Такім чынам, цяпер бэнзін Нармаль-80 каштуе 1940 рублёў, АІ-92 — 2520 рублёў, АІ-95 — 2840 рублёў, дызэльнае паліва — 2270 рублёў. Біядызэльнае паліва — 1950 рублёў за літар.
У параўнаньні з краінамі суседзямі кошт на аўтамабільнае паліва трымаецца ў “залатой сярэдзіне”. Прыкладам, у Расеі цягам студзеня цана на бэнзін і дызэльнае паліва неістотна, але зьмяншалася. Калі самы хадавы 92-гі бэнзін у Беларусі ў эквіваленце каштуе 88 цэнтаў, то ў Расеі гэты паказьнік складае ў сярэднім 60-65 цэнтаў. Прыблізна на расейскім узроўні і цэны ва Ўкраіне. А вось у Літве, Латвіі, Польшчы лічбы вагаюцца ў межах 1,2-2 даляры за літар.
Увогуле ж, паводле міжнароднага дасьледаваньня коштаў на бэнзін у 170 краінах сьвету, самае таннае паліва ў Туркмэністане – усяго 2 цэнты за літар. Удвая “даражэйшы” бэнзін (зь беларускага гледзішча ўсё адно бясплатны) у Вэнэсуэле – 4 цэнты. Сьледам у сьпісе самых прывабных бэнзінавых коштаў ідуць буйныя экспартэры нафты: Катар, Бахрэйн, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У цэнавым калідоры ад 50 цэнтаў да даляра разьмясьціліся пераважна краіны з штампам “якія разьвіваюцца”, а таксама дзяржавы, урады якіх гатовыя субсыдаваць спажыўцоў -- ЗША, Канада, Расея. Больш за іншых пакідаюць грошай на аўтазалівачных станцыях эўрапейцы.
У даступнасьці паліва экспэрты карыстаюцца так званым “індэксам бэнзабаку”. То бок, колькі можа заліць паліва ў машыну чалавек у той ці іншай краіне са свайго заробку. Бясспрэчным лідэрам тут Вэнэсуэла -- на месяцовы заробак вэнэсуэлец можа напоўніць блізу чатырох сотняў бакаў! (У Туркмэніі заробкі вымяраюцца некалькімі далярамі, што не дае жыхарам магчымасьці ўдзельнічаць у такой гонцы). Горш за іншых справы ў бедных краінах. Прыкладам, на Філіпінах, у Кеніі ці Індыі працаўнік са сваімі прыбыткамі можа заліць поўны бок ня болей чым 5 разоў, таму ня дзіўна, што там людзі аддаюць перавагу ровару.
Першая дваццатка лепшых суадносінаў коштаў на бэнзін і ўзроўню заробкаў:
№ | Горад | Заробак у месяц | Кошт бэнзіну (у далярах ЗША) | Індэкс бэнзабаку |
1. | Каракас | 780 | 0,04 | 392 |
2. | Нью-Ёрк | 3000 | 0,67 | 92 |
3. | Дубай | 1600 | 0,50 | 82 |
4. | Доха | 870 | 0,22 | 80 |
5. | Таронта | 2000 | 0,67 | 62 |
6. | Цурых | 3700 | 1,19 | 62 |
7. | Сыднэй | 2300 | 0,79 | 58 |
8. | Токіо | 2500 | 1,06 | 49 |
9. | Люксембург | 2900 | 1,26 | 47 |
10. | Дублін | 3000 | 1,36 | 45 |
11. | Вена | 2300 | 1,15 | 40 |
12. | Капэнгаген | 2900 | 1,59 | 36 |
13. | Нікасія | 2100 | 1,24 | 36 |
14. | Лёндан | 2270 | 1,32 | 34 |
15. | Хэльсынкі | 2500 | 1,58 | 33 |
16. | Стакгольм | 2200 | 1,36 | 33 |
17. | Тайпэй | 1100 | 0,68 | 32 |
18. | Окленд | 1400 | 0,87 | 31 |
19. | Масква | 950 | 0,61 | 31 |
20. | Барсэлёна | 1900 | 1,25 | 30 |
Сярэдні заробак у Беларусі вагаецца ў межах 1 мільёна беларускіх рублёў ці крыху больш за 300 даляраў. Гіпатэтычна гэтых грошай хопіць, каб заліць у машыну 350 літраў 95-га бэнзіну, які каштуе акурат 1 даляр за літар. Пры 60-літровым баку – 6-7 бакаў на месяц. І гэта пры ўмове, што астатнія выдаткі сямейным бюджэтам не заплянаваныя.
Камэнтары спэцыялістаў чытайце пазьней на нашым сайце