Умовы транзыту на 2010 год дагэтуль ня ўзгодненыя. Беларусь, паводле заяваў “Интер РАО ЕЭС”, настойвае на падвышэньні стаўкі транзыту ў 5,5 раза. Але Расея згаджаецца толькі на “нязначнае” павелічэньне кошту перадачы сваёй электраэнэргіі празь Беларусь.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка сказаў “Свабодзе”, што жаданьне беларускага боку “разбагацець” на транспартаваньні электраэнэргіі — рэха старога міту, нібыта Беларусь можа жыць за кошт транзыту: “Усё гэта ідзе ад жаданьня зарабіць грошы ні на чым. Гэта тое, што часта заўважаюць у нашай краіне замежнікі, любоў да халявы”.
Экспэрт таксама дадаў, што прыбытак за электрычнасьць, на які разьлічвае Беларусь, у шмат разоў меншы за прыбытак ад нафты: “Тут гаворка ідзе пра дзясяткі, ў самым лепшым варыянце — пра сотні мільёнаў даляраў, а там — пра мільярды даляраў”.