Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Міхалевіч: “Мая каманда адпраўляецца ў свой складаны палёт. Паехалі!”


Алесь Міхалевiч сустракае запрошаных у фае Плянэтарыя.
Алесь Міхалевiч сустракае запрошаных у фае Плянэтарыя.

27 студзеня аб пачатку сваёй прэзыдэнцкай кампаніі афіцыйна абвясьціў палітык Алесь Міхалевіч. Гэта першы беларускі апазыцыянэр, які кінуў выклік дзейнаму прэзыдэнту краіны.

Працаўнікі плянетарыя (зьлева) кажуць, што здымка ў памяшканьні забаронена.

Стартавала кампанія нетрадыцыйна — у Менскім плянэтарыі, што ў сталічным парку імя Горкага. Запрошаныя палітыкі, журналісты, грамадзкасьць выслухалі лекцыю пра плянэту Зямля ды іншыя плянэты Сонечнай сыстэмы, палюбаваліся мапай зорнага неба. Але ўласна прэзэнтацыю давялося праводзіць у іншым месцы — у кавярні паблізу.

Усе праслухалі лекцыю пра зоркі.

Алесь Міхалевіч выводзіць журналістаў з плянэтарыя.

Алесь Міхалевіч: «Ідзіце за мной, ня бойцеся!»

Усіх запрасілі ў кавярню.

Кампанія будзе грунтавацца на прынцыпова новых для беларускай палітыкі пазыцыях, запэўніў Алесь Міхалевіч:

«Мы адчуваем патрэбу ў неадкладнай мадэрнізацыі Беларусі на падставе лепшых заходніх узораў, але з абавязковым захаваньнем нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці. Мы маем сваё бачаньне Беларусі ў будучым і ведаем, што трэба рабіць, каб гэтага дасягнуць».

Першая частка праграмы была прачытана з другога яруса: «Мы не за ўладу, мы не за апазыцыю, мы — за Беларусь!»

Пакуль ні чальцоў каманды, ні праграмы Алесь Міхалевіч не прадставіў — да выбараў яшчэ больш за год. Але запэўніў, што ў яго камандзе будуць толькі прафэсіяналы. Што да электарату, які павінен падтрымаць праграму, спадар Міхалевіч кажа:

«Асноўнай сваёй базай мы бачым параўнальна маладое, добра адукаванае гарадзкое насельніцтва, людзей, падобных да нас, якія маюць сілу, здольнасьці і патэнцыял для лепшай рэалізацыі ў жыцьці. Мы ўпэўненыя, што прынамсі ў гэтым сэгмэнце грамадзтва мы здольныя атрымаць падтрымку непараўнальна большую, чым іншыя патэнцыяльныя кандыдаты. У ніводнай іншай камандзе ня будзе такой вялікай колькасьці адукаваных і пасьпяховых маладых людзей».

Для стварэньня адмысловай атмасфэры запрасілі музыкаў.

Спадар Міхалевіч падкрэсьліў, што ягоная кампанія ня будзе грунтавацца на крытыцы супернікаў:

«Мы будзем пазьбягаць адназначнага пазыцыянаваньня нашага кандыдата як чалавека, блізкага да сёньняшніх уладаў або чалавека, блізкага да апазыцыі. Мы не за ўладу. Мы не за апазыцыю. Мы — за Беларусь!»

Хто падтрымае кампанію матэрыяльна? Алесь Міхалевіч адказаў так:

«Такую нашу пазыцыю падзяляюць прадстаўнікі бізнэс-супольнасьці ўнутры Беларусі, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары ў сьвеце, якія гатовыя нам аказаць усялякае спрыяньне. Таму кампанія будзе рабіцца з прыцягненьнем выключна беларускіх грошай, што таксама будзе прынцыпова розьніць яе ад кампаній іншых кандыдатаў».

Ці будзе птушка шчасьця добразычлівай да Алеся?

Дарэчы, на прэзэнтацыі спадар Міхалевіч стаяў побач з экранам, дзе была выява ракеты, гатовай да старту. Ён сказаў, што і пачатак прэзэнтацыі ў плянэтарыі, і гэтая ракета — не выпадковыя сымбалі:

«Усе пачыналі з малога. Старт адной ракеты паклаў пачатак асваеньню космасу. Мая каманда адпраўляецца ў свой складаны палёт. Паехалі! Я ў любым выпадку пайду да канца. Я буду рабіць усё, каб стаць прэзыдэнтам».

«Мы адпраўляемся ў свой адкрыты палет!»

Прысутныя зь цікавасьцю слухалі маладога палітыка. Вось некалькі меркаваньняў пра пачатак кампаніі Алеся Міхалевіча:

— Крэатыў добры. І, як заўсёды ў нас у Беларусі, пачатак у адным месцы, заканчэньне — у другім. Гэта ўжо пэўнае пытаньне ставіць. Дай Бог, каб разьвіцьцё было такім, як пачатак.

— Гэта насамрэч усіх уразіла і зацікавіла. Такі нестандартны падыход у прэзэнтацыі такой досыць сур’ёзнай і грунтоўнай справы.

— Прынамсі, нетрывіяльны пачатак. У Беларусі менавіта такой прэзэнтацыі кампаніі яшчэ ня бачылі. Цікава паглядзець, як гэта будзе разьвівацца далей.

Алесь Міхалевіч: «Крэатыў толькі пачынаецца! Я ўпэунены ў сваiх сiлах, у сваей камандзе. У любым выпадку я пайду да канца!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG