Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея занепакоілася нафтавым транзытам празь Беларусь


Europe -- Druzhba oil pipeline system, undated
Europe -- Druzhba oil pipeline system, undated

Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці нядзельнага ліста расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева Аляксандру Лукашэнку ў справе нафтавай спрэчкі. Ліст утрымлівае ў сабе паўтарэньне ранейшай расейскай пазыцыі і адну прапанову.

Дзьмітры Мядзьведзеў прапануе Аляксандру Лукашэнку, каб прэм’еры дзьвюх краін зрабілі сумесную заяву ўрадаў Беларусі і Расеі, якая гарантавала б «бесьперабойны транзыт расейскіх энэргарэсурсаў у Эўропу». Як піша маскоўская газэта «Ведомости», у лісьце ўтрымліваецца і праект такой заявы.

Менскі аналітык у нафтавай галіне Тацяна Манёнак мяркуе, што гэтая прапанова сьведчыць пра занепакоенасьць расейскага боку транзытам нафты празь Беларусь:

Тацяна Манёнак
«Вырашэньне пытаньня зацягваецца на нейкі нявызначаны час, і ёсьць пэўная трывога ў расейскіх кампаніяў, што можа паўтарыцца сытуацыя двухгадовай даўніны і беларускі бок можа прыняць такое рашэньне, у выніку якога могуць быць прыпыненыя пастаўкі нафты».

Большая частка расейскай нафты, якая ідзе празь Беларусь, спажываецца ў Польшчы. На пачатку студзеня ў польскай прэсе выказваўся непакой, што зноў, як і ў 2007 годзе, можа адбыцца зрыў паставак нафты. Пазьней, калі сытуацыя супакоілася, польскія СМІ перасталі пісаць пра гэта, адзначаючы толькі, што паміж Менскам і Масквою няма паразуменьня.

Экспэрт варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысіньскі ўважліва сочыць за разьвіцьцём чарговага нафтавага канфлікту паміж Менскам і Масквой. Прапанову Дзьмітрыя Мядзьведзева падпісаць беларуска-расейскую заяву на ўзроўні кіраўнікоў урадаў аб гарантаваньні транзыту нафты спадар Клысіньскі ацаніў так:

Каміль Клысіньскі
«Расея тут упершыню міргнула вокам, паказала, што ў пэўны момант можа дзеля транзыту, дзеля захаваньня твару на Захадзе, свайго рэнамэ як надзейнага пастаўшчыка энэрганосьбітаў — саступіць, каб не ствараць нэрвовай атмасфэры, няпэўнасьці. Хаця на 100 адсоткаў цяжка нешта сьцьвярджаць. Тым ня меней, на маю думку, калі размова тут ідзе аб перамоўнай тактыцы, гэтая інфармацыя можа аказацца на карысьць беларускаму боку. З гэтым ён можа гуляць».

Экспэрт варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысіньскі мяркуе, што ў цяперашнім нафтавым канфлікце ўпершыню рашучасьць бакоў аднолькавая. Ён прагназуе, што — як урэшце адбылося і ў 2007 годзе, калі Беларусь атрымала зьніжкі на мыта — сёлета Расея таксама саступіць Менску:

«Рашучасьць расейскага боку цяпер большая, ён не гатовы так хутка саступаць. Тым ня меней мне падаецца, што яшчэ сёлета Беларусь атрымае пэўныя йльготы. І яшчэ не надышоў той момант, калі Беларусь павінна аддаць свае вышэйшыя стаўкі ў гульні, якімі ў гэтым выпадку зьяўляецца завод «Нафтан-Палімір».

Тым часам у беларускім урадзе не ўдалося знайсьці пацьвярджэньня, што заява двух прэм’ераў пра надзейнасьць транзыту нафты ў Эўропу рыхтуецца.

У расейскай амбасадзе ў Менску, у прэсавай службе ўраду Расеі і ў кампаніі «Транснефть» камэнтаваць прапанову Мядзьведзева адмовіліся.

Самі ж перамовы пра пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь на гэты час замарожаныя. Паводле незалежных экспэртаў, беларускія перапрацоўчыя заводы загружаныя напалову. У канцэрне ж «Белнафтахім» заяўляюць, што галіна працуе ў стандартным рэжыме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG