«Можна трошкі паэкспэрымэнтаваць, пагарэзіць, — але і папрацаваць на пэрспэктыву»
Цыганкоў: Як можна ацаніць пачатак прэзыдэнцкай кампаніі Алеся Міхалевіча? Ці можна сказаць, што гэта паліталягічна і тэхналягічна вельмі разумны крок маладога палітыка альбо гэта фальстарт? Алесь Міхалевіч, якому толькі сёлета споўніцца 35 гадоў (узрост, паводле Канстытуцыі неабходны для вылучэньня ў прэзыдэнты), заявіў, што будзе вылучацца незалежна ад намераў іншых патэнцыйных кандыдатаў.
Класкоўскі: Гэта ўжо нейкае абвяржэньне стандартаў. Бо ўжо стала нейкім агульным месцам казаць, што дзьве чарговыя электаральныя кампаніі цалкам прадказальныя, у іх няма інтрыгі, усё будзе паводле расьпісанага. Але тут Міхалевіч дае такі даволі нестандартны пачатак, таму ўжо пачынаюцца нейкія сюрпрызы.
Увогуле ж любому палітыку патрэбная няспынная самараскрутка. Кожны зь іх мусіць ствараць нейкія моцныя інфармацыйныя нагоды, рабіць яркія піяр-хады, і Міхалевіч якраз гэта робіць.
Іншае пытаньне, чаму ён гуляе сам па сябе, і якія ў яго шанцы. Першае, што просіцца на язык — гэта тое, што апазыцыя разьяднаная, што кожны гуляе сам па сябе (даволі стандартныя развагі аналітыкаў).
Сёньня ў апазыцыі бадай ніхто ня мае сур’ёзных спадзяваньняў на перамогу ў гэтай кампаніі. Таму выбары разглядаюцца як тэхнічныя.
Цыганкоў: Дарэчы, сам Міхалевіч выдаў такую даволі яркую формулу, калі заявіў — «мы не за ўладу, мы не за апазыцыю, мы за Беларусь». Ці ўдасца яму, былому намесьніку старшыні БНФ, пазыцыянаваць сябе як незалежнага кандыдата, які ідзе не ад апазыцыі, а ад маладых слаёў грамадзтва?
Чавусаў: Цяперашняя сытуацыя ў грамадзкай думцы, калі народ у значнай ступені не падтрымлівае ўладу, але пры гэтым не выступае і за апазыцыю — штурхае шмат якіх палітыкаў скарыстацца гэтым нібыта ласым электаральным кавалкам. Нагадаю, што напярэдадні мінулых выбараў і спадар Казулін выступаў з пазыцыяў «трэцяй сілы», можна ўзгадаць і Фралова, Марыніча. Але ніводная з гэтых спробаў ня стала ўдалай.
Мне падаецца, што такі падыход патрабуе нейкіх вельмі сур’ёзных новых крокаў, каб захапіць гэтую плыню тых, хто ня вызначыўся. Пакуль у самім факце вылучэньня Міхалевіча я ня бачу такіх крокаў. Бо можна колькі заўгодна казаць, што ты новая сіла, ты больш прывабны, але — Міхалевіч успрымаецца як апазыцыйны палітык. І пераламіць гэта будзе вельмі цяжка.
«Сытуацыя зараз больш спрыяльная для палітыкаў-адзіночак»
Цыганкоў: Да выбараў застаецца менш году, а арганізаваная апазыцыя дагэтуль ня вырашыла, у якім фармаце яна будзе выбіраць адзінага кандыдата, калі ён будзе вылучаны. І вось тут знаходзіцца Алесь Міхалевіч, які кажа, што «я ня буду чакаць, ня буду ўдзельнічаць у вашых гульнях, буду вылучацца сам». Можа, гэта і ёсьць той крок, які міжволі падштурхне астатніх суб’ектаў палітыкі хутчэй варушыцца?
Класкоўскі: Сапраўды, гэта яшчэ ажно абвяржэньне стандартаў з боку Міхалевіча, бо стала ўжо традыцыяй казаць, што апазыцыя заўжды спазьняецца. І калі браць кампанію мясцовых выбараў, то гэта цудоўна відаць.
Дык вось, я думаю, гэта палітычная моладзь можа падкінуць перцу і прымусіць варушыцца старэйшых палітыкаў. Канечне, тут можна набіць гузакоў і спаліць сябе раней часу, — але гэта таксама досьвед. Можа, якраз на Міхалевічы ўлада пакажа, як яна будзе сябе паводзіць падчас гэтых выбараў — і гэта будзе нейкай падказкай для болей «цяжкавагавых» кандыдатаў.
Чавусаў: Ня трэба забывацца, што пра свой намер вылучацца на прэзыдэнцкіх выбарах Міхалевіч заявіў яшчэ ўвесну 2008 году, яшчэ да выключэньня з партыі БНФ.
Што да электаральных пэрспэктываў, то сапраўды, сытуацыя зараз больш спрыяльная для такіх палітыкаў-адзіночак. Гэта зьвязана з працэсамі дэзінтэграцыі, што адбываюцца ў партыйнай апазыцыі. Калі ў 2006 годзе мы мелі адзіны гравітацыйны цэнтар (АДС), адзіны працэс вызначэньня кандыдатаў. І гэты цэнтар уключаў у сваю арбіту вось гэтых палітыкаў-адзіночак, якія валодалі дастатковай вядомасьцю, але ня мелі структураў за сабой. Зараз мы такога адзінага цэнтру ня бачым, і адпаведна зьяўляюцца пэўныя пэрспэктывы для палітыкаў-адзіночак. У іх зьяўляюцца пэрспэктывы выступаць на роўных з тымі вылучэнцамі партыяў, што маюць за сабой структуры.
Цыганкоў: Ці можа вылучэньне Алеся Міхалевіча падказаць нам, якім будзе сцэнар гэтых выбараў? Ці справядліва сказаць, што большасьць лідэраў апазыцыі разумеюць, што перамогі на гэтых выбарах яны ня могуць атрымаць — і таму будуць працаваць дзеля будучыні, дзеля рэсурсаў і аўтарытэту? Такім чынам, выбары становяцца пэўным спаборніцтвам паміж апазыцыйнымі кандыдатамі?
«Няма стратэгіі перамогі, яснага сцэнару, як перамагаць»
Класкоўскі: Крок Міхалевіча — лішні доказ таго, што адзінага кандыдата ня будзе, іх будзе некалькі. Як мінімум, пойдзе Мілінкевіч і нехта ад АДС. Калі казаць пра Міхалевіча, то хаця ён і малады, але ярлык БНФаўца на яго ўжо прыклеены, і тут яму цяжка будзе мімікраваць, згуляць пад «свайго хлопца» — прапаганда тут усё патлумачыць. Варыянт нейкага самародку з масаў таксама вельмі праблематычны, зараз, урэшце, не 94-ы год.
Таму, сапраўды, кампанія ўяўляецца тэхнічнай. Я думаю, гэта будзе такі пляцдарм для самараскруткі шэрагу кандыдатаў і іхняй працы на пэрспэктыву. Што не выключае кансалідацыі на пэўным этапе. Не выключаю, што на пэўным этапе той самы Міхалевіч, калі ня здолее сабраць сто тысячаў подпісаў, адкіне свае амбіцыі і дысьціплінавана пойдзе, напрыклад, пад сьцягам БНБ.
Няма стратэгіі перамогі, яснага сцэнару, як перамагаць. Калі ў2006-ым гэта быў сцэнар паводле ўкраінскага ўзору памаранчавай рэвалюцыі — то зараз гэты погляд зьяўляецца падкрэсьлена маргінальным.
Чавусаў: Сапраўды, мала хто разглядае сёньня верагоднасьць перамогі. Я б сказаў, што праблема гэтых выбараў для апазыцыі — не ў адсутнасьці шыхтоў, ці ў адсутнасьці добрых кандыдатаў, а ў ідэі. Няма стратэгіі перамогі, яснага сцэнару, як перамагаць. Калі ў 2006-ым гэта быў сцэнар паводле ўкраінскага ўзору памаранчавай рэвалюцыі — то зараз гэты погляд зьяўляецца падкрэсьлена маргінальным.
І сцэнар БНБ (на дыялёг з уладамі), і сцэнар АДС (на неабходнасьць палярызацыі ў грамадзтве) — не арыентаваныя на перамогу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Адсюль — канцэнтрацыя на «малых справах», на пытаньнях геапалітычнага выбару. Гэта ўсё з-за таго, што няма трывалага разуменьня, што ж апазыцыя ўрэшце хоча дамагчыся на гэтых выбарах.
Апазыцыя цяпер не гулец у прэзыдэнцкіх выбарах, а ўсяго толькі частка дэкарацыі.
Класкоўскі: Спадар Чавусаў абмаляваў такую сытуацыю, што пераможнай стратэгіі паводле вызначэньня ня можа быць, бо няма і выбараў. Таму для апазыцыі гэта выбар тых, вядомых з байкі, дзьвюх жабаў у сьмятане. Ці трапятацца ці бязвольна апускацца на дно. Я лічу, што болей пэрспэктываў маюць тыя жабы, што імкнуцца трапятацца
Чавусаў: Але гэта стратэгія самазахаваньня. Аднак мы ня можам прапанаваць выбарніку прагаласаваць за апазыцыйнага кандыдата толькі таму, што «ну, бяз гэтага апазыцыйныя партыі ня могуць існаваць». І Міхалевіч якраз кажа — «мая мэта — не самазахаваньне, а большае — выказваньне інтарэсаў тых слаёў грамадзкасьці, якія не выказвае сёньняшняя апазыцыя»
Але пры гэтым усё роўна застаецца пытаньне, а навошта выбарніку галасаваць за гэтага кандыдата?