Свае штогадовыя рэйтынгі дарагавізны жыцьця ў розных гарадах сьвету ECA International складае адмыслова для тых кампаніяў, якія дасылаюць сваіх працаўнікоў за мяжу. Дасьледчыкі параўноўваюць кошт спажывецкага кошыку са 125 прадуктаў, якімі карыстаюцца замежнікі ў 370 гарадах сьвету. Размова ідзе пра асноўныя прадукты харчаваньня – малако, мяса, рыбу, сьвежыя садавіну і гародніну,яшчэ напоі і тытунёвыя вырабы. Таксама пры складаньні рэйтынгу ўлічваюцца кошты на адзеньне, электрычныя тавары; асноўныя паслугі, некаторыя іншыя паказчыкі. Не улічваюцца кошт жыльля, выдаткі на транспарт, школьнае навучаньне, то бок усё тое, што звычайна аплачваецца працадаўцамі.
Паводле апошняга дасьледаваньня ECA International, якое падае бэльгійскі інтэрнэт-партал для інвэстараў і прадпрымальнікаў De Tijd, кошты на асноўныя тавары і паслугі ў Менску ў сярэднім на 60 адсоткаў ніжэйшыя, чым у Осла. Разам з Капэнгагенам, Жэнэвай, Цюрыхам і Базэлем нарвэская сталіца адным з самых дарагіх гарадоў як у Эўропе, так і ў сьвеце (прапускаючы наперад сталіцу Анголы Луанду, а таксама чатыры японскія гарады – Токіё, Нагою, Йокагаму, Кобэ).
Дарэчы, Луанда ўжо трэці год запар зьяўляецца самым дарагім горадам сьвету. Дагэтуль першую пазыцыю ў рэйтынгу трывала займала японская сталіца Токіё. Паводле аналітыкаў, галоўнай прычынай надзвычайнай дарагавізны Луанды, дзе месячная арэнда двухпакаёвай кватэры каштуе 7 тысяч даляраў ЗША, а літар малака – тры даляры, зьяўляюцца ваенныя канфлікту, з-за якіх цяжка набыць многія мясцовыя прадукты.
Што да іншых зьменаў пазыцый у рэйтынгу, якія указваюць на тое, што жыцьцё ў Азіі стала для замежных турыстаў больш дарагім за жыцьцё ў ЗША і Эўропе, то экспэрты зьвязваюць іх зь фінансавым крызысам. Крызыс прывёў да хістаньня курсаў нацыянальных валют, якія, у сваю чаргу, прывязаныя да курсу даляра.
З гэтай нагоды Масква сёлета ўпершыню пакінула “топ-дваццатку” самых дарагіх гарадоў. Яе месца, аднак, заняў іншы колішні савецкі горад – сталіца Азэрбайджану – Баку.
Самымі таннымі сталіцамі ў Азіі і Афрыцы названыя адпаведна сталіца Манголіі – Ўлан-Батар і сталіца Лесота – Масэру.