Беларускую дэлегацыю ўзначальвае першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка.
Расейскі бок учора прадстаўлялі віцэ-прэм’ер Ігар Сечын і міністар энэргетыкі Сяргей Шматко.
Паводле крыніцы ў расейскім урадзе блізкай да перамоваў, “атмасфэра перамоваў значна лепшая і падае надзею на тое, што магчыма, будзе дасягнута дамоўленасьць, выразная і ясная”.
Падрабязнасьці пакуль не раскрываюцца.
Як кажа прадстаўніца расейскага Міністэрства энэргетыкі Ірына Есіпава, перамовы яшчэ ня скончыліся.
“Будзем чакаць вечара, магчыма, будуць нейкія вынікі. Гэта вельмі важныя і складаныя пытаньні, гэта дакумэнты, агучваньне пазыцый. Учора яны пачаліся ў другой палове дня і сёньня, я думаю, яны пачнуцца ў другой палове дня. Наш міністар пакуль знаходзіцца ў міністэрстве”.
Чакаецца, што да канца гэтага тыдня Беларусь і Расея могуць дамовіцца аб пастаўках нафты і транзыце і пастаўках электраэнэргіі.
2010 год пачаўся з новай энэргетычнай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй.
Расейскі бок гатовы пастаўляць 6,3 мільёны тон бязмытнай нафты для ўнутраных патрэбаў Беларусі (паводле расейскага боку гэта ёсьць субсыдыяй амаль на 2 мільярды даляраў), а астатнюю нафту прадаваць Беларусі па сусьветных цэнах. Афіцыйны Менск сёлета зьбіраецца купіць 21,5 мільёнаў тон расейскай нафты і хоча, каб яна пастаўлялася па ўнутрырасейскіх коштах. Пры гэтым беларускі бок спасылаецца на Мытны саюз. Каля траціны нафты выкарыстоўваюцца ўнутры краіны, а астатняя, пасьля перапрацоўкі на НПЗ, прадаецца за мяжу.
Расея прыгразіла, што калі беларускі бок будзе зацягваць перамовы, то ён пазбавіцца і гэтай бязмытнай квоты, з усё нафты будзе спаганяцца стопрацэнтнае мыта.
Афіцыйны Менск узьняў пытаньне аб пастаўках і транзыце расейскай электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць і краіны Балтыі. І нават прыгразіў спыніць транзыт. Потым беларускі бок прапанаваў значна падвысіць тарыфы на транзыт.