Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астравец: актывіста судзяць за легкавік КДБ


Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

У Астравецкім судзе пачаўся разгляд пазову Беларускага бюро па транспартным страхаваньні да мясцовага апазыцыянэра Мікалая Ўласевіча. Актывіст лічыць, што справа мае палітычны падтэкст.

Бюро па транспартным страхаваньні праз суд хоча спагнаць зь Мікалая Ўласевіча 571 347 рублёў. Гэта кампэнсацыя за шкоду, нібыта нанесеную ў выніку дарожна-транспарнага здарэньня аўтамабілю «Ніва», які належыць упраўленьню КДБ па Астравецкім раёне. ДТЗ адбылося 11 верасьня 2009 году.

Мікалай Уласевіч сьцьвярджае, што ў ДТЗ ён не вінаваты, бо кіроўца машыны УКДБ па Астравецкім раёне сам парушыў правілы, выехаўшы са стаянкі на процілеглы бок вуліцы, пераехаўшы пры гэтым суцэльную паласу і не прапусьціўшы аўтамабіль Уласевіча, які ехаў па галоўнай дарозе.

Пры разборы сытуацыі з супрацоўнікамі ДАІ Уласевічу, зь яго слоў, таксама не ўдалося дамагчыся справядлівасьці, бо разбор адбываўся, на яго думку, неаб’ектыўна.

Уласевіч прызнае віну толькі ў тым, што на момант ДТЗ у яго была пратэрмінавана страхоўка грамадзянскай адказнасьці, за што ён ужо заплаціў штраф — 350 тысяч рублёў.

Перад судом Мікалай Уласевіч зьвяртаўся да начальніка Упраўленьня КДБ па Астравецкім раёне Шнурэя з тым, каб адрамантаваць машыну без пасярэднікаў за свой кошт. У гэтым яму было адмоўлена, а экспэрт ацаніў рамонт, якога патрабуе аўта, амаль у 600 тысяч рублёў.

Суму пазову Ўласевіч лічыць надуманай, бо пашкоджаньні аўта, зь яго слоў, нязначныя. Актывіст не выключае, што ДТЗ магло быць сплянаванае, каб запалохаць яго і паўплываць на ягоную актыўную палітычную пазыцыю.

Нагадаю, што разам зь іншымі актывістамі Мікалай Уласевіч актыўна выступае супраць будаўніцтва ў Астравецкім раёне атамнай станцыі. Ён ня раз публічна заяўляў пра сваю пазыцыю ў незалежных СМІ. У ягонай хаце па прадпісаньні КДБ міліцыя праводзіла ператрус, каб выявіць незарэгістраваныя ўлёткі і абсталяваньне для іх друку. Мікалай Уласевіч — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Наступнае паседжаньне суду прызначана на 29 студзеня а 10-й гадзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG