Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паляваньне на сьцяганосцаў у Віцебску працягваецца


18 студзеня Першамайскі раённы суд пачаў разгляд справаў грамадзкіх актывістаў Алеся Галаваня і Валера Раманенкі. Іх затрымалі 15 студзеня, абвінаваціўшы ў тым, што яны нібыта былі ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. У пастарунку пры асабістым даглядзе ў Валера Раманенкі забралі 4 бел-чырвона-белыя сьцягі.

Амаль трое сутак Валеры Раманенка і Алесь Галавань правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня — у раённы суд іх прывезьлі толькі каля 1-й дня.

Абодва актывісты заявілі, што ім патрэбны адвакат, і судзьдзя Валянціна Кісьмярошкіна мусіла перанесьці паседжаньне на 2-га лютага.

Валер Раманенка і Алесь Галавань называюць абвінавачаньне беспадстаўным. Абодва хлопцы адмаўляюць, што ўжывалі алькаголь у дзень затрыманьня.

Валеры Раманенка
Валер Раманенка кажа, што ён выходзіў з дому літаральна на паўгадзіны, каб паразмаўляць зь сябрамі. Калі вяртаўся, то яго затрымалі літаральна на ганку:

“Вяртаўся дахаты, у пакеце былі бел-чырвона-белыя сьцягі. А каля пад’езду ўжо чакаў чалавек у спэцназаўскай форме. Я пайшоў быў назад, азірнуўся, убачыў, што чакае “Газэль”. Да мяне падышлі, спыталіся: “Малады чалавек, вашы дакумэнты”. А потым сказалі, што я падобны да нейкага злачынцы, і пацягнулі ў машыну”.

У пастарунку на Валера Раманенку пачалі складаць пратакол за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Праз гадзіну, таксама ў Першамайскі РАУС, прывезьлі сябра стваранай партыі БХД Алеся Галаваня. Яго абвінавацілі ў тым самым і абодвух накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, ня ўзяўшы пад увагу нават тое, што Алесь Галавань толькі выпісаўся са шпіталя і пачуваўся блага.

Алесь Галавань
Затрыманьне Валера Раманенкі і сваё ўласнае спадар Галавань зьвязвае з крымінальнай справай супраць Сяргея Каваленкі, які 7-га студзеня вывесіў на галоўнай гарадзкой ёлцы ў Віцебску бел-чырвона-белы сьцяг:

“Гэта, у прынцыпе, адно са зьвёнаў таго ланцуга, які пачаўся з затрыманьня Сяргея Каваленкі. Быў яшчэ ператрус у журналіста Сяргея Серабро, затрыманьне зь невядомых прычын Тараса Сургана, які цяпер асуджаны на 7 сутак, і вось наша затрыманьне”.

Як стала вядома, арыштаваны Тарас Сурган, сябар і паплечнік Сяргея Каваленкі, з ізалятара часовага ўтрыманьня быў тэрмінова пераведзены ў інфэкцыйны шпіталь — дактары падазраюць у яго вострую вірусную інфэкцыю ці нават пнэўманію.

Калі суд вырашыць, што Валер Раманенка і Алесь Галавань былі парушальнікамі правапарадку, то ім таксама пагражае арышт на тэрмін да 15 сутак або грашовы штраф ад 2 да 15 базавых велічынь.

Актывісты кажуць, што будуць адмаўляць сваю вінаватасьць да апошняга: на іхную думку, міліцыянты затрымалі іх, бо імкнуліся прадухіліць нейкія вулічныя акцыі, прымеркаваныя да Дня салідарнасьці 16-га студзеня.

Алесь Галавань і Павал Севярынец, які прыйшоў у суд падтрымаць актывістаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG