Паводле інфармацыі delfi.lt, на гэтым тыдні Літоўская генпракуратура атрымала адказ з беларускай Генпракуратуры, у якім сказана, што Літве не будзе аказана дапамога па справе 13 студзеня. Паўторны зварот з просьбай выканаць адпаведныя працэсуальныя дзеяньні ў дачыненьні да падазроных Уладзіміра Усхопчыка і Станіславы Юанене ў Беларусь быў высланы ўвосень 2009 года, паведамляе БелаПАН.
"Адмоўны адказ Беларусі не зьменіць нашу юрыдычную ацэнку: тое, што было ўчынена ў Літве ў студзені 1991 года супраць абаронцаў свабоды, — гэта злачынства, крымінальная адказнасьць за гэта будзе пагражаць не толькі ў Літве, але і ва ўсім ЭЗ", — цытуюцца ў паведамленьні словы пракурора Альгімантаса Клюнкі.
"Міністэрства замежных справаў у супрацоўніцтве з Генэральнай пракуратурай прыкладзе ўсе намаганьні для таго, каб крымінальны перасьлед быў прадоўжаны. Спадзяемся, што Беларусь будзе ацэньваць правасудзьдзе не па законах існуючай калісьці таталітарнай дзяржавы — дзяржавы, якая прынесла шмат шкоды, пакут і ахвяр самім грамадзянам Беларусі, а кіравацца прынцыпамі павагі правоў чалавека, дэмакратыі і добрасуседзтва", — заявіў у сваю чаргу міністар замежных справаў Літвы Вігаўдас Ушацкас.
Як паведамлялася раней, Беларусь дагэтуль адмаўляецца выдаваць Літве генэрала, які зьяўляецца абвінавачваным па справе аб антыдзяржаўным перавароце 1991 года. У маі 2000 года ён быў прызначаны намесьнікам міністра абароны Беларусі і прабыў на гэтай пасадзе да лютага 2004 года.
Адказваючы на пытаньні журналістаў 16 верасьня ў Вільні, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўсе патрабаваньні, якія выстаўляюцца Літвой у дачыненьні да Уладзімера Усхопчыка, павінны разглядацца ў рэчышчы міжнароднага права.
"Калі ёсьць прэтэнзіі да савецкага генэрала, то правапераемніцай Савецкага Саюзу зьяўляецца Расія, а не Беларусь. Калі ёсьць прэтэнзіі да тых, хто жыве ў нас, то ёсьць міжнародныя правілы, у адпаведнасьці з якімі вы можаце прад'яўляць прэтэнзіі", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Калі ласка — прывязіце матэрыялы, і мы будзем прымаць адпаведныя рашэньні", — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.