Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаіцяне — гэта мы



Ну што, апошнім тыднем беларуская блогасфэра нарэшце прадрала вочы, кінула позірк у бок Гаіці і, пачухаўшы патыліцу, пачала выказваць свае думкі пра землятрус і дапамогу гаіцянам. (Некаторыя, праўда, прачнуліся зусім нядаўна. Напрыклад, блогер stetoskop учора запытаўся ў сваіх чытачоў: "А шо такое на Гаіці здарылася?") Лепей бы яна гэтага не рабіла, далібог. Я ўжо нават пашкадаваў, што мінулым разам сарамаціў нашых блогераў за маўчаньне. Вядомы рэклямны слоган Stimorol "Часам лепей жаваць..." часам здаецца вельмі трапным афарызмам. Безумоўна, выказваліся таксама добрыя і мудрыя словы, я іх абавязкова працытую, але ў асноўным, на вялікі жаль, дыяпазон меркаваньняў вагаўся ад абыватальскага "мне-та што, сваіх праблемаў хапае" да непрыхавана расісцкіх выказваньняў. Апошніх было так шмат, што міжволі ўзьнікала жаданьне спаліць або гнеўна пакласьці на які-небудзь стол партбілет беларускага блогера.

Сумнеўны гонар пачынальніка цемрашальскай вакханаліі належыць навічку беларускай блогасфэры Аляксандру Ўсоўскаму:



"Мне асабіста ані каліўца не шкада загіблых гаіцянаў. Чэсна... Гаіці - практычна цалкам негрыцянская краіна; як вынік - зь першымі ўдарамі землятрусу ўвесь тонкі налёт цывілізацыі (калі ён увогуле быў) зьдзьмула з гэтых чалавекападобных малпаў начыста, агаліўшы іх сутнасьць - сутнасьць дзікіх жывёлаў з джунгляў. Ублюдачная краіна, ублюдачнае насельніцтва, ублюдачныя норавы і звычаі". (Пераклад і выдзяленьні мае. - Будзімір).

І гэта сказаў ня нейкі там шараговы блогер - затурканы і знэрваваны непасільнай офіснай працай малады спэцыяліст, хворы на юнацкі цынізм, які вымушаны змагацца за месца пад сонцам, а пэўнасьці ў будучыні няма, таму ён злы на ўвесь сьвет, асабліва на гаіцянскіх мурынаў. Як напісаў мне нейкі ананімны камэнтатар: "Аляксандр Усоўскі - чалавек яркага лёсу, таленавіты пісьменьнік". Я праверыў - сапраўды пісьменьнік, аўтар шматлікіх надрукаваных кніг. Сталы чалавек, які цьвёрда стаіць на нагах, "адбыўся" у жыцьці. Яркасьць лёсу і талент праверыць не прадстаўляецца магчымым. Аднак, на мой погляд, стаўленьне да цэлага народу/расы як да "чалавекападобных малпаў" фатальна несумяшчальнае з талентам. Зрэшты, ананімны камэнтатар расставіў усё на свае месцы. Апроч таго, што пан Усоўскі "чалавек яркага лёсу і таленавіты пісьменьнік", наш суайчыньнік яшчэ і "адзін з найбольш бліскучых ідэолягаў рускага нацыянал-сацыялізму".

Па-мойму, гэта цудоўна, калі чалавек адкрыта вызнае свае людажэрныя погляды, не хаваючыся за ўтульнымі імглістымі эўфэмізмамі. Зь ім прынамсі не даводзіцца губляць часу на выматвальныя і бясплённыя тэрміналягічныя спрэчкі.

У пандан "ідэолягу рускага нацыянал-сацыялізму" выказаўся і блогер charadzei. На жаль, не знайшлося ананімнага камэнтатара, які напісаў бы пра ягоныя погляды, каб мне раптам не памыліцца. Мажліва, ён лічыць сябе якім-небудзь мега-супэр-правым манарха-абскурантыстам.

"Ужо ажно 8-мы дзень "Эўраньюс" і іншыя мэдыі (пры дапамозе шматлікіх блогераў) праводзяць масіраваны штурм мазгоў з мэтай іх прамываньня. Яны хочуць даказаць мне (ды і іншым) што на сёньняшні дзень няма больш важных праблемаў, чым дапамога нашым будучым патэнцыйным ворагам.
Калісьці, на пачатку 19 стагодзьдзя беларусы, якія былі ў Польскім легіёне, ваявалі з гэтымі унтэрмэншамі на тым самым Гаіці. Атрымоўваецца, спачатку гэтыя жывёлы забівалі маіх продкаў, а я цяпер павінен яшчэ ім дапамагаць? Гэта проста маразм!
(Па-мойму, маразм - гэта якраз тое, што ўдзельнікі вызваленчага паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі там ваявалі. - заўв. Будзімір) Тым больш што ў сталіцы "Неграляндыі" адбываюцца напады нават на... ратаўнікоў!
І ў прынцыпе, як можна дапамагаць мурынам, якія ніколі і нікому ня будуць удзячныя? А пасьля прыняцьця гуманітаркі яшчэ і могуць забіць самога "раздатчыка", які ёсьць лохам. Сьпіс рытарычных пытаньняў можна пашырыць. Але ня варта губляць на гэта час. Таксама як і на аказаньне дапамогі Гаіці".


Так, некаторыя здымкі, зробленыя на вуліцах Порт-о-Прэнсу, насамрэч непрыемна ўражваюць нецывілізаванасьцю паводзінаў асобна ўзятых гаіцянаў. Яны хаатычна і нібыта бязмэтна, у броўнаўскім руху сноўдаюцца па руінах свайго гораду, вышукваюць сярод іх якія-небудзь пажыткі, тузаюцца, б'юцца, вырываюць адно ў аднаго з рук ежу, нейкую драбязу. Напэўна, усе чулі пра "барыкады з трупаў", якія будуюць тыя, што засталіся ў жывых - дзеля таго, каб спыніць машыны з гуманітарнай дапамогай.

Усё гэта здаецца дзікунствам з нашых упарадкаваных, чыстых гарадоў, дзе ўсё пад кантролем нябачнай накіравальнай рукі, адказнай за орднунг. Аднак гістарычны досьвед паказвае, што гэты орднунг - ня вечны і абумоўлены зусім ня расавымі (этнічнымі) фактарамі. Згадайце, хто забыў, канец васьмідзясятых - дзевяностыя. Хаця б тое, як імгненна зьдзьмувала "тонкі налёт цывілізацыі" зь людзей, што душыліся ў бясконцых чэргах. Як горад Сьветлагорск, дзе ўзровень беспрацоўя быў адным з найвышэйшых па рэспубліцы, хаця і ня большы за 10%, здаецца, раптоўна пераўтварыўся з "буйнога прамысловага і культурнага цэнтру рэгіянальнага значэньня" ў "сталіцу наркаманіі і СНІДУ". Згадайце, што адбывалася ў той час у Расеі, Армэніі і Азэрбайджане, Грузіі і Малдове, Таджыкістане і Ўзбэкістане. Зрэшты, для перакананых расістаў пералічаныя краіны ўсё роўна што "негрыцянскія". То няхай прыгадаюць былую Югаславію. Ды нават Польшчу - хто езьдзіў туды па тавар або вазіў прадаць нейкі тавар у канцы васьмідзесятых - на пачатку дзевяностых, мусіць памятаць, як лёгка там было аказацца абрабаваным, зьбітым і г.д. Куды толькі ўся шляхетнасьць падзелася.

"Калі пазбавіць насельніцтва доступу да адукацыі і мэдыцыны" - падсумоўвае revanshist - "і зьвесьці прамысловасьць да эфэктыўнай экспартнай вытворчасьці якога-небудзь какосавага шкарлупіньня, можна ў вельмі сьціслы тэрмін пераўтварыць у Гаіці любую Данію".

Што да меркаванай большай цывілізаванасьці эўрапеоіднай расы, згадайце, што вытвараў крыху болей за шэсьцьдзесят гадоў таму на нашай зямлі змрочны германскі геній. Між іншым, прадстаўнікі аднаго з найбольш цывілізаваных, культурных і "белых" народаў Эўропы. Духоўныя бацькі сёньняшніх нэанацыстаў. Ашалелыя зусім не ад галоднага беспрасьвецьця. Мабыць, ад празьмернай цывілізаванасьці, якая ўдарыла ім у галаву, прымусіўшы паверыць у сваю вышэйшасьць і выключнасьць.



(Раство на Гаіці. Здымак зроблены да землятрусу)

А што ўдарыла ў галаву некаторым беларусам? Няўжо пяцігодка "эканамічнага буму" гэтак паўплывала на розумы, спарадзіўшы "галавакружэньне ад посьпехаў"? Выглядае на тое. Усё-ткі беларускі блогер - прадстаўнік нізоў сярэдняй клясы, які нагуляў сякі-такі тлушчык за апошнія гады. З аднаго боку нагуляў, а зь іншага - далёка не дасягнуў таго ўзроўню, калі можна "дазволіць сабе" вялікадушнасьць. Таму ў галаву ўдарыла адразу з двух бакоў: нагуляны тлушч выклікаў пыху, а няўпэўненасьць у заўтрашнім дні - нэўроз.



(Шэрым на мапе пазначаныя краіны, якія не даслалі гаіцянам дапамогі. Выклаў tiradorrus у суполцы by_trash. Якая гармонія паміж уладай і апазыцыйна настроенымі віртуальнымі грамадзянамі.)

Разважаючы пра псыхалягічныя перадумовы ўзьнікненьня і распаўсюду нацызму сярод немцаў, Эрых Фром пісаў, што ягоным галоўным апірышчам сталіся менавіта нізы сярэдняй клясы:

"Чаму ж нацысцкая ідэалёгія аказалася настолькі прывабнай для нізоў сярэдняй клясы? Адказ на гэтае пытаньне трэба шукаць у сацыяльным характары гэтай групы насельніцтва. Яе сацыяльны характар заўважна адрозьніваецца ад сацыяльнага характару працоўнай клясы, вярхоў сярэдняй клясы і вышэйшых клясаў. Па сутнасьці, некаторыя рысы, характэрныя для гэтай часткі сярэдняй клясы, бачныя на працягу ўсёй гісторыі: любоў да моцнага і нянавісьць да слабага, абмежаванасьць, варожасьць, скупасьць - у пачуцьцях, як і ў грошах. Гэтыя людзі заўжды адрозьніваліся вузкасьцю мысьленьня, падазронасьцю і нянавісьцю да незнаёмца, а знаёмы заўжды выклікаў у іх зайздросьлівую цікаўнасьць, прычым зайздросьлівасьць заўжды рацыяналізавалася як пагардлівае абурэньне; усё іхнае жыцьцё было заснавана на мізэрнасьці - ня толькі ў эканамічным, але і ў псыхалягічным сэньсе".

Цяпер паглядзім на вынікі апытанкі ў суполцы by_politics, прысьвечанай пытаньню "Ці ахвяравалі вы на Гаіці?". Яе стваральнік блогер toshirskij прапанаваў чатыры варыянты адказу, якія атрымалі наступную колькасьць галасоў:

· Не, мне шкада грошай - 21 (26.6%)
· Не, я фашыст/расіст/нацыст/белы лібэртарыянец - 39 (49.4%)
· Так - 8 (10.1%)
· Хацеў бы, але ня ведаю як - 11 (13.9%)


У якасьці ілюстрацыі да вынікаў гэтага апытаньня я зрабіў такі дэматыватар:



Неабавязкова ўсе 39 блогераў, якія абралі другі варыянт адказу, насамрэч зьяўляюцца сьвядомымі "фашыстамі, расістамі, нацыстамі, белымі лібэртарыянцамі". Імаверна, што некаторыя проста "выпендрыліся". Але і яны, і тыя, што абралі першы варыянт, адпавядаюць псыхалягічнаму партрэту нізоў сярэдняй клясы, апісанаму Эрыхам Фромам. Бо падобная рэакцыя на чужую трагедыю ня можа быць абумоўленая ні чым іншым, як нянавісьцю да слабага, абмежаванасьцю, варожасьцю і скупасьцю - як у пачуцьцях, гэтак і ў грошах.

Трэба сказаць, што такі хардкор-расізм, як у працытаваных вышэй выказваньнях "чалавека яркага лёсу" Аляксандра Ўсоўскага і неапазнанага блогера Чарадзея, - рэдкая зьява ў беларускай блогасфэры. Любыя погляды, патрапіўшы на беларускую глебу, набываюць прыглушанасьць тонаў, пэўную мяккасьць і аксамітнасьць. У некаторых выпадках хочацца сказаць - прыкрую невыразнасьць, але, вядома ж, ня ў гэтым. Усё-ткі добра, што мы, беларусы - мірныя людзі. Нават беларускія расісты, і тыя вельмі рахманыя. Вось як адгукнуўся ў сваім блогу на запіс Усоўскага блогер jakubaniec:

"Нават, калі б пацярпелыя ад землятрусу напраўду былі малпамі, ўсё адно чалавеку ўласьціва шкадаваць любую пакутуючую жывую істоту - хоць малпу, хоць казюрку якуюсь".


Каб унікнуць непатрэбных тэрміналягічных спрэчак: само па сабе дапушчэньне, што цэлы народ, раса - гэта, можа быць, не зусім людзі, хаця і "жывыя істоты", - ужо ёсьць праявай расізму. Але ж якая кранальная спагада да "казюрак"! Напэўна, яна б вельмі расчуліла жыхароў Гаіці.

Іншыя блогеры, якія не захацелі дзяліцца капейчынай, заробленай непасільнай працай, з гаіцянамі, ня сталі называць іх ані малпамі, ані казюркамі. Але палічылі за патрэбнае нейкім чынам рацыяналізаваць сваё нежаданьне. І тут ім вельмі добрую службу саслужыла вядомая расейская журналістка-выкрывальніца Юлія Латыніна, зорка расейскай лібэральнай прэсы:



"Уласна кажучы, няма сэнсу пасылаць дапамогу на Гаіці, на жаль, бо калі яна нарэшце дойдзе да Гаіці, будзе адно з двух: калі гарант застанецца пры ўладзе, то яна трапіць да гаранта, калі з-за землятрусу адбудуцца беспарадкі, і гаранта вудуісты і канібалы скінуць і зжаруць, зжаруць у літаральным сэньсе гэтага слова, то гуманітарная дапамога трапіць да вудуістаў і канібалаў".

Вельмі слушна заўважыўшы, што гэтыя словы - "прыкладна тое самае, што напісаў Усоўскі", блогер whiteruthenian называе іх "суворай праўдай". Падобныя безадказныя абагульненьні ня могуць быць ані суворай, ані якой іншай праўдай. Безапэляцыйна назваць 9-мільённы народ "вудуістамі і канібаламі" - гэта анічым ня лепей, чым назваць яго "малпамі". Падобныя словы, натуральна, не спадара Ўсоўскага абяляюць, а спадарыню Латыніну апускаюць да ягонага ўзроўню.

Увогуле, значная частка расейскіх "лібэралаў" не зьяўляюцца лібэраламі ў тым сэньсе, у якім гэтае азначэньне прынята разумець у заходнім сьвеце. Абсалютна немажліва ўявіць сабе, каб нешта падобнае дазволіў сабе сказаць амэрыканскі лібэрал. Яго б адразу падверглі абструкцыі, запісаўшы ў лік ультра-кансэрватыўных цемрашалаў, ягоныя ж аднадумцы.

Што да бздурнага ўяўленьня пра вудуістаў як пра канібалаў - яно ўзятае з галівудзкіх фільмаў жахаў. Тут вось якая справа. Сама назва "канібалы" паходзіць ад найменьня "карыба" (пачутае гішпанцамі як "каніба") - назвы плямёнаў, якія насялялі Гаіці ў дакалюмбавыя часы. Як і шматлікія іншыя "прымітыўныя" народы, карыбы практыкавалі расьсячэньне сваіх ворагаў і захоўваньне частак іхных целаў у якасьці трафэяў. Дзеля таго, каб пераняць, напрыклад, адвагу пераможанага ворага, карыб мог адкусіць і перажаваць частку ягонага цела. Гэты рытуал быў ўспрыняты Калюмбам як людажэрства, хаця і не зьяўляўся ім, у строгім сэньсе слова. Але праз гэта за жыхарамі выспы замацавалася дурная слава, якая трывае і дасюль, падагрэтая пратэстанцкімі фундамэнталістамі са Злучаных Штатаў і галівудзкімі фільмамі. Вартымі даверу крыніцамі інфармацыя пра "вудуісцкі канібалізм" не пацьвярджаецца. А злавесныя вудуісцкія ведзьмакі - ня больш (хаця і ня менш) злавесныя, чым вядзьмаркі зь беларускіх вёсак, пра якіх і сёньня яшчэ можна пачуць такое, што валасы дубка ўстаюць. Калі хочаце, запытайцеся ў полацкага этнографа Ўладзімера Лобача, ён раскажа.

Насамрэч жа вудуізм ня надта адрозьніваецца ад любога іншага сынкрэтычнага "народнага хрысьціянства", якое ўвабрала ў сябе дахрысьціянскія, паганскія вераваньні. Вось, напрыклад, аблічча галоўнага жаночага боства вудуісцкага пантэону - Эрзулі Дантур (Erzulie Dantor):



Так, гэта "Матка Боска Чэнстахоўска". Калісьці прывезеная на Гаіці салдатамі Яна Генрыка Дамброўскага і надзвычай упадабаная гаіцянамі. Гаіці - гэта зусім блізка.

А сапраўднае людажэрства пачынаецца з малога. Сьпярша трэба адмовіць іншаму чалавеку ў праве называцца роўным табе, потым у праве называцца чалавекам. Пасьля гэтага можна адкусіць ад яго кавалачак.

Некаторыя беларускія блогеры ўжо зрабілі хто адзін, а хто і два крокі да канібалізму.

На шчасьце, хаця іх і было шмат, усё-ткі "некаторыя". А найпрыгажэй адрэагаваў на гаіцянскую трагедыю блогер hurnievic. Французскія студэнты ў траўні 1968-га скандавалі: «Nous sommes tous les juifs allemands» ("Мы ўсе - нямецкія габрэі"). Сёньня гэты лёзунг можа гучаць такім чынам: "Мы ўсе - гаіцяне". (А тыя, каго ад гэтага лёзунгу круціць - мабыць, нашчадкі белых калянізатараў, для каго гаіцяне былі "нелюдзямі", працоўнай скацінай, расходным матэрыялам.) Амаль што так і азагаловіў свой допіс Гурневіч, даўшы назву і гэтаму агляду: "Гаіцяне - гэта мы".

"Спачуваньне чужому гору больш не праява цывілізаванасьці, гэта атрыбут блазна. Дапамога тым, хто ў бядзе - гэта поўная лажа, тупасьць і выкідваньне грошай на вецер. "Што нам Афрыка, што на Гаіці, у нас сваіх праблем хапае" - запярэчыць хтосьці. Дык вырашайце свае праблемы, у чым справа?..

Можна колькі заўгодна пісаць пра тое, што іх мясцовы Лукашэнка ня ведае, колькі дакладна ахвяр землятрусу. Але што гэта мяняе? І ці можа быць аргумэнтам супраць паставак гуманітаркі тое, што іх мясцовыя ўлады фізычна зь ёй не спраўляюцца? Спозьненая ці не, дапамога ніколі не пашкодзіць. Як у свой час нам не пашкодзіла дапамога пасьля выбуху Чарнобыльскай АЭС. Амэрыканцы, японцы, ірляндцы і іншыя французы маглі таксама запярэчыць: а што нам тыя камуністы, у нас сваіх праблем хапае. Мінула 20 гадоў, а яны працягваюць дапамагаць. Я ведаю сем'і, дзе вопратка з гуманітаркі - гэта ледзь не палова гардэробу. І не таму, што гэта паталягічная сям'я, а таму, што за 200 тыс. заробку на працы без выходных на кароўніку можна купіць адно газавы балён, заплаціць дзецям за абед у школе, аплаціць сьвятло, тэлефон і купіць грэчкі з хлебам. А ў маёй роднай школе, каб не дапамога нямецкага фонду, мы б ніколі пэўна ня бачылі нармальнага мячыка ў спортзалі . А як наконт тысяч, калі не дзясяткаў тысяч дзяцей, якія змаглі пабачыць іншы сьвет , паплюскацца ў моры і падлячыцца, дзякуючы грошам тых у каго таксама ёсьць свае праблемы?

Няварта дапамагаць гаіцянам, бо яны чорныя, неадукаваныя, бедныя, некультурныя, абіраюць дурную ўладу, далёка ад нас і нават ня ведаюць пра нашае існаваньне. Не, даражэнькія, гаіцяне жывуць побач з намі - гэта нашыя сябры, сваякі, суседзі і проста знаёмыя. Гаіцянка - гэта жанчына, якую штодня таўчэ п'яны муж, а мы пакорліва апускаем вочы, бо баімся заступіцца. Гаіцяняты - гэта дзеці, якіх бацькі лупасяць за тое, што яны атрымалі ў школе дрэнную адзнаку, а мы, чуючы іх плач, кажам: "Бацькі ведаюць лепш". Гаіцянцы - гэта тыя, хто з-за сваёй іншасьці становіцца ахвярай зьдзекаў і абразаў. Гаіцянцы - гэта "адмарозкі", якія бегаюць па плошчах і трапляюць у турмы. Гаіцянец - гэта той, хто просіць нашай дапамогі, а мы кажам яму: у мяне шмат сваіх праблем. Гаіцянец - гэта той, хто хоча дапамагчы гаіцянцу і чуе ў свой адрас цынічны сьмех.

Мы маем шмат сваіх праблем, гэта факт. І хрэн мы іх калі-небудзь вырашым, калі тысячы сьмерцяў, хай сабе і за акіянам, выклікаюць у нас адно жарцікі і нагоду, каб у чарговы раз паліць адзін аднаго брудам".

Пані Латыніна зьдзейсьніла вельмі кепскі ўчынак, выпісаўшы сваім чытачам і слухачам індульгенцыю на магчымасьць не рабіць дабро. Бо дабро можна рабіць адзіным чынам - не раздумваючы, не вылічваючы, наколькі варты яго той, хто мае патрэбу ў маёй дапамозе. Падлічыўшы сёньня, што гаіцяне не заслугоўваюць тваёй дапамогі, заўтра ты распаўсюдзіш тую самую лёгіку на кагосьці іншага. І ўрэшце намёртва ўчэпісься ў сваю капейчыну: маё, нікому не аддам! Так і памрэш, чэзнучы над ёй.

А той, хто зробіць дабро сёньня, якім бы "маленькім" яно ні было, магчыма, зробіць яго заўтра і пасьлязаўтра. Дабрачыннасьць жа, паводле азначэньня, ня можа быць бессэнсоўнай.

Чыніце дабро. Каб ня ўмёрлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG