Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крука асудзілі за тое, што ён даў некалькі газэтаў суседу


У Астравецкім судзе яму прысудзілі 700 тысяч рублёў штрафу з фармулёўкай: за распаўсюджваньне друкаваных выданьняў без выходных дадзеных.


Сёньня чарговы раз Іван Крук уносіў хадайніцтвы. Першае — каб працэс спынілі з-за таго, што ў ягоных дзеяньнях няма хоць якіх-кольвек прыкметаў парушэньня закону.

Іван Крук пераконваў суд, што ўсяго толькі даў некалькі газэтаў пачытаць свайму суседу, а не займаўся распаўсюджваньнем друкаваных выданьняў без выходных дадзеных. Суд хадайніцтва адхіліў.
Па сутнасьці, уся справа развалілася на вачах


Пасьля гэтага астравецкі актывіст, зь яго слоў, хадайнічаў аб недаверы судзьдзі, але й гэтае хадайніцтва было адхілена. Сёньня ў судзе паўторна дапыталі ўчастковага міліцыянта, які ўчора блытаўся ў сваіх паказаньнях.

За працэсам у залі назіраў актывіст АГП Мікола Ўласевіч. Вось ягоныя ўражаньні ад працэсу:

“Па сутнасьці, уся справа развалілася на вачах. Іван Крук прызнаў, што даваў газэты суседу — але што з гэтага? У іх не было больш ніякіх фактаў. Дык яны дапыталі яшчэ раз міліцыянта, які ўчора ў судзе блытаўся, каб сёньня правільна запісаць ягоныя паказаньні”.

Іван Крук неаднаразова заяўляў, што ўлады парушаюць ягоныя канстытуцыйныя правы на свабоду атрыманьня і перадачы інфармацыі. Сёньня пасьля суду ён сказаў наступнае:

“Я кажу проста ў кабінэце судзьдзі: яны хочуць, каб да людзей не даходзіла ніякай інфармацыі. Міністэрства інфармацыі кінула мяне ў суд, а суд апынуўся паміж двух агнёў...”

Кіраўнік цэнтру прававой дапамогі СМІ пры БАЖ, Міхаіл Пастухоў, камэнтуючы сёньняшнюю падзею, заўважыў, што гэта ўжо ня першы падобны прысуд. Раней быў асуджаны Сяргей Панамарэнка за выпуск незарэгістраванага выданьня накладам 299 асобнікаў. Суд палічыў, што такое рашэньне адпавядае дзейнаму закону “Аб друку і СМІ”.
Гэтыя выпадкі сьведчаць пра тое, што ў краіне пачалася агульная кампанія перасьледу малатыражных газэтаў


Пастухоў: “Тым ня менш і ў новым дзейным законе дапускаецца магчымасьць выхаду ў сьвет газэтаў накладам да 300 асобнікаў безь дзяржаўнай рэгістрацыі і ўтварэньня юрыдычнай асобы. Гэтыя выпадкі сьведчаць пра тое, што ў краіне пачалася агульная кампанія перасьледу малатыражных газэтаў”.

26 красавіка Іван Крук сустрэў на вуліцы суседа-пэнсіянэра і даў яму газэты “Астравецкі весьнік”, “Мірны атам”, “Новы час”, “Глыток паветра”, Вілейшчына”, у якіх былі надрукаваныя артыкулы пра плянаваную будоўлю Астравецкай АЭС.

Міліцыянты потым канфіскавалі ўсе газэты, а ў Івана Крука ўчастковы ўзяў пісьмовае тлумачэньне і разам з газэтамі пераслаў у Міністэрства інфармацыі. Там на актывіста склалі адміністрацыйны пратакол за тое, што ён распаўсюджваў выданьні без выходных дадзеных, і накіравалі ў Астравецкі суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG