Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьвязаная адстаўка Ўшацкаса зь яго пратэстам супраць візыту Лукашэнкі у Літву?


Вігаўдас Ушацкас
Вігаўдас Ушацкас

Сёньня міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас падаў заяву аб сваёй адстаўцы, пасьля таго як напярэдадні прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце выказала недавер кіраўніку зьнешнепалітычнага ведамства.

Раней прэзыдэнт адзначала, што меркаваньні кіраўніка МЗС не супадаюць зь яе пазыцыяй. У ліку іншага гэта закранае і дачыненьні Літвы зь Беларусьсю. Тыдзень таму Грыбаўскайце сказала пра магчымае запрашэньні Аляксандра Лукашэнкі на сьвята 20-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Літвы. Пасьля гэтага міністар замежных спраў заявіў, што Лукашэнку яшчэ рана запрашаць у Вільню. Ці зьвязаная адстаўка Ўшацкаса зь нязгодай МЗС і прэзыдэнтуры адносна дачыненьняў зь Беларусьсю?

Прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс, лідэр кансэрватараў («Саюз айчыны — хрысьціянскія дэмакраты Літвы»), чыя партыя дэлегавала Вігаўдаса Ўшацкаса на пасаду кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства, таксама выказваў сумненьні, ці трэба запрашаць кіраўніка Беларусі ў Вільню ў сакавіку. Але ад адказу на пытаньні журналістаў адносна матываў прэзыдэнта, у тым ліку і беларускага аспэкту, прэм’ер ухіліўся. А сёньня раніцай у часе традыцыйнага інтэрвію ў жывым эфіры «Радыё навінаў», прэм’ер сказаў, што не заўважаў значнай розьніцы у поглядах на зьнешнюю палітыку Ўшацкаса і сваіх уласных, як і не заўважаў значнай розьніцы паміж сваімі поглядамі і пазыцыяй прэзыдэнта.

Пры гэтым Кубілюс заявіў, што рашэньне будзе прынятае з увагі на пазыцыю прэзыдэнта, бо давер кіраўнікоў ураду і краіны да міністра — неабходная умова працы.

Андрус Кубілюс: «Хачу выказаць шкадаваньне адносна сытуацыі, якая склалася, — што прэзыдэнт выказалася вельмі ясна, што далей не можа працаваць зь міністрам замежных спраў, — бо Вігаўдас Ушацкас, на маю думку, вопытны прафэсіянал. Учора абмеркавалі сытуацыю сярод кіраўнікоў партыйнай кааліцыі і вельмі ясна адзначылі, што працу Ўшацкаса ацэньваем добра, а пазыцыю прэзыдэнта маем прыняць да ўвагі. Міністар пра гэта праінфармаваны і ідзе ў адстаўку».

Вігаўдас Ушацкас: «Цяпер для Літвы самае галоўнае — гарманічная і пасьлядоўная праца ўраду разам з прэзыдэнтам і парлямэнтам, каб дапамагчы літоўскім грамадзянам выйсьці з эканамічных цяжкасьцяў. З улікам сытуацыі, што склалася цяпер, я заўляю, што сыходжу ў адстаўку».

Ці была нязгода адносна Беларусі?


Калі міністрам замежных спраў стаў Вігаўдас Ушацкас, аглядальнікі ў Літве адразу заўважылі зьмену пэўных прыярытэтаў у зьнешняй палітыцы Літвы — ранейшую ўвагу Літвы да Ўкраіны і Грузіі зьмянілі крокі па адбудове прагматычных дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю. Летась у лютым Ушацкас прымаў свайго беларускага калегу, які наведаў Літву разам з жонкай акурат на дзень Сьвятога Валянціна, а ў верасьні Вільня запрасіла Аляксандра Лукашэнку. Наколькі важная была цяперашняя нязгода адносна запрашэньня Лукашэнкі у Літву?

Палітоляг і журналіст Віталь Каракорскі, старшыня Рады нацыянальных супольнасьцяў Літвы: «Думаю, калі нейкі ўплыў і маглі зрабіць выказваньні сп. Ушацкаса (адносна запрашэньня А.Лукашэнкі у Вільню 11 сакавіка), то гэта не адзіны матыў адстаўкі, дакладней, недаверу прэзыдэнта міністру. Там быў цэлы шэраг такіх несупадзеньняў, калі галоўны, хто адказвае ў краіне за зьнешнюю палітыку, — а ў Літве гэта прэзыдэнт — не знаходзіў агульнай мовы зь міністрам. Гэта тычыцца і былога амбасадара Літвы ў Грузіі, — а можа яшчэ нават і не былога, — сп. Лаўрынкаса (якога прэзыдэнт запатрабавала адклікаць неадкладна, але міністар цягам месяца не рэагаваў на гэта). Потым справа гэтак званых. турмаў ЦРУ ў Літве — прэзыдэнт і міністар па-рознаму ацэньвалі вынікі працы спэцыяльнай камісіі Сойму ў гэтай справе. Міністар лічыў, што камісія не пацьвердзіла наяўнасьць гэтых турмаў у Літве, а прэзыдэнт лічыла іначай. І справа з запрашэньнем Лукашэнкі, і, дарэчы, Мядзьведзева таксама, на сьвяткаваньне 20-годзьдзя незалежнасьці Літвы, палягае ў гэтым самым кантэксьце».

Розныя пазыцыі адносна выдачы Ўсхопчыка


Раней, на пачатку гэтага тыдня, прэзыдэнт у часе сустрэчы зь міністрамі заявіла, што чакае ад іх больш справаў і меней размоваў:

«Гэта тычыцца ўсіх, у тым ліку і міністра замежных спраў», — патлумачыў пасьля прэсавы сакратар прэзыдэнта Лінас Бальсіс.

На просьбу падаць прыклад, ён сказаў: «Можна было б адзначыць некаторыя ўльтыматумы на адрас суседніх краін, калі міністар вырашаў гэта зрабіць, а прэзыдэнт заклікала да палітычнага дыялёгу».

Тыдзень таму МЗС Літвы перадаў Беларусі ноту адносна адмовы беларускай Генпракуратуры супрацоўнічаць у расьсьледаваньні справы 13 студзеня 1991 году й выдаць абвінавачаных па гэтай справе Станіслава Юонене і Ўладзімера Ўсхопчыка. Прэзыдэнт заявіла, што няма сэнсу патрабаваць выдачы, калі дамовы паміж краінамі гэтага не прадугледжваюць, і ў сувязі з гэтым абвінаваціла таксама Генпракуратуру Літвы ў імітацыі працы.

Магчымы кандыдат


Прэм’ер-міністар Літвы не назваў магчымых кандыдатаў на пасаду міністра замежных спраў. Наступны кандыдат мае быць таксама ад кансэрватараў — хрысьіцянскіх дэмакратаў. У ліку найбольш магчымай кандыдатуры літоўскія СМІ называюць цяперашняга кіраўніка камітэта замежных спраў сойму Аўдронюса Ажубаліса, які раней не аднойчы рэзка выказваўся супраць парушэньня правоў чалавека і дэмакратычных нормаў цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі. Напярэдадні візыту Лукашэнкі у Літву Ажубаліс у інтэрвію радыё Свабода сказаў, што выступае за дыялёг з кіраўніцтвам Беларусі, з увагай да пытаньняў і эканомікі, і дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG