы сёньня адказалі на пытаньне, дзе ўзяць грошы, якое яны зараз задаюць і сабе, і сваім дарадцам? І якая была б іх рэакцыя на параду, што трэба проста новае бачаньне?

“Калі расейскія цэны дасягнуць узроўню сусьветных усё вернецца да нармальнай лёгікі: мэтраполіяй будзе той, хто перапрацоўвае, а калёніяй той, хто здабывае”

Чалы: Напачатку пару рэплік да словаў калегаў. Наконт пажаданьня Натальлі, каб Беларусь перайшла на празрыстыя стасункі з Расеяй. Справа ў тым, што ў Расеі вельмі спэцыфічнае ўяўленьне пра празрыстыя стасункі. Гэта добра бачна па тым, як яна спрабуе выбудаваць прамые “празрыстыя” кантракты па нафце і газу з ЭЗ. Гэта доўгатэрміновыя кантракты, якія не прывязаныя да рынкавай кан’юнктуры. Такога нам дакладна ня трэба.

А наконт развагаў Аляксандра, як Расея магла б яшчэ пагоршыць для нас сытуацыю, то яна гэта ўжо зрабіла з 2 студзеня, калі з расейскіх нафтапрадуктаў, якія пастаўляюцца ў Беларусь, спаганяецца такое ж экспартнае мыта, як і з паставак у краіны, якія не ўваходзяць у мытны саюз. Фактычна Расея сваім рашэньнем ад 2 студзеня заявіла, што Беларусь для яе не зьяўляецца краінай мытнага зьвязу.

Зараз пра тое, дзе можна знайсьці грошы і што можна прапанаваць. Я б злучыў тут і стратэгічнае бачаньне, і тое, як перажыць гэты год. Па-першае, у нас зараз няма вялікіх праблемаў з прапановай грошай. У нас ёсьць кітайскі крэдыт 5.7 мільярда даляраў, які мы пакуль ня ведаем, чым запоўніць, бо ў нас няма нармальных інвэстыцыйных праектаў. У лютым у нас будзе апошні візыт місіі МВФ, якая будзе вырашаць па выніках года, працягваць супрацоўніцтва ці не. Восеньню, калі зьявілася паляпшэньне эканамічнай сытуацыі, зьнешняй кан'юнктуры, нашы ўлады пачалі казаць, што можа нам ужо і непатрэбная гэтая праграма, можа быць мы самі абыдземся.

Я нават рады, што Расея штурхае нас у абдымкі МВФ, які можа прапанаваць сумы да 7 мільярдаў даляраў. Прычым праграма больш працяглая, а грошы вельмі танныя. Гэта добры варыянт.
Юры Дракахруст

А што да бачаньня, то МВФ, у адрозьненьне ад беларускіх уладаў, больш-менш уяўляе сабе, што можна рабіць з беларускай эканомікай. Фактычна яны напісалі для нас праграму структурных пераўтварэньняў, як можна рэзка падвысіць эфэктыўнасьць нашай эканомікі. Сутнасьць палягае ў тым, што мы можам спалучыць карыснае з прыемным: працягнуць супрацоўніцтва з МВФ і зрабіць, дзякуючы іх крэдыту, тыя рынкавыя пераўтварэньні, якія нам патрэбныя.
Я нават не пра прыватызацыю, а пра распутваньне клубка схаваных і скрыжаваных субсыдый, міжбюджэтных рахункаў.

І ізноў пра бачаньне. Зараз абсурдная сытуацыя. Краіна, якая нічога не вырабляе, а толькі бярэ са сваіх нетраў сыравіну (гэта нават не здабыча), дыктуе эканамічныя ўмовы краінам, якія перапрацоўваюць гэтую сыравіну. У доўгатэрміновай пэрспэктыве так быць ня можа, раней ці пазьней, калі расейскія цэны дасягнуць узроўню сусьветных усё вернецца да нармальнай лёгікі: мэтраполіяй будзе той, хто перапрацоўвае, а калёніяй той, хто здабывае.

Тое, што адбылося, гэта добра. Бо рэформы ў нас адбываюцца толькі тады, калі кепска. Калі робіцца лепш, мы пачынаем думаць, што можа і ня трэба нічога рабіць.

Дракахруст: Якім на ваш погляд будзе палітычны эфэкт гэтага месяца супрацьстаяньня і ягонага завяршэньня для кіраўніка Беларусі? З аднаго боку, біўся да апошняга. З другога, ну і чаго дабіўся, чаго дамогся? Можа, шмат хто зразумее гэта так, што, як у казцы пра Маўглі, “Акела прамахнуўся”?

“Праз год мы ўбачым цяперашняга прэзыдэнта з праграмай "Беларусь - у Эўропу".

Чалы: Ну, ўсё ж не прэзыдэнт вёў перамовы. Абвінавачваць яго ў тым, што Сямашка выставіў сябе такім кепскім перамоўшчыкам наўрад ці мае сэнс. Зь іншага боку, я ўяўляю, да якіх палітычных наступстваў гэта прывядзе. Гэта працяг таго, што было летась. Расея сама робіць усё, што магчыма, каб адвярнуць Беларусь ад сяброўства зь ёй. Робіцца зразумелым, што ў Расеі ня можа быць ніякіх саюзьнікаў, у яе могуць быць толькі васалы. Зразумела, што васалам ніхто быць ня хоча. І ўжо нават паводле сацапытаньняў упершыню колькасьць людзей, якія імкнуцца да эўраінтэграцыі, упершыню перавысіла колькасьць тых, хто імкнецца да саюзу з Расеяй.

Праз год мы ўбачым цяперашняга прэзыдэнта з праграмай "Беларусь – у Эўропу".

“Скажуць: "Сямашка прамахнуўся", будуць перастаноўкі ва ўрадзе. Іміджу прэзыдэнта гэта шкоды ня зробіць”

Кавалёў: Мой прагноз такі. Скажуць "Сямашка прамахнуўся", будуць перастаноўкі ва ўрадзе. Іміджу прэзыдэнта гэта шкоды ня зробіць. Што да ацэнкі Сяргея, то Расеі патрэбныя нават не васалы, ёй патрэбныя тэрыторыі. Гісторыя гэта паказвае. І тое, што робіцца з таго часу, калі ўпершыню ўвялі нафтавае мЫта для Беларусі, Расея робіць усё, каб адпіхнуць нас ад сябе. І гэта добра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG